TAIZÉ

Кейптаўн 2019

Выклікі, звязаныя з Сустрэчаю

 

“Усё жыццё нашы мамы працавалі ў якасці хатняй гаспадыні. Мы выгадаваліся ў Хаелітшы, найбуйнейшым чорным паселішчы Кейптаўна, а зараз мы пачынаем кар’еру ў якасці кіраўнікоў... У глыбіні душы мы мірны і шчаслівы народ. Мы можам пажартаваць нават пра найгоршыя навіны. Лідэры, якія заклікаюць да бунту, - гэта дэмагогі, якія кіруюцца палітычнымі разлікамі, нас не падмануць іх гульнёю”. Х’юмані Бонтса, рыбалоўны інспектар, тлумачыць меркаванне невялікай групы маладых спецыялістаў. Гэта адлюстроўвае меркаванні шэрагу чарнаскурых грамадзян, якія выраслі пасля заканчэння апартэіду. Гэтыя маладыя людзі верылі ў змены і ўзялі жыццё ў свае рукі. Універсітэты шырока адчынілі свае дзверы, палітыка пазітыўных дзеянняў дала доступ да занятасці, былі пабудаваны тысячы дамоў... Гэтыя намаганні былі вельмі значнымі.

Гэта супярэчыць вобразу, часта драматычнаму, які адлюстроўваюць сродкі масавай інфармацыі краіны, што напоўнены штодзённым гвалтам, карупцыйнымі скандаламі, палітычнымі спрэчкамі... Праўда й тое, што пры адной з самых вялікіх у свеце розніц паміж багатымі і беднымі, у Паўднёвае Афрыцы па-ранейшаму застаецца багата праблемаў накшталт вельмі высокага ўзроўня злачыннасці альбо няўпэўненых у сабе кіруючых уладаў. Некаторыя могуць задаць пытанне: ці праз 25 гадоў пасля заканчэння апартэіду перастала існаваць вялікае пачынанне інтэграцыі? Няма больш агульнае барацьбы, каб задзіночыць людзей разам. Вялікая праца Камісіі праўды і паяднання не здолела дамагчыся вылячэння да тае ступені, на якую многія спадзяваліся. Старыя раны пераплятаюцца з новымі праблемамі: рабства, прымусовае перасяленне, сегрэгацыя, эксплуатацыя, няроўнасць, адсутнасць вопыту кіравання ў маладой дэмакратыі, закрыццё некалькіх шахт ды іншая эканамічная нявызначанасць...

Сацыяльная рэчаіснасць у Кейптаўне з’яўляецца сімвалам гэтага на ўзроўні ўсёй краіны. Павольнае развіццё і эканамічная няроўнасць сведчаць пра тое, што розныя супольнасці надаль яшчэ жывуць аддзеленыя адна ад адной. Школы, цэрквы, забаўляльныя мерапрыемствы аддзелены. Спортам ці музыкаю займаюцца нібы паралельна... Кейптаўн - гэта сацыяльная мазаіка, кожная частка якой сведчыць пра пэўныя няўдалыя сутыкненні, якія вызначылі гісторыю народаў. Патрабаванні да рэстытуцыі зямлі і прызнання іх ідэнтычнасці ўкшталтавалі абуджэнне спрадвечных народаў, гатэнтотаў і бушменаў (саманазвы: хоехое ды сан, адпаведна), якіх некалі выгналі.

Некалькі тысяч чалавек, якія былі адпраўлены на мыс у якасці рабоў у XVII-XVIII стагоддзях, былі прывезеныя з Мадагаскара, Мазамбіка і ўсходнеафрыканскага ўзбярэжжа, Індыі, а таксама з астравоў Інданэзіі, такіх як Суматра, Ява, Селеб, Тэрнатэ і Тымор. Яны ўваходзяць у радавод так званых каляровых людзей, якія складаюць амаль 50% насельніцтва Заходне-Капскае правінцыі, сталіцаю якой з’яўляецца Кейптаўн. Каляровыя людзі былі пераселеныя другі раз - на працягу 30 гадоў, - калі яны былі гвалтоўна перамешчаныя ў выніку рэалізацыі Закона аб групавых абласцях 1950 года, а іх хаты былі разбураны.

