TAIZÉ

Талін 2024-2025

Штодзённыя разважанні брата Мэцью

 
На гэтае старонцы публікуюцца штодзённыя разважанні, якія прапаноўваў штовечар брат Мэцью ў Таліне з 28 па 31 снежня. Пераходзячы на гэтую старонку, можна паўдзельнічаць у трансляцыях вечаровых малітваў online.

Субота, 28 снежня

Мы вельмі щсцешаныя быць разам у гэтыя дні ў Таліне. Вы прыехалі амаль з кожнай еўрапейскай краіны ды далей размешчаных краін у якасці пілігрымаў у Эстонію, каб маліцца і дзяліцца сёння знакам надзеі на нашым кантыненце. Вы стаміліся пасля доўгіх падарожжаў, таму абяцаю не прамаўляць доўга.

Сёння ўвечары з намі арцыбіскуп Урмас Вільмаа з Эстонскай Евангелічна-Лютэранскай Царквы і Рэгіна з Талінскай царквы Missio.

- “Што для Вашай Царквы значыць прыняць удзел у гэтае Сустрэчы?”
Некалькі слоў арцыбіскупа наконт удзелу яго Царквы
 
- “Што гэтая сустрэча азначае для цябе, маладой эстонкі?”
Некалькі слоў прамаўляе Рэгіна

Узгадваю свой першы візіт у Талін трыццаць гадоў таму. Калі я з яшчэ адным братам прыбыў на чыгуначны вакзал Baltijaam, нас чакала група маладзёнаў. Яны спявалі і неслі кветкі. Цеплыня іх прыёму вельмі кранула мяне, і я ніколі не забуду гэтага.

Цяперака мы жывем у іншы час, але ці ж не існуе ў нас жаданне выйсця па-за межы зоны камфорту, што выражае нашае жаданне еднасці адно з адным? Гэта дапамагае нам зразумець, што мы пакліканы да чагосьці большага, чым тое, што бачым на першы погляд.

Вы ўжо атрымалі ліст «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі», які быў напісаны да гэтае Сустрэчы і наступных у надыходзячым годзе. На працягу гэтых дзён вы будзеце разам даследаваць розныя аспекты гэтае тэмы. Ці гатовыя мы слухаць адно аднаго і адкрываць тое, што закладзена ў сэрцы кожнага чалавека, у той час, калі мы можам лёгка збянтэжыцца тым, што бачым у свеце і ў грамадстве?

Каб напісаць гэты ліст, я патраціў шмат часу на тое, каб выслухаць маладых людзей, якія жывуць у зонах ваенных дзеянняў. Я быў уражаны іх адвагаю і стойкасцю. Многія з тых, з кім я размаўляў, казалі мне, наколькі важная іх вера ў суровых рэаліях іх існавання.

Вера, якая з’яўляецца простым даверам да Божае любові і якая праз Уваскрасенне Езуса разумее, што за смерцю ніколі не застаецца апошняе слова. Яны падзяліліся сваёй надзеяй, надзеяй, якая пераўзыходзіць усялякую надзею, таму што разлічвае на тое, што новае жыццё ўзнікне там, дзе ўсё здаецца быць страчаным.

У гэты вечар падчас малітвы мы пачулі Magnificat, песню Марыі, Маці Езуса. Маладая жанчына сутыкнулася з сітуацыяй, якой ніколі не магла сабе ўявіць. Жывучы ў акупаванай краіне, яна зразумела важнасць веры ў Бога і змагла сказаць «так» таму, чаго Бог прасіў ад яе.

Яна наведала сваю стрыечную сястру Альжбету, якая таксама спадзявалася нечаканых родаў. Як Марыя, кожнаму з нас патрэбны такія людзі, як Альжбета, якія пацвярджаюць тое, што мы разумелі аб тым, чаго ад нас просіць Бог, але наўрад ці адважваліся паверыць.

Пацверджанне яе стрыечнай сястры прымушае Марыю выканаць свой хвалебны спеў. Яна бачыць, як Бог “скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных”. Яе бачанне – гэта свет, які пад знакам міласэрнае Божае любові з’яўляецца светам справядлівасці і міру, без якога ніхто не можа абысціся. Калі я чую гэтыя словы, тады нешта ўва мне адважваецца паверыць, што сітуацыя можа змяніцца, а мая надзея ажыўляецца.

