TAIZÉ

Ганконг 2018

Разважанні брата Алоіса

 
У пачатку жніўня 2018 г. ў Ганконгу адбылася Міжнародная Сустрэча моладзі Тэзэ, на якой прысутнічалі таксама прадстаўнікі з Беларусі. Ніжэй мы прапануем разважанні Брата Алоіса са штодзённых малітваў, якія адбываліся штовечар.

Серада, вечар 8 жніўня

Для нас, братоў, вялікая радасць быць тут з вамі, у Ганконгу, падчас чарговага этапу Пілігрымкі Даверу на Зямлі ў Азіі. Некаторыя з вас адбылі вялікае падарожжа, каб прыехаць сюды з пяцідзесяці краін з Азіі ды іншых кантынентаў.

Мне б хацелася выказаць тую радасць наступным фрагментам з Бібліі: “Гэта дзень, які ўчыніў Пан, дзень радасці і дзень весялосці”. Так, сапраўды, мы чакалі на гэты дзень доўгі час.

У Тэзэ мы з’яўляемся невялікаю супольнасцю каля сотні братоў з розных Цэркваў, якія склалі жыццёвыя зарокі, каб разам наследваць Хрыста. Цягам некалькіх месяцаў міжнародная каманда братоў і валанцёраў рыхтавала гэтую Сустрэчу, і вось мы тут: дзякую і сардэчна ўсіх вітаю!

Нашая сустрэча - гэта пілігрымка даверу і прабачэння. У Азіі багатая традыцыя пілігрымавання. Але чым жа з’яўляецца пілігрымка? Гэта дзейнасць выхаду па-за межы таго, што мы ўжо ведаем, каб быць бліжэй Бога і каб аднавіць нашую еднасць з Ім. Гэта таксама чыннасць, каб быць бліжэй да іншых і каб стварыць з німі стасункі даверу.

Цягам некалькіх дэкадаў нашая абшчына Тэзэ навязвала путы сяброўства з азіяцкімі хрысціянамі ў шматлікіх розных краінах.

З Кітаем і Ганконгам нас злучаюць больш цесныя путы сяброўства. У 1977 г. Брат Ражэ, які быў ля вытокаў нашае абшчыны ў Тэзэ, правёў некалькі тыдняў у непасрэднае блізасці Ганконгу. З некалькімі братамі і маладзёнамі ён спыніўся ў паўразбуранане хаціне на палях сярод людзей, што ізалявана жылі на джонках на поўдзень ад Кітайскага мора.

Тое доўгае падарожжа вельмі глыбока кранула яго, таму ён хацеў, каб браты з абшчыны працягнулі той візіт, застаючыся ў Ганконгу цягам некалькіх гадоў. У выніку да супольнасці Тэзэ далучыўся кітайскі брат з Ганконгу, што ўсцешыла Брата Ражэ, і ён заахвочваў яго здзяйсняць візіты ў ягоную краіну як толькі тое будзе магчыма.

Магчымасці Царквы ў Кітаі таксама абмежаваны. Але ж якая тут дынаміка веры сярод гэтых хрысціянаў! Мы захопленыя іх настойлівасцю і іх вернасцю. У якасці знаку сяброўства і ўдзячнасці для кітайскіх хрысціянаў нашая абшчына ў 2009 г. надрукавала і распаўсюдзіла ва ўсіх частках краіны мільён Біблій.

Мы цешымся, запрашаючы маладых кітацйаў да Тэзэ на некалькі дзён ці даўжэйшы перыяд разам з іншымі маладзёнамі, што прыбываюць з розных кантынентаў. А кожны вечар пятніцы разам з шэрагам маладых людзей, што прымаюць удзел у нашае штодзённае малітве, мы молімся за хрысціянаў у Кітаі.


Сустрэча ў Ганконгу была падрыхтаваная ў цеснае супрацы разам з Цэрквамі і мясцовымі абшчынамі. Нам бы хацелася падзякаваць хрысціянскім лідарам, мясцовым уладам і валанцёрам за іх пасвячэнне.

