TAIZÉ

Восень 2024

Навіны з Украіны

 
Гэтае восенню чатыры браты Тэзэ праводзяць шэсць тыдняў ва Ўкраіне. Жывучы ў невялікім горадзе на поўнач ад Кіева, яны ездзяць з горада ў горад, каб наведаць групы маладзёнаў, памаліцца з імі і паўдзельнічаць у штодзённым жыцці. Адзін з братоў піша:
Вось некалькі радкоў з навінамі,
якія насамрэч не зусім навіны...
 
... за выключэннем таго, што мы прызвычаіліся
кожны дзень патрошку больш
 
да вайны,
да сірэнаў, якія раптоўна гучаць уначы, ці ранкам,
або калі мы чысцім бульбу на абед.
 
Да выбухаў
(не ведаючы, расейскія гэта ўдары ці ўкраінскія контратакі).
 
Да моманту, калі кожны дзень – а 9-ае раніцы –
усё спыняецца і краіна захоўвае хвіліну маўчання
памяці тых, хто аддаў жыццё за свабоду.
 
Да тых хвілінаў, калі мы чакаем,
каб сірэна прагучала другі раз
з абвяшчэннем аб заканчэнні папярэджання аб паветраным налёце
(і ў адрозненне ад першае нечаканае сірэны, гэтая другая такая чаканая!),
і жыццё можа пачацца зноўку,
хаця б на час, з палёгкай уздыхнуўшы:
«Якое шчасце, гэта быў не наш дом і не наш горад...»
(і цынічнае ўсведамленне,
што гэта быў чужы дом і горад).
І тое фальшывае пачуццё задавальнення ад таго, што дбаем пра сябе...
 
Да размоў за карэйскай гарбатай,
якая смакуе таксама горка
як найлепшая зялёная гарбата, якую мой майстар гарбаты
даў мне ў знак салідарнасці,
даведаўшыся, што я збіраюся ехаць ва Ўкраіну
(кажучы, каб ад ягонага імя выпіць яе з месцічамі)...
 
Павольна пацягваючы з гэтых кубачкаў,
напоўнены да краёў,
вы даяце сабе час, каб адкрыцца, пагаварыць...
альбо й не.
 
Бо нават тут цішыня прамаўляе,
крычыць,
абвінавачвае,
запытвае,
плача,
памятае і прыгадвае
жыццё, вырванае з іх рук...
Тут пра будучыню гаворыцца толькі ў сказах, якія вісяць у паветры
після перемоги...
 
Да таго, што прамоўлена,
(прашэптана, выкрычана)
і нявыказана...
Бо за кожным «все буде добре»
схаваны ўздых па каханай асобе,
ці на фронце, што знікла без вестак, паранена ці загінула.
 
Да гэтае неверагоднае, непераможнае надзеі,
да гэтае сілы не здавацца,
не скарыцца агрэсару, які спусташае іх краіну...
Гэта мяне заўсёды захапляе:
бачыць полымя ў людзкіх вачах
або ў зборах для ЗСУ,
нават калі набываем толькі кнігу ці багет.
Гэтае нязломнае жаданне жыць.
 
А яшчэ ёсць прыгажосць паўсядзённага жыцця
(звычайнага але тым не менш!), якое бачнае тут
у здзіўленні.
 
Усмешка чалавека, які выгульвае сабаку,
жанчына саджае кветкі перад сваім домам
(мне здаецца, тое былі ружы),
бабулька, якая гойдае ўнучку перад сваім шматкватэрным домам...
 
Усё гэта вельмі звычайнае для вас?
Але ў сярэдзіне гэтага трэцяга года вайны,
пад бачнымі і нябачнымі руінамі,
гэта знакі Ўваскрасення!
 
І ўсё больш і больш я пытаюся ў сябе,
які ва ўсім гэтым сэнс?
Ці мы тут проста дзеля таго, каб быць
– слухаць, жыць, маліцца, –
ці стаць сведкамі жыцця людзей, якія сустракаюцца на нашым шляху?
Для таго, каб нагадаць сабе, што іх жыццё
ў нейкім сэнсе нашае ўласнае?
Апошняе абнаўленне: 2 November 2024