У гэтыя дні хачу прапанаваць вам выконваць спеў Марыі. Калі вы будзеце спяваць яе, маліцеся аб тым, каб сітуацыя змянілася. Давайце памятаць пра людзей, якія жывуць ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў, але прагнуць справядлівасці і міру. Я вельмі добра памятаю спяваючую рэвалюцыю ў 1991 годзе, якая паспрыяла аднаўленню незалежнасці Эстоніі. Вельмі многія з маладзёнаў, з якімі я размаўляў падчас падрыхтоўкі Ліста, казалі мне пра важнасць спеваў у аднаўленні іх надзеі ды надзяленні іх адвагай вытрываць.

Каб спадзявацца, патрэбна мужнасць. У Лісце ёсць цытата з перуанскага тэолага Густава Гуцьерэса. Ён піша: “Бог не забудзе запавету; вернасць – гэта перадусім памяць. Мець памяць – гэта не значыць заставацца прывязаным да мінулага. Памятаць пра ўчарашні дзень важна, але толькі таму важна, што дапамагае нам рабіць стаўкі на заўтра”.

Мы не можам забыць пра мінулае, але мы можам спаглядаць на яго, каб будаваць сённяшні дзень і крок за крокам будаваць сваю будучыню. Хіба Бог не дзейнічае такім чынам? Праз Святога Духа Бог пастаянна дзейнічае ў нас і вакол нас, перамяняючы нашыя крыўды і вянчаючы нашыя радасці.

Не забываймася пра мінулае, але адважмася спадзявацца звыш усялякае надзеі.


Нядзеля, 29 снежня

Сёння вы ўдзельнічалі ў набажэнствах тых абшчын, якія вас прымаюць. Мы ведаем, што многія з вас жывуць у школах, залах, а некаторыя ў вайсковых цэнтрах, якія выкарыстоўваліся для прыёму бежанцаў у папярэднія гады.

Калі я маладым чалавекам удзельнічаў у сустрэчы Тэзэ ў Барселоне ў 1985 г., спачатку мяне рассялілі ў вялікую школу. Гэта было не тое, чаго я чакаў, і было нялёгка. Але паступова гэта стала важным досведам супольнага жыцця і дзялення. Клопат адно пра аднаго, гатоўнасць служыць і прыняцце сціплага ладу жыцця сфармавалі мой погляд на будучыню.

Падчас гэтае Сустрэчы вам таксама прапанаваны шырокі спектр розных тэматычных сустрэч, у якіх вы можаце прыняць удзел. Я спадзяюся, што гэта падтрымае вас у вашых пошуках і дазволіць вам сустрэцца з адданымі эстонцамі, чые сведчанні могуць падбадзёрваць нас на нашым шляху веры.

Учора я казаў, што мы не можам забыць пра мінулае, але мы можам спаглядаць на яго, каб будаваць сённяшні дзень і крок за крокам будаваць сваю будучыню.

У шмат якіх нашых краінах мы параненыя гісторыяй і да гэтага часу нясем шнары. Іншыя сярод вас, асабліва тыя хто паходзіць з Украіны, усё яшчэ перажываюць жахі вайны. Праз хвіліну мы пачуем Андрыяну і Марту, якія прыехалі з Украіны.

Апошні тыдзень я правёў у Ліване. З адным з маіх братоў, які паходзіць з гэтай краіны, мы наконадні Раства наведалі людзей з розных рэлігійных супольнасцей. Вы ведаеце, што на Блізкім Усходзе зараз трывае вайна. У нас там багата сяброў, а наш прыезд быў маленькім знакам салідарнасці з імі.

Мяне ўразіла шчодрасць прыёму ў краіне, дзе было столькі разбурэнняў. Будынкі ў многіх частках краіны ляжаць у руінах, але людзі дэманструюць неверагодную ўстойлівасць, адкрываючы свае крамы і расчышчаючы завалы. Гэтая ўстойлівасць – спосаб супраціўлення развязанай лютасці.

Зараз так шмат няпэўнасці. Можа вярнуцца вайна. Нягледзячы на гэта, тыя, з кім мы сустракаліся, цешыліся з нагоды Нараджэння Пана. Іх вера была святлом, якое свеціць у цемры.