Асаблівым чынам нас кранула гасціннасць, якую мы дасвядчылі ў гэтым горадзе. Гэтымі днямі сем’і ды старэйшыя асобы адчынілі свае дзверы сваіх дамоў, каб прыняць нас. Які ж гэта прыгожы знак даверу!

Як вы ведаеце, праграма нашае Сустрэчы будзе ўключаць розныя чыннасці абмену і дасвядчэнняў. Мы таксама будзьма ўдзельнічаць у жыцці мясцовых Цэркваў. Кожнага дня і ўвечары мы будзем сустракацца тут на час супольнае малітвы. Мне б хацелася сказаць крыху больш слоў з гэтае нагоды.

Словы Езуса дапамагаюць нам зразумець значэнне гэтае малітвы: “Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх”. Такім чынам, у часе кожнае супольнае малітвы, прысутны Хрыстус, які сабраў нас разам і з’яднаў па-над усімі межамі.

Так, як мы робім тое сёння ўвечары, мы збіраемся спяваць на розных мовах цягам гэтых дзён. Словы паходзяць з Бібліі альбо ад вернікаў, што жылі перад намі. Калі мы спяваем, я веру, што расчыняюцца ўнутраныя дзверы, узрастае асабістая еднасць з Богам, так як й еднасць паміж усімі намі.

У часе кожнае супольнае малітвы мы таксама будзем слухаць і разважаць некаторыя фрагменты Божага Слова. У цішыні мы будзем здольныя дазволіць тым словам глыбей пранікнуць у нашыя сэрцы. Нават, калі нас так багата, цішыня дазволіць нам быць сам насам з Богам.

Тады пачынаецца гутарка пра тое, каб звярнуцца да Яго, а не прасіць Яго аб нечым, хутчэй даць знак адкрытасці, распазнаць Ягоную прысутнасць, якая па-за намі, але разам з тым кранае нас. Ён адзіны, хто перад тым, як прамовіць да нас, безварункова запрашае нас, маючы бясконцую павагу да наше вольнасці. Ён адзіны, хто прыходзіць да нас у малітве.

Хаця ў нас можа скласціся ўражанне, што Бог не адказвае на нашыя просьбы, цягам доўгага маўчання, пад час якога нічога не адбываецца, мы адкрываем, што Ён дзейнічае ў нас. Праз Святога Духа Ён наведвае нас і асвячае нас.

Гэтымі днямі мы будзьма сустракацца на малітве, а таксама прыгатуем сябе да таго, каб быць носьбітамі супакою, даверу і прабачэння ў тых месцах, дзе мы жывем, куды Бог нас пасылае. Зычу ўсім вам добрае Сустрэчы ў Ганконгу.


Чацвер, вечар 9 жніўня

Ад учарашняга дня нашая Сустрэча ў Ганконгу адзначаная гасціннасцю так багатае колькасці людзей добрае волі. У горадзе, дзе тэмп жыцця настолькі хуткі, часам шалёны, дзе людзі настолькі занятыя, мы кранутыя тым, што тыя, хто госціць нас, знайшлі час, каб прыняць нас і дзяліцца сваім жыццём з намі цягам гэтых некалькіх дзён.

Для шматлікіх маладзёнаў у Азіі ды іншых месцах існуе грамадская ці сямейная прэсія, каб быць эфектыўным і паспяховым. Часам ужо з маленства дзеці ці падлеткі багата працуюць, будучы пад уплывам стрэсу з-за спаборніцтва з іншымі.

Нягледзячы на тое, што жыццёвыя рэчы могуць быць важнымі ў асабістае фармацыі, не варта таксама забывацца на тое, што істота рэчы не палягае на прагненні поспеху. Калі прэсія становіцца настолькі вялікаю, што ў жыцці ўжо бракуе пакою на вольны час ды іншую дзейнасць, на затрыманне і зварот да істотнага, на сузіранне, якую ж будучыню мы сабе рыхтуем?

Сёння сярод багатае колькасці маладзёнаў па свеце мы бачым расчараванне альбо збянтэжанасць. Сапраўды, пасля доўгіх гадоў навучання ў школе і атрымання вышэйшае адукацыі часцяком складана знайсці добрую працу, асабістая будучыня застаецца няпэўнаю.

