TAIZÉ

Малітоўныя разважанні

 

Сябры, апоўдні 29-31 снежня ў часе Еўрапейскае сустрэчы ў Валенсіі адзін з братоў Супольнасці Тэзэ дзяліўся з намі разважаннямі на тэмы веры і жыцця Евангеллем. Тэксты гэтых медытацый па-беларуску мы публікуем ніжэй.

Асаблівым чынам заахвочваем прачытаць гэтыя тэксты тых з вас, якія не прысутнічалі на малітвах а 14 гадзіне, але таксама й тых, хто сумленна ўдзельнічаў у праграме спаткання.

Santa Catalina, 29.12.2015 г.

Малітва апоўдні, Валенсія, аўторак 29 снежня 2015 г.

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны (Лукі 6, 31-36)

У Евангеллі ад Лукі, калі Езус паклікаў сваіх першых вучняў, ён прамовіў да іх кажучы, што адгэтуль будзе вызначаць іх жыццё. Яго словы былі насамрэч патрабавальныя. Калі мы хочам быць Ягонымі вучнямі, ён не толькі просіць нас, каб мы не павярталіся да таго зла, якое нехта зрабіў нам, але Ён просіць нас чыніць іншым дабро, якое й мы хацелі б, каб чынілі ў дачыненні да нас іншыя.

Нават у тым выпадку, калі нямашака аніякае надзеі на тое, што іншыя ў дачыненні да нас будуць рабіць тое ж самае. Толькі што з тэксту мы пачулі пра тое, як Езус заахвочвае вучняў рабіць дабро ды пазычаць, нават калі яны нічога не спадзяюцца за тое атрымаць узамен.

Гэта супярэчыць камерцыйнае логіцы, што імкнецца ўвайсці ў шэраг нашых адносінаў. Нашае захаванне ў грамадстве часцяком змушае нас дзейнічаць альбо з абавязку, альбо з нейкае выгадаю для нас. Мы робім нешта для іншых, бо яны штосьці зрабілі для нас у мінулым, альбо таму, што зробяць штосьці для нас у будучыні. Езус заклікае нас чыніць дабро для іншых, нягледзячы на мінулую ці будучыю ўзаемнасць.

Калі ж потым Езус кажа пра ўзнагароду, на першы погляд выглядае на тое, што тым самым усталёўвае новы тып кампрамісу. Мы чынім добрае для іншых, бо спадзяемся атрымаць штосьці ад Бога. Але мы павінны слухаць, што Езус кажа адразу пасля гэтага: “І будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых”.

Евангелле паводле Мацвея у падобным кантэксце ўзгадвае пра тое, што Бог загадвае сонцу ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі. Гэты вобраз дазваляе нам адчуць, што Бог не лічыць таго дабра, якое чыніць. Яго ўдосталь для кожнага. У ім існуе мера, ці, хутчэй, лішак, што выходзіць далёка па-за межы любой камерцыйнай логікі.

Мы, людзі, дзейнічаем у адпаведнасці са стаўленнем іншых асобаў. Дзеянні тых асобаў, мінулыя ці будучыя, матывуюць нас. Адзіным жа матывам для Бога з’яўляецца Ягоная натура, Ягоная любоў і міласэрнасць. Ягоны матыў не вызначаецца нашым стаўленнем да яго, але толькі Ягонаю вернасцю самому сабе.

У нашых адносінах адно з адным з матываванае дзейнасці вынікае ўзнагарода. У нашых жа адносінах з Богам Ягонае пасвячэнне папярэднічае нашаму дзеянню. Гэта адначасова ёсць дарам, узнагародаю і запатрабаваннем. Усё гэта заклікае нас адкінуць любую камерцыйную логіку, дзеля таго, каб мы маглі ўвайсці ў Божае дзеянне: “Будзь спагадлівы, як і Айцец твой ёсць спагадлівы”.

Як мы можам зрабіць гэта? Езус паказвае нам шлях. Анёл, які звеставаў Марыі Ягонае нараджэнне, сказаў пра Яго: “Ён будзе названы Сынам Найвышэйшага”. Тады Ён сам кажа нам: “’Хто мяне ўбачыў, Айца бачыў”. Ён быў гатовы прыняць жыццё ад Бога ў любы момант, і Ён пражыў яго для іншых аж да самага канца. Гледзячы на Ягонае жыццё, мы бачым міласэрнасць Айца. Наслядуючы Ягонае стаўленне, мы можам быць сынамі і дачкамі Айца, і такім чынам таксама быць сведкамі Ягонае міласэрнасці.