На поўдні краіны мы таксама сустрэліся з мусульманскім шэйхам. Яго ўласны дом быў разбураны, а да некаторых з бліжэйшых вёсак дагэтуль бракуе доступу. Калі ён хаваў памерлага хрысціяніна, надаль падалі бомбы, але ён чакаў святара, які прыйдзе і выканае неабходныя абрады.

Калі я размаўляў з маладымі ліванцамі падчас нядаўняга бамбардавання, можна было адчуць іх надзею на будучыню, напоўненую спакоем і справядлівасцю. Іх мужнасць была адчувальная, нават калі паблізу быў адчай. Сёння вечарам мы чулі, як апостал Павел пісаў першым хрысціянам у Рыме: «Cпадзяёмся на тое, чаго не бачым». Я вельмі моцна гэта адчуў, калі слухаў гэтых маладзёнаў. Сустрэчы на мінулым тыдні пацвердзілі тое, што я чуў раней.

Сам Езус нарадзіўся ў галечы ў тыя часы, калі ў краіне, дзе Яму выпала жыць, нічога не было ясна. Мы таксама можам апынуцца ў сітуацыі, калі не можам распазнаць шлях наперад. Сутыкнуўшыся з пэўнымі рэаліямі, мы можам адчуваць гнеў і разгубленасць, але ці можа тое падштурхнуць нас да нейкага чыну? Чалавек, цытаваны ў Лісце, які нядаўна сустракаўся з адным з нашых братоў, сказаў: “Ува мне жыве творчы гнеў”. Самыя простыя жэсты могуць стаць знакам нашага прагнення надзеі.

І мы таксама чулі ў чытанні пра стогн стварэння. Наша параненая чалавечая сям’я з’яўляецца часткай параненага стварэння, дзе ўсё дадзена, усё крохкае і ўсё звязана. Да ўчынення якога выбару пакліканы кожны з нас, каб паказаць клопат пра наш супольны дом, пра добрае Божае стварэнне?

Калі я ў траўні наведаў Украіну, я сустрэўся з такой вялікай колькасцю людзей, маладых і не вельмі, якія прысвячалі свой час і сілы, каб дапамагчы іншым. Я ўзгадваю пра маладога чалавека, які быў дырэктарам дзіцячага дома, пра жанчыну, якая вядзе курсы хуткай медыцынскай дапамогі і траўматалогіі, пра ўдаву, чый муж быў забіты ў мінулым годзе, якая кіруе асацыяцыяй для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Я хацеў бы папрасіць Андрыяну і Марту з Украіны падзяліцца з намі некалькімі словамі.
 
– Што дазваляе вам падтрымліваць надзею ў вашае цяперашняе сітуацыі?
 
Шчыра кажучы, не заўсёды лёгка захоўваць надзею, калі бачыш несправядлівасць, якая цягнецца так доўга... Але тое, што дапамагае нам не згубіць яе, гэта вера. Мы верым, што тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога. Пасля цёмнай ночы заўсёды бывае ўзыход сонца. Мы верым, што Ён заўсёды з тымі, хто церпіць і адчувае таксама й наш боль. Мы таксама ведаем, што Ён не пакідае нас самотнымі ў гэтае цяжкое сітуацыі.
 
– Якім чынам мы можам маліцца за вас бліжэйшым часам?
 
У гэтыя цяжкія і змрочныя часы вельмі важна заставацца згуртаванымі ў малітвах і выстаяць разам. Просім вас маліцца разам з намі за суверэнітэт Украіны, за спыненне агрэсіі супраць нашай роднай краіны, за мудрасць урадаў і за настанне міру. Маліцеся за ўсіх тых людзей, якія загінулі ў гэтай жорсткай і несправядлівай вайне, страцілі сваіх родных і дамы, за нашых воінаў, якія кожны дзень абараняюць нас, рызыкуючы сваім жыццём. Няхай яны вернуцца дадому цэлымі і здаровымі да сваіх сем’яў. За ўсіх тых, хто трапіў у палон, быў паранены, знік без вестак, за тых, хто адчувае фізічны ці душэўны боль, хто пакутуе і знаходзіцца ў нястачы. Дзякуй за ўсе вашыя малітвы, мы адчуваем іх усе!