Прымаючы да ўвагі вялікія праблемы сучаснасці, таксама можа паўстаць расчараванне. Сусветныя навіны часцяком цяжкія: ў большасці месцаў на першым месцы знаходзіцца вайна альбо лютасць.

Учора ўвечары падчас малітвы мы пачулі пэўныя моцныя словы з прарока Ераміі, які за некалькі стагоддзяў да Хрыста сказаў: “Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею” (Ераміі 29:11)

Гэта прыгадвае мне ўражваючую сустрэчу, якую некалькі гадоў таму я меў у часе свайго трохтыднёвага побыту ў Кітаі. Адным з найбольш уражваючых сведчанняў, якое мы там пачулі, было дадзенае 80-гадовым пратэстанцкім пастарам. Цягам доўгага часу - 27 гадоў - ён дасведчыў пакуты і выгнанне.
Калі я запытаўся яго, якою ён бачыць будучыню, ён сказаў: “Я не ведаю будучыні, але я ведаю Бога. Ён будзе весці нас крок па кроку”.

Нават у цяжкія моманты, з якімі мы сутыкаемся ў свеце, з-за кволасці нашага жыцця, ці мы можам быць уважлівымі адносна знакаў надзеі вакол нас? Мне б хацелася сцісла апісаць некалькі з іх.

У Азіі ды шматлікіх краінах па свеце, мне здаецца, што сябе праяўляе прагненне ўнутранага жыцця, а цікавасць да духоўнага жыцця адраджаецца. Гэта знак надзеі, які прымушае паглыбіць наш уласны давер да Бога, такім чынам, каб мы маглі данесці яго ўсім вакол нас.

Таксама ў розных цывілізацыях Азіі я бачу амаль што натуральнае пачуццё пакланення. У незалежнасці ад іх рэлігіі ў малітве людзі знянацку праяўляюць павагу да будучыні. Пачуццё скіраванасці ўнутр, бадай, тут больш прымальнае, чым дзе-кольвек яшчэ - павага да цуду жыцця, да стварэння, уважлівасць да таямніцы.

Іншы знак надзеі, каторы я хацеў бы вылучыць, - гэта пачуццё абавязку адносна іншых, якое мы бачым у працы шэрагу маладых людзей. З вялікае шчырасцю яны прысвячаюць свой час для іншых - для найбяднейшых, для бездомных, бежанцаў і ўцекачоў, у Японіі для ахвяр цунамі...

Кожнае лета ў Тэзэ маладзёны з кожнага кантыненту перабываюць цягам двух альбо трох месяцаў валантарыяту. Некаторыя з іх перабываюць з намі ўвесь год. Праз сустрэчу з імі, праз дзяленне з імі я бачу, як шмат хто з іх аб’яднаныя малітваю і салідарнасцю.

Нарэшце, сярод маладога пакалення, паўсюль на свеце таксама звяртаецца ўвага да навакольнага асяроддзя, клопату аб стварэнні ды ўстойлівага развіцця. Гэта таксама цудоўныя навіны для будучыні нашае цудоўнае планеты, на каторай мы жывем.

Заўтра ранкам вы зберацеся разам у тых самых групах дзялення, як й сёння. Адным з пытанняў, над якім вы будзеце разважаць, што дапаможа вам глыбей навязаць рэляцыі паміж малітваю і салідарнасцю: “Ідучы па слядах Езуса, якія раны сённяшнага свету могуць быць загоеныя пры дапамозе спагады?”

Пачынаючы ад радка пра пакліканне Езусам Мацвея, будзе таксама й такое пытанне, якое даволі асабістае: “Якім чынам я магу запрасіць давер Езуса пасяліцца ўва мне?” Гэта будзе добрая магчымасць, каб падзяліцца з іншымі наконт гэтага пытання абавязацельства.

Няхай гэтыя дні ў Ганконгу зробяць нас вельмі ўважлівымі да пакутаў усіх тых вакол нас ды значных зменаў сучаснага свету, большасць тых падзей таксама вядзе нас да надзеі, што Бог крочыць з намі ды адкрывае для нас шлях і будучыню.


