TAIZÉ

Еўрапейская сустрэча ў Ростаку

Атрыманыя пасланні

 
На гэтае старонцы апублікаваныя звароты царкоўных і палітычных лідэраў да ўдзельнікаў 45-ае Еўрапейскае сустрэчы Тэзэ ў Ростаку.

Францішак, Біскуп Рыма
Барталамей I°, Сусветны Патрыярх
вялебная Анне Бургхардт, Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі
сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН


Папа Францішак

Дарагая моладзь,

з нагоды вашае прысутнасці ў Ростаку на Еўрапейскай сустрэчы Тэзэ, Яго Святасць папа Францішак жадае выказаць вам сваю духоўную блізкасць і прыхільнасць. Ён цешыцца, што пасля гадоў пандэміі вы можаце ізноў сустрэцца, што з’яўляецца прыгожым знакам надзеі. Падзякуйма ж за гэта Богу!

Як вы, бадай, ведаеце, наш свет сутыкаецца з рознымі вялікімі выклікамі, асабліва з трагедыяй паўторнага з’яўлення ў Еўропе вайны. Безумоўна, гэта непакоіць і абурае вас, і вы шукаеце спосабы адрэагаваць; што рабіць разам, каб дапамагчы будаваць мір і большае чалавечае братэрства. Мы павінны разумець зло, якое атачае нас, але таксама й тое, што часам жыве ў нашых сэрцах. Перад абліччам зла, тэма, якая сёлета аб’ядноўвае вас, “2023: Духоўнае жыццё і салідарнасць”, прывядзе вас да выбару Божага даверу, не расчароўваючыся ў чалавечнасці.

Папа можа выключна заахвоціць вас да такога варыянту. Сапраўды, менавіта дзякуючы малітве, духоўнаму жыццю, асабістым адносінам з Госпадам жыве надзея, а давер да Яго стала аднаўляецца. І менавіта практыкуючы чалавечую салідарнасць, узмоцненую прысутнасцю ў вас Госпада, вы адчуеце, наколькі Бог можа дзейнічаць праз вас, каб змяніць свет.

Акрамя таго, вы таксама вырашылі паставіць сабе пытанне аб творчасці, да якой Бог заклікае вас у гэты гістарычны час, калі многія маладзёны жывуць у трывозе, а часам нават у страху. У Евангеллі мы бачым, як Езус рыхтуе сваіх вучняў супрацьстаяць страху, які паралізуе, які блакуе ўсялякую ініцыятыву, які ізалюе. Ён абяцае ім не лёгкае жыццё, але свой супакой. Прымаючы гэтага Духа, вы зможаце сказаць «не» несправядлівасці ва ўсіх яе формах, адначасова дазваляючы саспець у вашым нутры «так», якое дазволіць вам супольна шукаць адказы на выклікі нашага часу.

Дзеля таго, каб даць магчымасць Божаму народу пачуць гэтага самага Духа, Святы Айцец уключыў Каталіцкі Касцёл у сінадальны працэс, каб добрая вестка Езуса лепш абвяшчалася свету з радасцю і надзеяй, якія Ён нясе кожнай асобе. Папа заахвочвае заняць належнае месца ў гэтым працэсе і запрашае да малітвы ў гэтай інтэнцыі.

Папа Францішак удзяляе вам апостальскага дабраслаўлення і просіць Святога Духа натхніць і падтрымаць у вас тое самае «так», якое Ён натхніў у сэрцы Панны Марыі.

арцыбіскуп Эдгар Пенья Парра, субстытут Дзяржаўнага сакратара Святога Пасаду па агульных справах

Сусветны Патрыярх Барталамей I°, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма

Дарагая моладзь,

пасля двух гадоў, адзначаных пандэміяй COVID-19 і вяртаннем на стары кантынент асабліва крывавага ўзброенага канфлікту, моладзевыя сустрэчы Тэзэ зноў выпраўляюцца на еўрапейскія шляхі, каб адмысловым чынам распачаць год у нямецкім Ростаку. З вялікае радасцю мы вітаем вас ды перадаем нашыя самыя цёплыя прывітанні ад Сусветнага Патрыярхату. Молімся, каб цягам наступнага 2023 года экуменічны досвед, сведкамі якога вы з’яўляецеся, стаў крыніцаю натхнення і аднаўлення.

Адкрываючы для сябе альбо адкрываюча нанова для ўсіх тых, для каго гэтыя сустрэчы ўжо не новыя, вопыт, які прапануецца вам перажыць гэтымі днямі, закранае самую аснову хрысціянства і ўдзелу ў таямніцы еднасці. І сапраўды, нават калі нашыя Цэрквы пакуль яшчэ не гатовыя сабрацца вакол аднаго келіху, моманты дзялення, магчымасці абмену, рэальнасць вашага «перабывання разам» ужо з’яўляюцца адчувальнаю праяваю сапраўднага досведу еднасці.