Заўтра раніцай вы разам прачытаеце другую частку «Ліста», выслухоўваючы людзей надзеі, а таксама ўрывак з Бібліі, як тое пазначана ў мабільным дадатку Сустрэчы. Два з пытанняў, над якімі вы будзеце разважаць, гучаць наступным чынам: «Ці сустракаў я ў сваім жыцці сведкаў надзеі?» і «Чаму я ад іх навучыўся?» Можа быць, вы можаце пачаць разважаць аб гэтым ужо сёння ўвечары.

Нашая вечаровая малітва завершыцца часам малітвы вакол Крыжа. Усе, хто жадае, могуць прыйсці і памаліцца ля крыжа, каб даверыць Езусу свае клопаты і турботы, а таксама сітуацыі цярпення ў свеце. Хрыстус прымае кожнага з нас такімі, якія мы ёсць, і, як Ён рабіў у сваім жыцці на зямлі, крочыць з намі ў нашых пытаннях і сумненнях, гэтак жа, як Ён падзяляе нашую радасць. Ён аднаўляе нашую надзею.


Панядзелак, 30 снежня

За намі ўжо больш паловы нашае Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне. Мне б хацелася сказаць вялікі дзякуй хрысціянскім абшчынам горада і прадмесцяў, цывільным уладам і камандзе маладых валанцёраў з розных краін, якія падрыхтавалі нашу Сустрэчу.

Умовы не заўсёды былі лёгкімі, але вы вельмі простымі сродкамі стварылі нешта, што застанецца ў сэрцах многіх людзей, як удзельнікаў Сустрэчы, так і народа Эстоніі. Дзякуем вам за адвагу і стойкасць, якія вы праявілі, рыхтуючы ўсім нам шляхі надзеі.

У гэты вечар мы пачулі чытанне з Евангелля паводле Мацвея, дзе Езус выказвае спачуванне, убачыўшы вялікі натоўп, які ішоў за Ім. Яго эмоцыі выльюцца ў клапатлівыя і эфектыўныя дзеянні. Спачатку ён лечыць хворых у натоўпе. Але потым пачынае надыходзіць ноч. Яго сябры хочуць адправіць натоўп прэч, каб знайсці ежу.

Езус, замест таго, каб пагадзіцца з імі, просіць сваіх сяброў паглядзець і ўбачыць тое, што яны ўжо маюць. Яны прынеслі пяць хлябоў і дзве рыбы, што здаецца такім неадэкватным перад памерам задання. Ён дзякуе за тое нямногае, што яны знайшлі, ламае хлябы, а яго сябры раздаюць ежу натоўпу. Тое, што засталося, перавышае іхнія патрэбы.

Езус адмаўляецца змірыцца з тым, што здаецца немагчымым. Атрыманая ежа з’яўляецца прадказаннем таго, што павінна прыйсці ў паўнаце ў Божае будучыні. Наш голад і смага будуць задаволены на розных узроўнях.

Гэтая гісторыя можа кшталтаваць нашую надзею, якая, як напісана ў Лісце, становіцца “як карабельны якар. Яна моцна трымае нас, калі бушуе шторм. Гэта дазваляе нам жыць маленькімі знакамі нашае вернасці атрыманаму пакліканню і давераным нам людзям. Гэта таксама нібы шлем, які абараняе нас ад нягод, якія могуць абрынуцца на нас”.

Вы пачынаеце задумвацца аб вяртанні дадому. Чым ёсць тое нямногае, што вы можаце ахвяраваць Езусу, каб надзея магла квітнець ў вашай мясцовай абшчыне, у вашых Цэрквах і капеланах? Самыя маленькія знакі маюць велізарнае значэнне. Прарок Ерамія набыў у сваім горадзе поле, нягледзячы на пагрозу яго знішчэння. Знакі надзеі даюць усім адвагу, надзею для чалавечае сям’і, надзею для добрага Божага стварэння.

Мы можам дасягнуць вельмі многага пры дапамозе простых сродкаў. Гэтую Сустрэчу падрыхтавала невялікая каманда маладых валанцёраў, некалькі братоў Тэзэ і сясцёр з манаскае супольнасці святога Андрэя, а таксама мясцовыя хрысціяне. Замест таго, каб шукаць відовішча, ці ж не сціплыя жэсты выслухоўвання адно аднаго, будавання даверу і сяброўства перадаюць сутнасць Евангелля і дапамагаюць нам усё больш і больш уваходзіць у таямніцу еднасці, якой з’яўляецца Царква – Цела Хрыста?