Штогод людзі з племені коса тысячамі працягваюць прыязджаць у Кейптаўн у пошуках лепшага жыцця, чым тое, што было ў іх у былых Бантустанах Транскей альбо Ціскей. На ўскрайку кантынента перабывае таксама шмат бежанцаў ды імігрантаў з усёй Афрыкі. Некаторыя з іх высокакваліфікаваныя спецыялісты, настаўнікі і лекары. Тым не меней, шмат хто зарабляе на жыццё ў шэрым сектары гаспадаркі. Іх абвінавачваюць у забранні месц працы мясцовай моладзі, бо яны годзяцца на ніжэйшыя заробкі. Часам яны становяцца ахвярамі гвалту.

У Кейптаўне нашчадкі афрыканераў жывуць пераважна ў паўночных прадмесцях, у той час як паўднёвыя прадмесці - раёны, дзе ў асноўным пераважаюць асобы брытанскага паходжання. Кейп-кватэры (анг. the Cape Flats), вялізная зона пясчаных дзюн пасярэдзіне, запоўненая каляровымі і чорнымі паселішчамі. У якасці наступства сістэмы апартэіду гэта адлюстроўвае падзел чалавечых супольнасцей, што характарызуюцца рознымі спосабамі мыслення, рознымі светапоглядамі, рознымі спосабамі адносінаў адзін да аднаго. Існуе шырокі дыяпазон. У адной з крайнасцяў ёсць тыя, хто толькі што пакінуў вёску з яе складанымі ды кансерватыўнымі рамкамі, з іерархічнай культурай, аўтарытэтам старэйшын, абрадамі пасвячэння, перамовамі пра пасаг і пахавальнымі рытуаламі. Такая сістэма забяспечвае ім стабільнасць і моцную кланавую ды сямейную салідарнасць. У іншае крайнасці тыя, хто вырас у свецкім, індывідуалістычным асяроддзі, прызвычаіўся да сталага задавання пытанняў ды вывучэння ўсіх магчымасцей. Прастораў для сустрэч і інтэграцыі небагата. Аднак шмат хто разумее, “альбо мы прыйдзем да супольнага поспеху, альбо разам выбухнем!”

Паўднёвая Афрыка прапануе нам падарунак ужо тым, якім чынам ставіць перад намі пытанні. Гэта чалавецтва, глыбока пацярпелае і раздробленае, дзе існуюць усе тыпы напружанасці, кажа нам: што з’яўляецца тым, што выбудоўвае ў людзях і грамадстве пачуццё маральнасці? Што зможа збудаваць еднасць, пачуццё годнасці ды непаўторнай каштоўнасці кожнае чалавечае істоты? Адказ не ў кнігах і не на канферэнцыях, а ў людзях, якія ў гэтай сітуацыі рухаюцца наперад любячы іншых, якія даюць жыццё, клапоцяцца пра яго, напраўляюць, вераць у гэта. Таму звяртанне ўвагі на жыццё такіх людзей неабходна для падтрымання надзеі моладзі.

Менавіта тут трэба шукаць самыя каштоўныя алмазы ў Паўднёвай Афрыцы: людзей, што сведчаць пра шчодрасць чалавечага сэрца. Нас могуць засмучваць падзелы і эгаізм, якія мы бачым, але мы не павінны забывацца прызнаваць надзвычайную здольнасць розных груп мірна суіснаваць, а таксама стойкасць людзей, якія прайшлі праз выпрабаванні гісторыі.

Нягледзячы на спробы паклёпу і крытыкі ў дачыненні да яго фігуры, постаць Мандэлы застаецца сур’ёзным арыенцірам. Яго двайная адукацыя - з аднаго боку, праз традыцыйнае жыццё ў вёсцы, а з другога - праз вучобу на юрыдычным факультэце, - а таксама 27 гадоў пазбаўлення волі, якія не разбурылі ягонае веры ў Бога і ягонага даверу да чалавека, урэшце сталая мудрасць, якая дазволіла яму ўвасобіць многія памкненні і разрадзіць страхі іншых людзей, ідучы да канца апартэіду і нараджэння дэмакратыі.