Усведамленне таго, што мы з’яўляемся членамі аднаго цела ў Езусе Хрысце, не можа быць абмежавана да нейкага інтэлектуальнага практыкавання, але гэта ўсведамленне, якім мы жывем, у якое верым, якое бярэ пачатак з тыгля, дзе раскрываецца сама таямніца адзінай і непадзельнай Тройцы. Часцяком хрысціянская вера выпрабоўваецца самой гісторыяй чалавецтва. Мы спадзяемся знакаў. Мы хочам запэўніванняў. Сумневы нашага часу не да вытрымання для нас. Аднак самым аб’ектам нашае веры з’яўляецца Божая асоба, а не нейкая ідэя Бога, а тым болей не расчараваная і безаблічная духоўнасць. Наш шлях ясны – ісці за праўдай, аб’яўленай уцелаўлёным Хрыстом, які аддаў сваё жыццё за жыццё свету. Гэтае духоўнае падарожжа з’яўляецца містычным яднаннем, паводле незвычайнага выказвання св. Паўла: “Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. Ён – спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці” (Эф 2, 13-14). Ці як пісаў яшчэ св. Рыгор Багаслоў: “Шчаслівы той, хто з дапамогай розуму і сузірання змог адмовіцца ад гэтага свету матэрыі ды плоці ..., каб сустрэць Бога і злучыцца з абсалютна чыстым святлом, наколькі тое даступна чалавечай прыродзе! Шчаслівы той, хто ўзвышаецца над гэтым светам і злучаецца з Богам у іншым свеце” (Размова 21, 2).

Хрысціянская еднасць з’яўляецца самавідавочным фактам, якому мы незваротна адданыя. Аднак з цягам часу, з цягам дзесяцігоддзяў, калі пачатковы энтузіязм слабее, неабходна задацца пытаннем аб прычынах нашага імкнення да адзінства. У дадатак да наказу Хрыста ў Евангеллі паводле святога Яна, “каб усе былі адно” (Яна 17, 21), які адзіны вызначае нашыя пошукі аднаўлення путаў еднасці, вельмі важна разумець пастаянна аднаўляючуюся актуальнасць гэтае запаведзі. Безумоўна, гістарычныя ўмовы змяняюцца. З іншага боку, нашая непахісная прыхільнасць да збліжэння хрысціян, да адзінства нашых Цэркваў, звязана з узнікненнем экуменічнага kairos, праз які выяўляецца царкоўная саборнасць, багаты вопыт якой вы сёння дасвядчаеце.

Няхай ласка еднасці і супакою ззяе ў кожным з вас і няхай будзе носьбітам надзеі, якая падтрымлівае царкоўнае жыццё, каб вы былі годнымі працаўнікамі ў вінаградніку Пана.


Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі

Дарагія пілігрымы даверу,
дарагі браце Алоісе і Супольнасць Тэзэ,

дасылаю вам вітанні ад імя Сусветнае лютэранскае федэрацыі, глабальнай супольнасці 149 цэркваў-членаў з больш чым 77 мільёнамі членаў.

Вы ўсе знаходзіцеся ў падарожжы, якое з’яўляецца паглыбленым усведамленнем таго, што азначае вера, як жывецца даверам і ў чым праяўляецца любоў. Божы план для нашага свету – гэта план прымірэння і міру. Гэтая добрая навіна падштурхоўвае нас працаваць дзеля справядлівасці і супрацьстаяць усім тым панаванням, уладам і гаспадарам, як піша апостал Павел, якія жадаюць падзяліць, раздрабніць і знішчыць стварэнне, задуманае Богам.

Вы сустракаецеся ў Ростаку. Еўропе ізноў пагражае рэальнасць вайны. Мы молімся за справядлівы мір ва Украіне, а таксама молімся за справядлівы мір у многіх іншых месцах нашай планеты. Мы таксама молімся аб міры з самой нашай планетай Зямля. Будзьма ж далікатна крочыць па ёй са справядлівым клопатам пра планету.

Лучуся з вамі ў малітве і актыўнае паставе падчас гэтае Еўрапейскае сустрэчы ў Ростаку. Дзітрых Банхёфер пісаў, што малітва і дзейнасць вызначаюць царкоўную будучыню. Будзьма ж горача маліцца і з радаснымі сэрцамі служыць бліжнім. Няхай Бог дабраславіць вас, каб вы маглі быць дабраславеннем для іншых.


сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

Абшчына Тэзэ з’яўляецца маяком надзеі, міру і спагады для незлічоных людзей ва ўсім свеце.

У мяне засталіся добрыя ўспаміны пра наведванне сустрэчы Тэзэ ў часы сваёй бытнасці студэнтам; жадаю вам усяго найлепшага, калі вы збіраецеся на штогадовую сустрэчу.

Мы сутыкаемся з надзвычай цяжкімі часамі. COVID-19 пагоршыў нестабільнасць і несправядлівасць. Нарастаюць канфлікты і няроўнасць. Мова варожасці і дэзінфармацыя раз’ядноўваюць людзей. А змяненне клімату разам са стратай біяразнастайнасці пагражае самому нашаму выжыванню.

Моладзь была ў авангардзе, каб біць трывогу і дабівацца пераменаў. Я цвёрда перакананы, што мы павінны зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць вашыя намаганні як дызайнераў нашае агульнае будучыні. Вось чаму я працаваў над пашырэннем узаемадзеяння з моладдзю, у тым ліку шляхам стварэння Упраўлення ААН па справах моладзі.

Дзякуй за вашую паставу па прасоўванню міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека ва ўсім свеце. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падтрымлівае вас у нашых агульных намаганнях па пабудове больш справядлівага, устойлівага ды інклюзіўнага свету для ўсіх.

Апошняе абнаўленне: 28 December 2022