Намёт А, 30.12.2015 г.

Малітва апоўдні, Валенсія, серада 30 снежня 2015 г.

Па гэтым пазналі мы любоў (1 Яна 3,16-18)

Толькі што мы прачыталі ўрывак з першага паслання Святога Яна, дзе выражаны адзін з самых вітальных элементаў у Евангеллі. Тое напісана пра любоў, любоў Бога і іншых. Чым увогуле з’яўляецца любоў? Як мы можам пазнаць яе? Што значыць для нас магчымасць любіць?

Адказ, які прапаноўвае Святы Ян, змешчаны тут: мы можам спазнаць любоў, бо Хрыстус аддаў сваё жыццё за нас. Сам Езус сказаў нешта падобнае: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15,13). Прычынаю, па якой Хрыстус аддаў сваё жыццё паміраючы на крыжы, было паказаць такую любоў, якую Бог мае для кожнага з нас.

Перадусім, Бог любіць нас. Мы не павінны ствараць альбо генераваць любоў самастойна. Божая любоў дадзеная нам, і ніколі не будзе адабраная. Але разам
з любоўю Бога да нас прыходзіць заклік: мы таксама павінны любіць нашых сясцёр і братоў такім жа чынам. Але што гэта значыць? Маўляў, мы адчуваем нават больш, чым проста пачуццё любові тады, калі маем цёплыя пачуцці ў адносінах да некага, альбо маем да некага сімпатыю, ці нават яшчэ больш глыбокія пачуцці. Словы Святога Яна даволі моцныя: “мы павінны аддаць жыццё сваё” за нашых братоў і сясцёр. Любоў азначае пайсці далей, чым штокольвек іншае: яна не мае межаў.

Мы можам пачуваць сябе разгубленымі перад такім заклікам, але гэта адпавядае нечаму больш глыбокаму ў чалавечым сэрцы. Любоў, якая нічога не затрымлівае для сябе самой, якая ніколі не паверне назад, якая пойдзе нават на смерць, каб прынесці карысць таму, хто любіць – цудоўна было б памятаць, што гэта і ёсць праўдзівае сапраўднае пакліканне любові, і тое існуе, і тое можна наследваць, асабліва ў час, калі часцяком навіны здамінаваныя аповедам пра нянавісць і разбурэнні.

Але большасць нашага часу мы праводзім звычайна, будзённа. А Святы Ян кажа тут штосьці простае, але адначасова вельмі важнае. Пра тое, што мы пакліканыя да таго, каб не зачыняць нашыя сэрцы. “Не зачыняць”. Гэта азначае, што, калі пэўныя рэчы з’яўляюцца такімі, якімі й павінны быць, калі нашыя сэрцы насамрэч адкрытыя, абсалютна натуральна быць адкрытымі на іншых. Мы не павінны рабіць нешта спецыяльнае ці надзвычайнае, каб любіць. Калі мы бачым некага ў роспачы, нашая гуманнасць чыніць з нас ахвотных да дапамогі.

Аднак часцяком мы баімся быць узрушанымі, ці баімся згубіць камфорт, альбо час, альбо бяспеку, ці нешта з нашае тоеснасці, мы можам адцягваць нашую ўвагу на недарэчныя жаданні, альбо можам быць спаралізааныя кепскім дасвядчэннем з мінулага, і такім чынам, замест таго, каб адкрыцца на іншых, мы робім наадварот. Хрыстус заклікае нас не быць ва ўладзе гэткіх рэакцый страху. Ён запрашае нас трымаць дзверы адчыненымі, проста быць уважлівымі, асабліва да тых, хто пакутуе, каб мы дапамаглі ім, калі мы ў стане гэта зрабіць.

Як напісана ў трэцяе Прапанове Брата Алоіса, мы можам наблізіцца да сітуацыі бядоты, няхай тое будзе буйнамаштабная сур’ёзная сітуацыя ці штосьці блізкае, пад рукою, што лёгка можна было б нават не заўважыць. Бо, калі мы занадта прыслухоўваемся да нашых страхаў і зачыняем дзверы, мы можам усвядоміць, што ў той жа жа самы час мы трымаем дзверы зачыненымі на рэальную любоў Бога да нас.

