Субота, 23 сакавіка | Словы прывітання падчас малітвы
Гэтым апоўднем мне б хацелася перадусім выказаць словы падзякі Цэрквам Лівана ды Радзе Цэркваў Блізкага Усходу за іх запрашэнне і прыём. Гэтая сустрэча ў Бейруце - плён прыхільнасці ўсіх іх лідэраў, а таксама працы шэрагу валанцёраў. Усім ім вялічэзны дзякуй!
Гэтымі днямі мы дасведчым цеплыню ўсходняе гасціннасці. Гэта вялікая радасць, што мы тут, усе разам, на гэтае першае сустрэчы Тэзэ на Блізкім Усходзе, у гэтай умілаванай краіне і на дабраслаўлёнай зямлі.
Гэтымі днямі мы разам перш за ўсё дзеля таго, каб слухаць адзін аднаго. З сотнямі маладзёнаў з Еўропы ды па-за ейных межаў, якія прыехалі з далечыні, нам бы хацелася натхняцца ўзорам шматвекавой традыцыі тых хрысціянаў Блізкага Усходу, што прадстаўлены ў іх вялікай разнастайнасці.
Тэматыка сустрэчы прыгадвае нам словы з Псальма 92 (91): “Праведнік цвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване. Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цвітуць на падворках Бога нашага”.
Гэты вобраз ліванскага кедра кранае мяне найбольш, бо ўжо ад нейкага часу аж да гэтага моманту два кедры растуць у Тэзэ, недалёк ад месца прысвечанага цішыні: нягдзедзячы на тое, што надаль усё яшчэ малыя, гэтыя дрэвы нібы далікатная, але й моцная сувязь паміж Тэзэ і гэтаю зямлёю Лівана.
Гэтымі днямі нам бы хацелася скіравацца да крыніцаў веры: укараняючы саміх сябе ў веры і гісторыі, будучы ўважнымі да духоўнага ўзрастання і пошукаў, каб адкрыць галіны нашага дрэва ўсім тым абапал нас.
Няхай гэтая сустрэча ў Бейруце стане часам радасці і знакам супакою!
Субота, 23 сакавіка | Разважанне падчас вечаровае малітвы
Гэтым вечарам яшчэ раз мне б хацелася выказаць нашую велізарную падзяку лідарам Цэркваў Лівана і Радзе Цэркваў Блізкага Усходу, парафіям і прымаючым абшчынам, якія рыхтавалі гэтую сустрэчу цягам шэрагу месяцаў.
Экуменічны камітэт, што падрыхтаваў сустрэчу, здзейсніў выдатную працу. Валанцёры былі падзеленыя на працоўныя групы, якія адрозніваліся вялікаю разнастайнасцю: хрысціяне з усіх Цэркваў працавалі разам.
Сапраўды, гэтая першая сустрэча Тэзэ ў арабскім свеце стала магчымаю па дабраслаўленні Цэркваў, дзякуючы падтрымцы свецкіх уладаў, прыхільнасці маладых валанцёраў, а таксама даверу тых, хто прымае нас... нас не ведаючы.
Па першым дні вы вернецеся ў сем’і, абшчыны і кляштары, якія прымаюць вас. Варта цешыцца, што дзверы расчыняюцца, каб прыняць нас! Істотна, бо ў нашых грамадствах, адзначаных часцяком нарастаючым недаверам, што тут мы маем простае дасвядчэнне даверу.
Гэтымі днямі мы сабраліся, каб выслухаць адзін адно. Усе мы маем нешта для атрымання, і нешта для перадачы. Нам, братам, разам з сотнямі маладзёнаў з Еўропы ды іншых рэгіёнаў асаблівым чынам хацелася б пачуць моладзь, што прыбыла з гэтае зямлі Блізкага Усходу, якая дабраслаўлена, і адначасова так добра знаёмая з пакутамі.