На працягу многіх гадоў нашая Супольнасць з Тэзэ знаходзіцца ў Пілігрымцы Даверу. Час ад часу гэтая пілігрымка становіцца бачнай, як цяпер, падчас нашае Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне, а таксама ў вёсцы Тэзэ з яе штотыднёвымі моладзевымі сустрэчамі. Гэта спосаб падбадзёрваць адно аднаго на нашым штодзённым шляху веры, спосаб дазволіць Хрысту абнавіць нашую надзею, каб мы маглі супрацьстаяць выклікам, якія сустракаем, дзе б мы ні знаходзіліся.

Мы ўсцешымся, прымаючы вас у Тэзэ падчас летніх сустрэч, а, магчыма, некаторыя з вас змогуць правесці з намі тыдзень да або пасля Юбілею моладзі, які пройдзе наступным летам у Рыме.

Але дзе ж адбудзецца нашая чарговая Еўрапейская сустрэча?

- Яна пройдзе ў краіне з сямю галоўнымі горнымі масівамі
- У краіне, якая вырабляе больш за 1600 розных гатункаў сыру
- У краіне, якая тройчы прымала зімовыя Алімпійскія гульні
- У горадзе, пабудаваным на прыгожай рацэ
- З нядаўна адрамантаванай катэдрай

Наступная Еўрапейская сустрэча пройдзе ў горадзе Парыж і прылеглым рэгіёне Іль-дэ-Франс. Я хацеў бы папрасіць арцыбіскупа Ларана Ульрыха сказаць некалькі слоў, каб запрасіць усіх вас прыехаць у Парыж і Іль-дэ-Франс з 28 снежня 2025 г. па 1 студзеня 2026 г.

Прамаўляе арцыбіскуп

Брунэт, якая паходзіць з Іль-дэ-Франс: Што будзе значыць для моладзі з Парыжскага рэгіёну прыняць чарговую Еўрапейскую сустрэчу?

Брунэт: “Радасць і гонар прымаць наступную Еўрапейскую сустрэчу Тэзэ ў Парыжы і ва ўсім рэгіёне. Тое будзе добрая забава. Мы маем жывыя і дынамічныя парафіі. Мы чакаем на прыезд шмат каго з вас”.

Заўтра мы больш пагутарым аб Пілігрымцы Даверу на Зямлі з некаторымі новымі ідэямі аб тым, як наступным разам мы можам супольна працягваць аднаўляць нашую надзею. Зараз жа будзьма маліцца вакол Крыжа, як й папярэднім вечарам.


Аўторак, 31 снежня

Сёння раніцай у малых групах вы разам прачыталі раздзел Ліста «Імкнучыся да надзеі». Вы разважалі над пытаннем “Што дапамагае нам глядзець па-за нашыя цяжкасці, калі мы ў бядзе?”

Тое, чым вы падзяліліся разам, падрыхтуе вас да вяртання, таму што хоць тое, што мы перажываем у гэтыя дні тут, у Таліне, важна, яго каштоўнасць узрастае, калі яно ўплывае на нашае паўсядзённае жыццё.

Як я ўжо пра тое казаў учора, нашую Сустрэчу падрыхтавала каманда маладых валанцёраў. У гэты вечар з намі двое з іх – Ісмаэль з Балівіі ды Наталі з Эстоніі. Мы хочам падзякаваць ім за ўсе іх намаганні.

Я хацеў бы спытаць Ісмаэля: «Што дазволіла табе працягваць мець надзею падчас падрыхтоўкі, нягледзячы на ​​​​перашкоды, з якімі вы сутыкнуліся?»

Ісмаэль:

Адказ на гэтае пытанне просты, але ў той жа час вельмі глыбокі і складаны: давер да Бога. Бываюць моманты, калі мы губляем давер да тых, хто побач, а нават да сябе і ўласных здольнасцей. Але менавіта давер да Бога даваў мне надзею на працягу ўсёй падрыхтоўкі. Веданне, што ў Яго ёсць план, што Ён клапоціцца аб гэтым плане і што Ён прысутнічае на кожным кроку, дазволіла мне працягваць прасоўвацца наперад. Гэты давер дапамог мне ўбачыць Бога ў людзях вакол мяне і ў тым невялікім прагрэсе, які мы штодзённа дасягалі.
 
