Падобна як моладзь розных дэнамінацый з Лівана, амаль тры сотні ўдзельнікаў прыбылі з паблізкіх дзяржаў (Іарданія, Палестынская аўтаномія, Ірак, Сірыя, Егіпет і дзве асобы з Ірану), а таксама чатырыста з Еўразвязу (былі прадстаўнікі 22 краін: Аўстрыі, Бельгіі, Вугоршчыны, Гішпаніі, Даніі, Злучанага Каралеўства, Нямеччыны, Ірландыі, Італіі, Летувы, Нідэрландаў, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі). Прысутнічалі таксама каля дваццаці маладзёнаў з іншых краін: Беларусі, Ганконга, Дамініканскай Рэспублікі, ЗША, Каба-Вердэ, Канады, РФ, Сербіі, Тайваня, Украіны, Швейцарыі, Японіі. Большасць моладзі з Блізкага Усходу выбралі побыт у месцах супольнага пражывання ў розных рэлігійных абшчынах, у той час як прыбылыя з іншых частак свету аддалі перавагу дасвядчэнню быць запрошанымі ліванскімі сем’ямі. Але што б яны ні абралі, гэтыя маладзёны паўсюль былі ў стане дасведчыць прыгажосць і шчырасць ліванскае гасціннасці.
Праграма ўключала хвіліны малітвы і дзялення ў розных прымаючых парафіях Бейрута ды наваколля, час на біблійныя разважанні, супольную малітву ў вялікім выставачным цэнтры на марскім узбярэжжы ды дзве сустрэчы апоўдні, прысвечаныя рознае тэматыцы ў вельмі прыгожых храмах у гарадскім цэнтры і ў галоўным мячэце. 26 сакавіка, у апошні дзень сустрэчы, былі арганізаваныя выезды па-за Бейрут, каб удзельнікі змаглі адкрыць прыгажосць Лівана.
“Гэтая першая сустрэча ў арабскім свеце выглядае нібы мара. Прымаючы пад увагу колькасць розных Цэркваў (у Ліване суіснуюць не меней за чатырнаццаць хрысціянскіх традыцый) ды складанасць палітычнае сітуацыі, поспех гэтае сустрэчы не быў такім відавочным. І тым не меней, вынік быў відавочна выдатным з-за ўдзелу ўсіх афіцыйна прызнаных Цэркваў Лівана пры падтрымцы Рады Цэркваў Блізкага Усходу. Усе гэтыя Цэрквы скіравалі па некалькі прадстаўнікоў, якія цягам больш, чым году, рэгулярна сустракаліся дзеля прыгатавання гэтае сустрэчы. Адным з першых вынікаў стала ўзаемнае сяброўства і давер, што ўзрасталі крок па кроку падчас тых сустрэч - сяброўства і давер, якія напэўна будуць працягвацца, каб прынесці плён.
Хрысціяне з Копцкай царквы з Егіпту перад ад’ездам былі прынятыя іх патрыярхам, папам Тэадорам ІІ. Той давер, які прадэманстраваў патрыярх з Егіпту, таксама як і пасланні з дабраслаўленнямі, скіраваныя патрыярхамі і царкоўнымі лідэрамі Лівана, знакі таго, што так заахвочваюць нас працягваць крочыць наперад”.
Дзеля ўпрыгожвання месца малітвы ў выставачнай залі былі выкарыстаныя вялікія каляровыя парцьеры, шмат свечак, некаторыя іконы і два вялікія плакаты з чатырнаццаццю традыцыйнымі выявамі Крыжа, што паходзяць з чатырнаццаці прысутных у Ліване Цэркваў.
Малітвы былі ўпрыгожаныя літургічным спевам з розных блізкаўсходніх традыцый: сірыйскай, візантыйскай, армянскай. Першы раз пэўная частка канонаў Тэзэ была заспявана па-арабску - плён двухгадовай працы пошукаў і супрацоўніцтва з музыкамі і лінгвістамі з розных арабамоўных краін Блізкага Усходу. Асабліва кранальнаю была малітва вакол крыжа. А наконадні сустрэчы экуменічны хор запісаў адмысловую плытку з дзясяткам спеваў Тэзэ па-арабску.