Асаблівым чынам я задумваюся пра моладзь з розных краін Блізкага Усходу, якая перабывае між намі. Мы чакаем на гэтыя дні, што дазволяць нам жыць паглыбленым абменам паміж Захадам і арабскім светам, так істотным для будучыні Царквы і чалавецтва.
Гэтае сустрэчы папярэднічалі візіты ў гэты рэгіён некалькіх братоў ды пілігрымка ў Егіпет у верасні 2017 г. да Копцкай царквы. Асабіста я маю добрыя ўзгадванні пра мой папярэдні візіт у Ліван тры гады таму, адкуль я таксама скіраваўся ў Сірыю, у Хомс і Латакію на святкаванне Раства ў краіне, якая была разрывана на часткі.
Ува ўсім гэтым рэгіёне хрысціяне з’яўляюцца сведкамі доўгае традыцыі веры. Шматвекавая гісторыя Царквы працягваецца пісацца й сёння. І, калі ў мінулым падзелы паміж хрысціянамі часцяком былі вялікім цяжарам, дык зараз мы адкрываем усе спосабы, якімі мы можам жыць разам, асабліва ў імя нашай веры.
Гэтае раніцаю ў малых групах дзялення вы разважалі на тэму ўкаранення ў веры, выкарыстоўваючы між іншым радкі з прарока Ераміі: “Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога - Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам” (Ерамія 17, 7-8).
Гэты вобраз - дрэва, пасаджанага над патокам вады - здаецца мне вельмі паказальным. Так, мы заўсёды можам больш глыбока шукаць корань нашае веры ў Бога, бліжэй да вытокаў жывой вады. Давяраць азначае разлічваць на Яго, на Ягонаю безварунковую любоў, на Ягоную добразычлівую ласку.
Тэкст, які мы пачулі сёння ўвечары падчас малітвы, дае нам іншы ключ да гэтае таямніцы. У прыпавесці пра сейбіта Езус прадстаўляе Бога як аднаго з тых, хто сее шчодра, без упэўненасці, што кожнае зернейка прынясе плён.
Бог дае ўсім без меры, а ўсе мы запрошаныя задацца пытаннем: якім чынам мы можам атрымаць тое, што Бог дае нам? Асабліва ў складаныя часы, адзначаныя гвалтам і вайною, сур’ёзнымі пагрозамі для экалагічнага балансу нашай планеты, мы ўсё болей адкрываем гэты імпульс да жыцця, часам нечаканы, які Бог прапануе нам.
Тая прыпавесць таксама распавядае нам, як хрысціянская надзея закранае канкрэтныя аспекты жыцця. Калі Езус прамовіў да Ягоных вучняў, сам Ён сустрэўся з варожасцю і абурэннем. Тым не меней, Ён выказаў Сваю надзею, што некаторыя зернейкі ўпадуць на добрую глебу.
Нашая малітва працягнецца вакол крыжа. Гэта тая малітва, якаю штотыднёва адбываецца ў нас у Тэзэ. Мы пакладзем крыж бліжэй на зямлю, каб кожны змог падыйсці і пакласці свой лоб на дрэве крыжа.
Молячыся такім чынам, мы выказваем Хрысту, што мы давяраем Яму ўсё тое, што так цяжка для нас, каб Ён змог несці тое разам з намі. Сёння ўвечары асаблівым чынам мы будзем маліцца за нашыя сем’і і блізкіх, за тых, хто перажывае цяжкасці. Таксама мы молімся за нашыя адпаведныя краіны. Няхай Святы Дух Суцяшальнік будзе прысутнасцю надзеі.
Нядзеля, 24 сакавіка | Разважанне падчас вечаровае малітвы
Гасціна, якую мы атрымалі гэтымі днямі і якою дзелімся, застанецца для ўсіх нас вельмі моцным успамінам пра гэтую сустрэчу. З нагоды таго, што некаторыя з тых, што прынялі нас, перабываюць сёння ўвечары тут, нам бы хацелася сказаць ім вялікі дзякуй за гэтую цудоўную гасціну. У гэтыя дні гэта цешыць нашыя сэрцы і спрыяе для нашага цела.