Тое, што я адчуў тут, у Таліне, яшчэ больш умацавала гэты давер. Я глядзеў дакументальны фільм пра Эстонію, дзе пэўная жанчына казала, што для эстонцаў спеў – гэта спосаб выказвання веры. Гэтая думка нагадала мне фразу святога Аўгустына: «Спяваць – значыць двойчы маліцца». Бадай, многія эстонцы і нават багата хто з нас гэтага не ўсведамляюць, але, калі мы спяваем, Бог не толькі нас слухае, але й моцна любіць.
 
Таму я магу з упэўненасцю сказаць, што давер да Бога быў крыніцай маёй надзеі. Упэўненасць у тым, што Ён любіць нас, асабліва калі мы спяваем сэрцам, падтрымлівала мяне падчас усіх выпрабаванняў і напаўняла супакоем. Усведамленне таго, што Бог любіць нас вечнай любоўю, – гэта тое, што надае сэнс кожнаму нашаму кроку.

Наталі: «Чаго ты спадзяешся пасля Сустрэчы ад жыхароў Таліна і ад пілігрымаў, якія прыбылі прыняць удзел?»

Наталі:

Мне здаецца, што чалавецтва канчаткова не адчувае наступстваў нашых дзеянняў. Мы не можам спасцігнуць Божыя шляхі. Цуды, вера, надзея і любоў. Тое можна толькі адчуць. Эстонцы выдатна тое ведаюць: цудам ёсць наш шлях да незалежнасці, і мы ўзгадваем пра тое на кожным спеўным фестывалі. Мы перакананыя, што мы не асамотнены, нягледзячы на тое, што нас толькі 1,3 млн.
 
Напрыканцы гэтага года сваімі малітвамі вы кранулі гэтую нацыю на ўзбярэжжы Балтыкі, на рубяжах Еўропы, нацыю, якая любіць прыроду і саўну. Спадзяюся, што вы будзеце трымаць нас у сваіх сэрцах, і ведаю, як чынім тое мы, што ніхто не асамотнены. У нашым штодзённым жыцці Бог перабывае з намі, у нашых цяжкасцях, і нашых турботах. Нават у нашым грамадстве, якое ў пераважнай большасці нерэлігійнае, прысутнічае Бог.
 
Стаючы на парозе новага года мы молімся не толькі ў інтэнцыі захавання свабоды, але таксама й за дзяржавы-агрэсараў, каб урэшце змянілі абраны імі шлях. Будзьма несці наперад тую хрысціянскую надзею, разам. Дзякую ўсім пілігрымам і ўсім эстонцам, якія спрычыніліся да гэтае Сустрэчы. Няхай усе мы Божаю міласэрнасцю будзьма мець дабраславёны новы год. Пабачымся ў Парыжы!

Задачаю для ўсіх з’яўляецца тое, якім чынам мы можам распазнаць Божую прысутнасць пасярод нашых цяжкасцей? Нягледзячы на ​​тое, што мы паходзім з вельмі рознага асяроддзя, як мы можам заставацца людзьмі надзеі? Ва ўсходнеафрыканскай мове кікую адным з атрыбутаў Бога з’яўляецца тое, што Бог «варты надзеі», Бог, на якога мы можам спадзявацца.

Гэта выяўляецца перадусім у жыцці, смерці і ўваскрасенні Езуса. І тым не менш, Езус сапраўды адчуў цяжкасці чалавечага існавання, а нават смерці. Ён не ўцёк ад гэтага. Калі мы маем надзею на тое, каб па-сапраўднаму расці, дык тое азначае, што мы павінны глядзець у вочы рэальнасці такой, якая яна ёсць, але бачыць яе ў святле Божых абяцанняў. Нішто, нават смерць, не можа адлучыць нас ад вернай Божай любові.

І ўсё-ткі, нават усведамленне гэтага не заўсёды дае нам адказы, якія мы шукаем. У сённяшнім вечаровым чытанні Евангелля паводле Марка мы бачым жанчын каля магілы Езуса. “Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?”, – пыталіся яны адна адну. Яны зміраюцца са сваёй уразлівасцю. Адказу ў іх няма.