Пілігрымка Даверу ў верасні 2019 года стане магчымасцю адкрыць для сябе Нэльсана Мандэлу сучаснасці. Існуе вялікая колькасць праектаў на чале з НДА, цэрквамі ці проста невялікімі групамі людзей, якія ўвасабляюць салідарнасць на практыцы.

Спадарства Сэптэмбэр жывуць з малой пенсіі ў Атлоне ля ўваходу ў Кейп-кватэры. Двойчы на тыдзень яны рыхтуюць вялікі рондаль з ежай, і з ходніка перад домам раздаюць гарачую ежу тым, хто таго найбольш патрабуе.

Мэцью Котцэ, які сам у мінулым быў бяздомным, кіруе домам “Хлябы і рыбы” ў Солт-Рывэры. Усю сваю энергію, цярплівасць і вопыт ён прысвячае прыёму і рэсацыялізацыі маргіналізаваных людзей.

Пастар Дэ ла Харпэ прадстаўляецца расістам па навяртанні. 25 снежня ў Блумфантэйне ў садзе Галандскае рэфармацкае царквы Дзве Вежы, якой ён запраўляе, супольна з трыццаццю валанцёрамі з усіх супольнасцяў раздаў 500 калядных пасілкаў для бедных людзей, якія пасля выходзілі з яшчэ дадатковым пакункам правіянту.

У паўднёваафрыканскім кантэксце любое запрашэнне пераадолець бар’еры, каб выпрабаваць братэрства, падзяліцца надзеяй, шукаць крыніцы еднасці, вельмі актуальна. Цэлебрацыя адзінага Бога праз супольныя хвалу і маўчанне дазваляе нам убачыць, што абнаўленне нашае супольнасці магчыма.

Такія думкі натхняюць надзеяй нашую невялікую каманду, прысутную ў Кейптаўне, каб падрыхтаваць Сустрэчу ў верасні 2019 года. Мы чакаем 7-8 тысяч маладзёнаў з усёй Паўднёвай Афрыкі і з па-за яе межаў. Рыхтуюцца групы з Кот-д’Івуара, Кеніі, Танзаніі, Уганды, Замбіі, Мадагаскара, Ганы і краін, якія мяжуюць з Паўднёвай Афрыкай. Кіраўнікі галоўных Цэркваў накіравалі нам сумеснае запрашэнне, і мы атрымалі унікальную магчымасць наведаць і працаваць з усімі супольнасцямі, у разнастайнасці іх каранёў, канфесій і сацыяльнага паходжання. Секулярызацыя тут даволі падобная да сітуацыі ў Заходняй Еўропе: моладзь знікае з нядзельных царкоўных службаў пасля сваёй канфірмацыі. Прыехаць у Кейптаўн з іншых частак краіны - гэта доўгае і дарагое падарожжа. Але ёсць шмат тых, хто зразумеў, што такая экуменічная і міжнародная сустрэчу як гэта, куды запрашаюцца ўсе слаі “Вясёлкавай нацыі”, а таксама просяць пра гасціну, будзе сапраўднае спрыяльнае магчымасцю для іх рэгіёна.

Пасля першага года, прысвечанага вывучэнню горада, наведванню духавенства і абшчын, зараз нашая камандная праца з прымаючымі цэрквамі набірае больш практычнага кшталту. Складанасць грамадства і маштаб яго праблем стымулююць нашую малітву і веру. Нашую рэгулярную малітву мы праводзім ў англіканскай парафіі св. Барталамея ў Вудстоку - прыгарадзе Кейптаўна. Нас часта запрашаюць на “малітвы Тэзэ”... Стварэнне месца для ўсіх дазваляе людзям сустракацца і дзяліцца глыбінёю, праз гасціннасць і служэнне гэта тое пачынанне, чые стаўкі значна пераўзыходзяць практычную падрыхтоўку да сустрэчы, з усімі яго праблемамі для вырашэння, дазволамі на атрыманне, дамовамі на афармленне. Тое будзе ўнёскам да святкавання і падтрымкі надзей, якія Паўднёвая Афрыка ўжо ўвасабляе.

Апошняе абнаўленне: 6 August 2019