Усё гэта не азначае, што існуюць нейкія перадумовы для Божае любові. Ягоная любоў заўсёды існуе для нас, і мы не павінны анічога рабіць, каб заслужыць на яе. Але, каб дазволіць Божае любові сапраўды дакрануцца да нас, не толькі ў нашых уяўленнях, мы мусім дазволіць ёй выплываць звонку і цекчы ўнутр: мы павінны дазволіць Богу любіць нас, і дазволіць нашаму сэрцу ці сэрцам адказваць на запатрабаванні іншых. Такі рух можа адбывацца ўжо праз простыя жэсты – распрасцёртыя на хвіліну малітвы рукі, імгненне кантакту, запрапанаванае камусьці самотнаму, – але гэта ўжо з’яўляецца пачаткам шляху, які вядзе да паўнаты жыцця.


Катэдра, 31.12.2015 г.

Малітва апоўдні, Валенсія, чацвер 31 снежня 2015 г.

Міласэрнасць да ўсяго тварэння (Кніга Зыходу 23, 9-12)

Цягам усіх гэтых апошніх дзён мы спрабуем лепш зразумець, чым насамрэч з’яўляецца міласэрнасць, якія яна мае каштоўнасці. Давайе зараз звернемся да пятае, адначасова апошняе, Прапановы, “міласэрнасць да ўсяго тварэння”. Яна запрашае нас зірнуць на наш агульны дом, зямлю, праз святло вялікае любові, якую Бог мае для нас.

Чытанне Кнігі Зыходу, фрагменты якой мы толькі што пачулі, прапануе цудоўны прыклад Божае міласэрнасці да ўсяго тварэння. Ад пачатку моцна падкрэслена, каб не выкарыстоўваць чужынцаў, што жывуць пасярод іх. Памятайце, гэта кажуць вашыя продкі, што калісьці былі чужынцамі ў Егіпце.

І потым працяг. Кожныя сем гадоў зямля павінна мець магчымасць адпачыць. Усё тое, што вырасце на зямлі ў той час, належыць бедным, а пасля таго, як з’ядуць яны, – дзікім жывёлам. Адпаведна кожны сёмы дзень тыдня людзі адпачываюць і дазваляюць на тое, каб адпачылі іх свойскія жывёлы.

Жыццё ў старажытным Ізраэлі магло быць нестабільным. Багатая частка насельніцтва не заўсёды была ўрэўненая ў тым, ці будзе мець дастаткова ежы. Нават у часы больш заможныя вялікая колькасць людзей павінна была цяжка працаваць, каб пражыць і падтрымаць іншых. Жыццё было складаным. Памятайце пра парады з тэксту, каб знайсці час на тое, каб спыніцца і падышаць, каб не станавіцца жорсткімі.

Па сваёй шырыні і чуласці гэты тэкст з’яўляецца цудам. Ён ахоплівае розныя рэаліі, што з’яўляюцца часткаю паўсядзённага жыцця, але якія так лёгка можна не заўважыць і занядбаць: чужынец, зямля, галеча, усё жывое. Усе яны павінны мець узнагароду, кожны сваю, што павінна вынікаць з вашае прысутнасці. Вучыцеся дзяліцца з іншымі.

Мець міласэрнасць да ўсяго тварэння – можа тое гучаць нібы штосьці расплывістае ці нават як нейкае неакрэсленае жаданне. Але, як мы гэта бачым тут, такая міласэрнасць кантрастуе са здаровым глуздам і канкрэтыкаю. Яна прымушае нас асцярожна глядзець на нашае навакольнае асяроддзе і рэалізаваць тое, якім чынам злучыць нашыя жыцці ў адным стварэнні. Ці ж мы ўсе не з’яўляемся часткаю шырокае палітры, адзінства, якое большае ад усіх нас?

Такі падыход да рэчаіснасці змяняе ўсё. Наш свет прымае іншае аблічча, выглядаючы усё меней і меней як пералік праблем да вырашэння, і ўсё больш і больш як бясконца прыгожы і цудоўны твор мастацтва. Мы імкнемся да павагі ўсяго таго, што поруч з намі, шукаючы дабрабыту, каб і іншыя станавіліся нашай радасцю. Прымаючы зямлю за наш агульны дом, мы не жывем у казачным свеце, гэта робіць нас напоўненымі жыццём.

Здымкі: Ірына Губская, Сяргей Аношка © 2015.

Апошняе абнаўленне: 23 January 2016