Усім прысутным нашым ліванскім сябрам адну рэч я хацеў бы сказаць асабліва: словы падзякі за іх сведчанне веры. Сувязі паміж Тэзэ і Ліванам прайшлі доўгі шлях. У 1982 годзе ў Ліван прыехаў брат Ражэ, у час, калі тут надаль тачылася вайна.
У часе свайго візіту ён абвесціў пра вельмі істотную ініцыятыву: гэта было ў Ліване, на Раство 1982 г., з маладзёнамі з Бейрута, тое, што распачало “сусветную пілігрымку паяднання”, якая пазней прыбрала назву “Пілігрымкі Даверу”. Гэтае паломніцтва працягваецца й сёння, з акцэнтаваннем сустрэч, якія мы рыхтуем на розных кантынентах.
Сапраўды, дзякую ўсім вам з глыбіні свайго сэрца, дарагія сябры з Лівана. Дзякую вам за тое, што ў сучасным свеце вы ўвасобілі сваю веру ў жыццё, на гэтай зямлі Блізкага Усходу, так часта раздзіранай канфліктамі. Дзякую вам за ўваход у дыялог з мусульманскімі вернікамі: нешта падобнае мы будзьма мець заўтра апоўдні з нагоды 25 сакавіка, вакол постаці Марыі, якая з’яўляецца мастом паміж хрысціянствам ды ісламам.
Сёння мы працягваем нашае падарожжа, якое распачалося ад вобраза ліванскага кедра, разважаючы пра духоўнае ўзрастанне. У чытанні сёння ўвечары мы пачулі, як апостал Павел настойвае на еднасці і праўдзе, што з’яўляюцца адзіным спосабам узрастання “ў адносінах да таго, хто з’яўляецца галавою, Хрыстом”.
Для гэтага ўзрастання ў веры, як мне падаецца, важна, каб крочыць разам з іншымі. Нібы малое дзіцяці, што мае патрэбу ў любові і пяшчотах для ўзрастання ў жыцці, так кожны вернік патрабуе сям’і, абшчыны, узрастання ў веры.
У Царкве мы атрымалі цудоўны дар, які называецца камуніяй. Дар камуніі ўтрымлівае адначасова адносіны паміж членамі Хрыстовага Цела, але таксама, нават шырэй, прагненне бачнай еднасці Царквы.
Пошукі еднасці перадусім азначаюць дазволіць Хрысту займаць першае месца - Ён адзіны, хто збірае нас разам. Хрыстус ужо аб’яднаў нас: да нас належыць, што ў нашае моцы, каб раскрыць гэтае адзінства, якое таямнічым чынам ужо даканалася ў Божым сэрцы.
Цягам 2019 года падчас міжнародных сустрэч у Тэзэ мы разважаем тэму гасціннасці. Гэтым вечарам мне б хацелася сказаць некалькі слоў наконт гасціннасці, бо, мне здаецца, што паміж ёю і духоўным узрастаннем глыбокая сувязь.
Перад тым, як мы будзем пакліканыя да гасціннасці адносна чужынца альбо таго, хто пагрукае да нас у дзверы, гасціннасць ужо з’яўляецца часткаю тоеснасці Бога. Бог сам з’яўляецца крыніцаю гасціннасці: Ён запрашае ўсіх нас, без аніякіх варункаў; Ён прагне нашага шчасця.
Больш таго, праз Хрыста Бог пайшоў так далёка, што ажно стаў адным з нас, каб сабраць і прыняць чалавецтва. Калі Бог дае нам той дар гасціннасці, неабходны наш вольны адказ дзеля таго, каб мы змаглі дасведчыць з Ім сапраўднай еднасці.