Пятніца, вечар 10 жніўня

Учора ўвечары я апісаў шэраг змен, перад абліччам якіх сёння мы знаходзімся, а таксама багата прычын для надзеі. Зараз мне б хацелася сказаць некалькі слоў наконт спецыфічнае ролі хрысціянаў, якую яны могуць адыгрываць адносна гэтых знакаў часу.

Першым унёскам хрысціянаў можа быць узрастаючая ўвага да свету вакол нас. У Евангеллі мы можам прачытаць, як Езус увесь час узаемадзейнічаў, быў у дыялогу. Нібы Сваіх вучняў Ён запрашае таксама нас звярнуць большую ўвагу да тых, хто вакол нас, асабліва да тых, хто пакутуе.

Ці галеча мае матэрыяльны, духоўны ці псіхалагічны кшталт, салідарнасць заўсёды мае азначаць, перадусім і галоўным чынам, павагу да чалавечае годнасці іншых. Гэта вядзе да абмену, які мае быць узаемным: адкрыццё таго, што, дапамагаючы іншым, часцяком мы становімся тымі, хто нешта атрымлівае.

Гэтая ўзаемнасць з’яўляецца для мяне цэнтрам у жыцці салідарнасцю, і ўсё Евангелле сведчыць на пра гэта. Мы патрэбныя адно аднаму, тым, хто чуецца дужым, але й тым, хто чуецца слабым, каб быць больш чалавечным. У гэтае ўзаемнасці могуць быць адноўленыя ўнутраны супакой і жыццёвая радасць.

Калі я кажу тое, я думаю, напрыклад, пра маіх братоў, што жывуць у Бангладэшы. Каля сарака гадоў яны дзеляцца сваім жыццём з найбяднейшымі і найбольш адрынутымі. Яны таксама арганізоўваюць пілігрымкі для маладзёнаў з абмежаванымі магчымасцямі, што збіраюць разам вернікаў з розных рэлігій.

Адзін з маіх братоў, што жыве ў Бангладэшы, аднойчы напісаў да мяне: “Мы адкрылі, што адрынутыя грамадствам з-за іх слабасці ўвасабляюць Божую прысутнасць. (...) Калі мы прымаем іх, пакрысе яны вядуць нас па-за свет спаборніцтваў ў кірунку свету еднасці сэрцаў”.


Іншым унёскам хрысціянаў можа быць павялічэнне свядомасці, што ўсе мы належым да той самай чалавечай сям’і. Канфлікты - асабістыя ці паміж народамі, паміж вернікамі розных рэлігій, а нават паміж хрысціянамі - могуць наносіць раны, што не загояцца доўгі час. Праўдай ёсць тое, што мы баімся іншых, чужынцаў, і ўсе мы тое дасвядчаем. Тым не меней, мы не знойдзем рашэння на гэты страх, ізалюючы сябе мурамі, але толькі праз пошук сустрэчы з тым, што пакуль невядома.

У Сваім жыцці Езус не баяўся ўвайсці ў дыялог з людзьмі, што былі вельмі адрозныя ад Яго. Якім чынам мы можам прыняць такую паставу шчырае адкрытасці, якую мы бачым у жыццядзейнасці Езуса? Перадусім, я веру, што тое можа адбыцца праз росквіт унутранага жыцця, праз тое, што мы прымаем іншых без боязі ў іх разнастайнасці, іх іншасці, у добразычлівым даверы.

Дзеля таго, каб братэрства і сяброўства ўзрасталі, трэба паважаць іншых у іх разнастайнасці. Гэта таксама спраўджваецца пры міжрэлігійным дыялогу. Тое таксама ўключае ў сябе, без сумневу, частку болю, бо скарбы маёй веры не могуць быць цалкам прынятыя і падзеленыя з іншымі. Тое, што становіць крыніцу сапраўднае радасці для мяне, для ніх можа быць нават неасягальным. Але нават з такімі таямнічымі абмежаваннямі мы пакліканыя заўсёды любіць і шанаваць іншых такімі, якімі яны ёсць.

