TAIZÉ

Барселона, 12 снежня 2021 г.

Разважанне брата Алоіса ў Саграда Фамілія

 

Базыліка Саграда Фамілія, Барселона
Нядзеля, 12 снежня 2021 г.
Малітва са спевамі з Тэзэ з нагоды ўрачыстага адкрыцця вежы Маці Божай (гішп. la Torre de la Mare de Déu)

JPEG - 613.8 kb

Заўсёды радасна вяртацца ў Барселону, з якою нас яднаюць доўгія сяброўскія сувязі... Калі некаторыя маладзёны прыязджаюць у Тэзэ, яны кажуць: «Я адчуваю сябе тут як дома». Сёння я таксама хачу сказаць, што мы з братамі адчуваем тут сябе як дома. Ваш арцыбіскуп Хуан Хасэ Амелья стала запрашае нас, каб вяртацца сюды. Я хачу падзякаваць яму і Радзе папячыцеляў Святой Сям’і за гэтае запрашэнне быць і маліцца разам з вамі.

У маёй памяці цёплы прыём, які аказала нам Барселона падчас трох Еўрапейскіх моладзевых Сустрэч, што мы правялі ў вашым горадзе. Таму й сённяшнюю нашую сустрэчу я разглядаю як прывілеяваны момант у гэтае доўгае Пілігрымцы Даверу. Асабліва цяпер, калі еўрапейскую навагоднюю сустрэчу мы адбудзем у сеціве і да ліпеня не зможам сустрэцца разам у Турыне.

Сёння ў другой палове дня нашая малітва мае вельмі святочныя рысы. Мы перабываем у перыядзе Адвэнту. Чынім тое, складаючы падзяку Богу за жыццё Маці Езуса. Яна чакала прыходу таго, хто дасць новую надзею яе народу. Сёння мы прыгадваем ўрачыстае адкрыццё «Вежы Маці Божай» у гэтае базыліцы. Да надзвычайнай хвалы, якую сімвалізуе гэтае месца, мы дадаем свае спевы і падзяку.

Толькі што мы пачулі гісторыю вечарыны, вяселля! Святкаванне шлюбу з’яўляецца нечым натуральным для чалавека. Гэта свята надзеі. Евангеліст Ян распавядае нам тое, пра што любіў казаць брат Ражэ, заснавальнік нашае Супольнасці: «Бог хоча, каб мы былі шчаслівымі». Шляхетным жэстам, ператвараючы ваду ў віно, Езус пачынае прапаведваць сваю добрую навіну аб блізкасці Бога.

Неверагодна, што маці Езуса звяртала ўвагу на ўсё тое, што адбывалася на той вечарыне, на ўсе людзскія справы, жадаючы, каб шчасце працягвалася. Яна ўмела назіраць! Яна ведае нашую чалавечнасць, умее будаваць знакі братэрства.

Яе спантанныя і простыя словы даюць нам усвядоміць яе давер да Езуса. “Не маюць віна”, “тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. Яна ведае, каму давярае, і вядзе нас да яго.

Як жанчына, як маці, яна ўмее прысутнічаць, нічога не спадзяючыся ўзамен. Заўсёды ўважлівая да вялікіх і малых патрэбаў жыцця, салідарная, пазбаўленая страху блізкіх пакут. Яна робіць Езуса прысутным у гісторыі чалавецтва. Яна першая ў еднасці святых постаць Касцёла.

Магчыма, гэта тое, пра што нам кажа зорка, размешчаная на вяршыні Torre de la Mare de Déu. Зорка якая ўвасабляе прысутнасць космасу. У хрысціянскім пакліканні менавіта яна паказвае нам шлях да Езуса.

Увайсці ў Саграда Фамілія — значыць дазволіць святлу ўварвацца ў нашае нутро. Антоніа Гаўдзі быў архітэктарам святла. Ён казаў: «Слава — гэта святло, святло дае радасць, а радасць — гэта радасць духу». Ён прыйшоў да высновы, што святло вяртаецца да прыроды і адчувае нешта ад абсалюту Бога, якое яму так хацелася перадаць. Ён быў перакананы, што нават камяні могуць быць пахвальнаю песняю. Пра тое сведчыць і нагадвае ўсім нам — вернікам альбо атэістам, а таксама вызнаўцам іншых рэлігій — гэтая зорка, асветленая днём і ноччу.

Каталонцы сказалі б, што вам падабаецца глядзець на неба, глядзець на зоркі, якія бачныя з гор і з мора. У вас ёсць тая, што «асвятляе каталонскую тэрыторыю» і з’яўляецца «арыентальнаю зоркаю», як пра тое спяваецца ў Віралаю [1]. Зоркі спрычыньваюцца, што мы глядзім уверх, як і камяні Гаўдзі. Гледзячы ўверх, каб пакінуць нутро і глядзець яшчэ далей. Зоркі вяртаюць нам дух дзяцінства і, такім чынам, жывуць тут, нібы браты і сёстры, у зносінах з усімі ды ўсім.

У пачатку Бібліі, у гімне стварэння, на скляпенні Сусвету з’яўляюцца зоркі і целы нябесныя, і “бачыў Бог, што ўсё, што ўчыніў, было вельмі добрым”. Гэта быў падарунак для першай чалавечай пары. Гэтая базыліка — разважанне над стварэннем, яна гаворыць нам формамі, камянямі, рознымі матэрыяламі ды колерамі, што “ўсё вельмі добрае”, што ўсё аб’яднана. Нават крывыя калоны Гаўдзі ўзнімаюць нас.

У гэтым месцы мы адчуваем запрашэнне зрабіць усё сваё жыццё добрым. Сёння ўвечары мы шмат спяваем, таксама як мы любім рабіць гэта ў Тэзэ, тым самым мы запрошаныя прыняць выклік, каб усё сталася пахвальнаю песняю, аб’ядноўваючы чалавечае і зямное, бачнае і нябачнае.


Здымак: Ramon Ripoll - Арцыбіскупства Барселоны

Апошняе абнаўленне: 3 January 2022

Footnotes

[1Virolai — гэта каталонская паэтычная кампазіцыя, якую трэба спяваць, звычайна складаецца з некалькіх строф з рэфрэнам. Гэта гімн, прысвечаны Багародзіцы з мясцовасці Montserrat, які з часам стаў духоўным і патрыятычным сімвалам каталонцаў.