Але калі яны падымаюць вочы, камень ужо адвалены, і яны бачаць юнака, апранутага ў белае. Нам кажуць, што жанчыны былі ўстрывожаныя. Яны знаходзяцца ў стане шоку ад таго, што бачаць і чуюць. Здарылася тое, чаго яны ніколі не адважваліся спадзявацца.

Юнак кажа жанчынам, што Езус уваскрос. У магіле яго няма. І кажа ім: “Ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру”. Жанчыны становяцца апосталамі, што азначае «пасланыя». Іх пасылаюць да вучняў-мужчын і да Пятра. Павышэнне статусу жанчыны і новае служэнне з’яўляецца сімвалам новага стварэння, адноўленай надзеі, якую прыносіць Езус.

Езус ідзе перад імі ў Галілею, назад да месца, адкуль вытокі Евангелля. Гэта сведчыць пра новы пачатак, але таксама й пра вяртанне да каранёў. Але жанчыны, ахопленыя жахам і здзіўленнем, уцякаюць ад магілы. З-за гэтага, як нам кажуць, яны нікому нічога не сказалі.

Марк двойчы выкарыстоўвае слова, перакладзенае як страх, у сваім Евангеллі – адзін раз, каб апісаць рэакцыю сваіх сяброў на суцішэнне буры (Мк 4, 41), і другі раз, каб апісаць іх рэакцыю на перамяненне Езуса (Мк 9, 6). Абодва гэтыя кантэксты сведчаць пра тое, што нам лепш ужыць слова страх, чым жах. Жанчыны нікому нічога не гавораць, бо перапоўненыя страхам.

Жанчынам патрэбны час, каб пераварыць перажытае. Вы, як і яны, вяртаецеся ў Галілею, у свой родны край. Яны падарожнічаюць разам, як гэта ўчыняць многія з вас. Вы, як і яны, можаце стаць пілігрымамі надзеі, якую носіце ў сабе. І гэтая надзея, мабыць, будзе надзеяй на мір.

У гэтыя дні паходзячы з розных асяроддзяў, краін, Цэркваў, будучы ў розным узросце, ці ж не перажылі мы знак надзеі, якую абяцае нам давер да Ўваскрослага Хрыста? Паколькі Хрыстус з’яўляецца нашым супакоем і Ён дае нам гэты супакой, таму, як пілігрымы надзеі, мы таксама становімся пілігрымамі супакою.

Супакой без справядлівасці не з’яўляецца сапраўдным супакоем, але ж існуе таксама й унутраная свабода, якая паходзіць з самага простага даверу, які мы называем верай. Ці зробім мы ўсё магчымае, калі імкнемся да справядлівага супакою, дзе б мы ні жылі, каб заставацца ўнутрана свабоднымі?

Кожную пятніцу ў Тэзэ мы молімся ў цішыні аб міры ў нашым свеце. Мы можам не мець адказаў, якія шукаем, але заставацца ў прысутнасці Бога можа дазволіць нарадзіцца ўнутры нас пэўным інтуіцыям. Некаторыя з гэтых інтуіцый, калі мы дзелімся імі з іншымі, магчыма, прымусяць нас да дзеяння. На ўзор таго, як вы будзеце рабіць сёння ўвечары, сустракаючы новы год, ці вярнуўшыся дадому вы таксама будзеце рэгулярна маліцца аб міры ў вашых Цэрквах і групах?

А, магчыма, у вас бы атрымалася знайсці кантакт з некім, хто жыве ў зоне ваенных дзеянняў, і падтрымліваць іх праз звычайныя электронныя лісты ці размову тварам у твар? А, магчыма, можна таксама нейкім чынам падтрымаць людзей, якія жывуць ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў? Шмат хто з вас у гэтыя дні сустракаў моладзь з Украіны. Падтрымлівайце з імі сувязь! Мы не забудзем вас!

Няхай Дух Святы, Дух Уваскрослага Хрыста, вядзе ўсіх нас да таго, каб мы сталі пілігрымамі надзеі і супакою. Ці гатовыя мы спадзявацца звыш усялякае надзеі?

Апошняе абнаўленне: 31 December 2024