TAIZÉ

Снежань 2022 г.

Ва Украіне: «У нягодах гэтага вялізнага выпрабавання я знайшоў мужнасць»

 

Брат Алоіс, прыёр экуменічнай абшчыны Тэзэ, знаходзіўся ва Украіне цягам пяці дзён перад Раством, падчас якіх наведаў царкоўных лідараў і сустрэўся з моладдзю ў Кіеве, Ірпені, Бучы ды Львове.

“У нягодах гэтага вялізнага выпрабавання я знайшоў мужнасць і вытрываласць у веры. Народ, які моцна пацярпеў ад вайны, але не застаецца пасіўным перад цяжкасцямі”.

Цалкам арыгінальны тэкст інтэрв’ю брата Алоіса з Марыяй К’ярай Біяджоні з агенцтва SIR ад 29 снежня 2022 г. па-італьянску можна прачытаць на гэтае старонцы.

Браце Алоісе, якая сітуцыя Вас застала ва Украіне?

Нават калі ў вас ствараецца ўражанне, як у Львове ці Кіеве, што жыццё працягваецца, сітуацыя цяжкая. Гэта закранула ўсіх. Кожны ведае каго-небудзь, хто загінуў на вайне. Але, асабліва напярэдадні Раства, мы былі вельмі ўзрушаны, убачыўшы ў гэты час выпрабаванняў радасць. На гэтым й палягае пасланне Нараджэння Пана: святло свеціць у цемры. Што ўражвае, мы таксама ўбачылі сапраўднае яднанне паміж людзьмі і салідарнасць сярод насельніцтва.

Ці існуе адзінства паміж Цэрквамі?

Так, хоць напружанне ўсё яшчэ існуе, таму што сітуацыя паміж Цэрквамі няпростая. У апошнія дні ў нас былі сустрэчы з моладдзю і лідэрамі асноўных канфесій, як у Кіеве, так і ў Львове. У Тэзе да пандэміі і з пачаткам вайны мы віталі шмат маладых украінцаў, якія заўсёды прыязджалі на нашыя сустрэчы. Цяпер гэтыя маладзёны спрыяюць і падтрымліваюць адзінства паміж сваімі Цэрквамі. Неверагодна, што некаторым з іх удасца прыехаць на Сустрэчу ў Ростаку. Мы лічым, што асабістая сустрэча незаменная.

Што Вас найбольш уразіла ў гуманітарнае сітуацыі ва Украіне?

Электрычнасць, напрыклад, адключаецца ў некаторых раёнах горада па некалькі разоў на дзень, часам у Кіеве – на два-тры дні запар. А гэта значыць, што разам са святлом не працуе ацяпленне, гарачая вада і сеціва. Гэта вельмі ўплывае на паўсядзённае жыццё людзей.

У Кіеве і Львове мы правялі дзве малітвы з моладдзю ў тых раёнах, якія вокаімгненна пагрузіліся ў поўную цемру. Запалілі свечкі. Жыццё складанае, але ў той жа час мы сустракалі маладзёнаў, якія праявілі вельмі смелыя ініцыятывы. Напрыклад, утварыўся рух моладзі, якая ездзіць па ўсёй краіне, каб аднавіць пашкоджаныя вайной будынкі. Сапраўды вельмі хвалююча было назіраць, як, з аднаго боку, гэтых маладзёнаў вайна кранула ў самае сэрца, а з другога – як яны здолелі не заставацца пасіўнымі перад абліччам нягодаў, вырашыўшы нешта зрабіць для іншых.

А што мы, тут, у Італіі, можам зрабіць для іх?

Ня кожны можа паехаць ва Украіну, але кожны можа нешта зрабіць на знак салідарнасці. Часцяком я чуў там такую фразу: “Калі спыніцца салідарная дапамога з боку суседніх заходніх краін, мы страчаны”.

Якою Вы бачыце будучыню гэтых маладых людзей у краіне, якая так моцна пацярпела ад вайны?

Ніхто не ведае. Падчас сустрэчы адна маладая жанчына запыталася: “Колькі яшчэ нам давядзецца так жыць?” Адказу ні ў кога не было. Іншая дадала: “Жывем з дня ў дзень. Мы не ведаем, якой будзе наша будучыня”. Таму існуе гэтая нявызначанасць, але ў той жа час мы бачым, што ініцыятывы салідарнасці памнажаюцца. Мы ездзілі ў Бучу ды Ірпень, гарады-пакутнікі, куды жыццё вярнулася, але дзе шнары вайны яшчэ добра бачныя. Мы бачылі спаленыя будынкі, выбітыя шыбы. Але сярод гэтых разбурэнняў былі арганізаваныя прыёмныя пункты, сапраўдныя «месцы нязломнасці», куды людзі могуць прыйсці пагрэцца, падзарадзіць кампутары, атрымаць медычную дапамогу.


Пра гэтае падарожжа ў ахопленую вайной Украіну брат Алоіс таксама казаў падчас Еўрапейскае сустрэчы ў Ростаку ў сваіх разважаннях перад вечароваю малітваю.

Апошняе абнаўленне: 24 February 2023