Некалькі тыдняў таму ў Тэзэ мы гасцілі групу будыйскіх манахаў і манашак з Карэі. Іх рэлігійная традыцыя выкшталтавала мудрасць, вартую захаплення. Практыкаванне спагады, прыняццё жыцця і непрыманне зла: ўсе гэтыя цноты мы таксама падзяляем разам з німі.

Гэта быў вельмі добры візіт, які дазволіў нам яшчэ раз атрымаць тое дасвядчэнне: пакуль мы будзем вельмі разнастайнымі, мы маем так багата, што мы можам атрымаць ад іншых. Калі нехта моцна ўкараніўся ў сваёй веры, баяцца міжрэлігійнага дыялогу няма падстаў.


Сёння ўвечары, як й мінулым вечарам, малітва будзе працягвацца вакол крыжа. Гэта малітва, якая штопятніцы адбываецца ў нас, у Тэзэ. Мы кладзем крыж на зямлі і кожны можа падыйсці ды пакласці сваё чола на дрэва крыжа.

Сённяшняя пятнічная малітва дазволіць нам у нашае малітве ўзгадаць усіх тых, хто праходзіць праз цяжкасці ў сваім жыцці: хто церпіць душою і целам, хто быў вымушаны пакінуць свае краіны, хто стаў ахвяраў несправядлівасці рознага кшталту, хто дасвядчае самотнасці.

Гэтае малітваю мы выказваем, што давяраем Хрысту ўсё тое, што занадта цяжка для нас. Важна ведаць, што мы можам даверыць гэты цяжар Хрысту, што Ён будзе несці яго разам з намі. Ён кажа да нас у Евангеллі: “Прыйдзіце да Мяне ўсе стомленыя, і Я суцешу вас”.

Сваім жыццём, смерцю і ўваскрасеннем Хрыстус адкрыў перад усімі і кожным дарогу жыцця. Сёння ўвечары мы можам асаблівым чынам маліцца за нашыя сем’і і тых, каго мы любім, за тых, хто дасвядчае цяжкасцяў. Мы таксама молімся за нашыя краіны. Няхай Дух Святы-суцяшальнік будзе прысутнасцю надзеі.


Субота, вечар 11 жніўня

Гэтым вечарам нашая Пілігрымка Даверу на Зямлі ў Ганконгу набліжаецца да канца. Яшчэ раз я хачу выказаць нашую ўдзячнасць людзям, якія прынялі нас тут, царкоўным лідарам ды мясцовым уладам, валанцёрам, якія прыгатавалі гэтую Сустрэчу. Усім вам - вялікі дзякуй!

На гэтым шырокім кантыненце, у большасці краін хрысціяне з’яўляюцца меншасцю пасярод іншых рэлігійных традыцый. Словы Хрыста да Ягоных вучняў “Вы — соль зямлі” набіраюць тут поўнага сэнсу.

Азіяцкі кантынент багаты ў сваёй разнастайнасці, сваімі шматтысячагадовымі рэлігійнымі традыцыямі, а таксама багаццем іх культур. Нам, хрысціянам, добра нагадваць сабе, што Евангелле тут не ставіць мэтаю касаванне гэтае спадчыны, але толькі яе спаўненне. Як тое магчыма?

Евангелле для нас - крыніца свабоды. Яно дазваляе нам пераадольваць бар’еры; яно заахвочвае нас ісці наперад. У гэтым сэнсе маладыя азіяцкія хрысціяне здзяйсняюць вялічэзны ўнёсак, каб зрабіць Царкву паўсюднаю.

Для ўсіх вас, хто спрабуе жыць вашаю вераю тут альбо дзе-кольвек у Азіі, я хацеў бы падкрэсліць некаторыя з вялікіх дароў, якія вы можаце перадаць: свежасць веры, вартасць дыялогу паміж рознымі культурамі ды рэлігіямі, сціпласць прысутнасці Царквы ў служэнні найбяднейшым.

У шэрагу месцаў на свеце мы бачым, як шмат людзей вельмі канкрэтна працуе дзеля супакою і прабачэння. Ці ўсе хрысціяне могуць задацца пытаннем: якім чынам мы можам стаць носьбітамі супакою, побач альбо далёка, у салідарнасці з нашымі адказнымі краінамі?

У Тэзэ з вялікаю ўвагаю мы сочым за апошнімі навінамі, што прыходзяць з Паўночнае Карэі. Некаторыя з нашых братоў ужо каля сарака гадоў жывуць паблізу, у Сеуле. З нашым братам Хан Ёлам, які паходзіць з Карэі, яны разумеюць аспірацыі карэйскага народа да супакою і паяднання. Няхай жа працэс збліжэння паміж лідарамі Поўдня і Поўначы будзе працягвацца й ў наступныя месяцы!

Па вяртанні да нашых месцаў, дзе мы жывем звычайным жыццём, мы ўсе можам забраць з сабою іншыя малітоўныя інтэнцыі. Штопятніцы ў Тэзэ мы молімся за кітайцаў і за хрысціянаў у гэтай вялікай краіне — мы будзьма працягваць рабіць тое й у надыходзячых месяцах.

Будзьма ж захоўваць вельмі канкрэтныя інтэнцыі ў нашых малітвах! Тое дапаможа нам паглыбіць нашыя стасункі з Богам у нашым штодзённым жыцці.


Напрыканцы гэтых дзён у Ганконгу кожны з нас можа асабіста паставіць сабе пытанне: вяртаючыся дадому, дзе Бог будзе чакаць на мяне? Вера - гэта дар, што ўвесь час становіцца глыбей, праз асабістую малітву, чытанне Бібліі і дзяленне, праз інтэнсіўныя моманты пілігрымкі альбо перыяд рэкалекцый.

Несумнеўна, гэта найлепшы спосаб, каб яшчэ ў большае ступені закараніць нашае жыццё ў радасці Ўваскрослага Хрыста, каб сведчыць аб тым са смеласцю і пакораю ўсім навокал нас, быць заангажаваным у Царкве і служыць іншым.

Дзеля таго, каб адкрыць тыя шляхі супакою і даверу, хрысціяне маюць спецыяльны дар. Еднасць Царквы, глыбокая любоў, якая можа аб’яднаць тых, хто крочыць за Хрыстом, гэта ўнікальная закваска супакою ў чалавечае сям’і.

Гэта й еднасць паміж намі, хрысціянамі розных дэнамінацый, якая дае давер да Евангелля. У свеце, дзе здаецца, што лютасць часам пераважае, нашаю еднасцю мы можам прапанаваць знак, які будзе ззяць нават у самых складаных сітуацыях.

Прыканцы нашае Сустрэчы мне б хацелася падкрэсліць значэнне еднасці сярод хрысціянаў, у нашых розных Цэрквах і пасярод нашых Цэркваў. Цягам гэтых дзён мы мелі выдатны вопыт адзінства. Але гэтае адзінства ніколі не можа быць прынята як нешта само сабою зразумелае. Мы заўсёды мусім зноў распачынаць жыць ва ўзаемным прабачэнні.

Калі мы ўсі звернемся да Хрыста, калі мы будзем “пад адным дахам” так часта, як толькі тое магчыма, Ён ужо яднае нас. З пакораю, у малітве, мы заўсёды вучымся, што належым адзін да аднаго.

Нават больш, чым перад тым, сёння мы маем магчымасць жыць у еднасці па-над граніцамі народаў, культур ды пакаленняў. І праз тую еднасць мы адкрываем, што мы ўжо больш не асамотненыя.

Гэтым вечарам мне б хацелася выказаць вам гэтую вестку надзеі: з вашае вераю і вашымі сумневамі, вашым натхненнем і вашымі пытаннямі, вы не асамотненыя. Па ўсім свеце моладзь падзяляе гэтае падарожжа веры. Разам мы аб’яднаныя ў гэтае вялікае абшчыне Царквы.

Такім чынам, уключаныя ў вялікую чалавечую сям’ю, мы можам дапамагчы прыгатаваць будучыню супакою на зямлі. Бог дае нам Свой подых, Свайго Духа, таму мы можам быць сведкамі супакою праз жыццё, якім мы жывем.

Апошняе абнаўленне: 6 October 2018