З пакораю Хрыстус стаіць ля нашых дзвярэй і грукае. Нібы жабрак Ён спадзяецца і чакае на нашую гасціну ў адказ. Калі хто-небудзь адчыніць Яму свае дзверы, Ён увойдзе. Для нас, хрысціянаў, менавіта праз твар і пасланне Хрыста мы ведаем, што Бог - гэта любоў: Ён прапаноўвае нам сяброўства.
Простаю малітваю мы даем Яму доступ да нашых сэрцаў. Нават тады, калі мы вельмі слаба адчуваем Ягоную прысутнасць, Хрыстус прыходзіць, каб перабываць у нас. Каб запрасіць Яго, не трэба шмат. Нават праз нашую вельмі сціплую малітву Ён прыходзіць да нас праз Святога Духа.
Такая сціпласць малітвы суадносіцца са сціпласцю жыцця. Каб стаць сведкам Евангелля, багацце рэчаў часам можа стаць перашкодаю. Калі нам неабходна не так багата, калі мы вырашылі выбраць больш сціплы лад жыцця, наколькі тое магчыма, дык тое таму, каб Евангелле магло лепей свяціць праз нас. І тое, што праўдзіва ў жыцці кожнага з нас, таксама праўдзіва ў жыцці Царквы.
Так будзьма ж цешыцца гэтымі днямі, нават з нашымі пустымі рукамі і нашаю вераю, якая часам так малая, Бог спрыяе таму, каб насенне ўзрастала нібы на ўрадлівай глебе.
Як тое было ўчора вечары, мы працягнем спяваць і маліцца вакол крыжа. Гэтае малітваю мы ва ўсёй нашай разнастайнасці вельмі яскрава выказваем, як Хрыстус ужо з’яднаў нас. Так, Ён развёў рукі да ўсяго сусвету, каб паказаць нам Божую любоў.
Гэтая малітва дазволіць нам не толькі задумацца пра нашыя ўласныя цяжары, але таксама пра ўсіх тых, хто перажывае цяжкасці ў сваім жыцці: тых, хто пакутуе душою ці целам, тых, хто быў вымушаны пакінуць сваю краіну, ахвяр несправядлівасці рознага кшталту, тых, хто дасвядчае самотнасці.
Так, як сказаў Езус да тых, хто пайшоў за Ім, “Прыйдзіце да Мяне ўсе абцяжаранныя, і Я суцешу вас!”. Сваім жыццём, Сваёю смерцю і Сваім уваскрасеннем Хрыстус адкрыў для ўсіх і кожнага з нас шлях жыцця.
Панядзелак, 25 сакавіка | Міжрэлігійныя абыходы ўрачыстасці Звеставання
“Салям алейкум!” Супакой вам! Няхай гэтае прывітанне будзе зычэннем узаемнага дабраслаўлення між намі. Сапраўды, гэта вялікае дабраслаўленне быць разам у гэты дзень 25 сакавіка, калі хрысціяне і мусульмане шануюць Марыю тут, у Ліване.
Для абодвух Марыя - прыклад верніка. З упэўненасцю, Марыя аддалася Божай волі. У сваю чаргу, ад яе мы можам навучыцца гэтай паставы самааддачы Богу. Мне б хацелася сказаць нашым мусульманскім сябрам, якія сёння тут, наколькі я захоплены прысутнасцю ў іх вялікай духоўнай традыцыі гэтага прагнення аддачы сябе Богу.
У апошнія гады ў Тэзэ мы паглыбілі дыялог сяброўства паміж мусульманамі і хрысціянамі. Бо менавіта ў імя нашай веры мы хацім увайсці ў гэты дыялог. Сапраўды, у Евангеллі мы бачым, як Езус паконваў культурныя, сацыяльныя і рэлігійныя бар’еры Сваіх часоў, каб увайсці ў адносіны з людзьмі, што не былі Ягоным людам, што не падзялялі Ягонай веры.
З нашага боку, якім чынам мы можам прыняць тую глыбокую паставу адкрыцця, якую мы бачым у дзейнасці жыцця Езуса? Перадусім, я веру, праз паўнавартаснае ўнутранае жыццё мы можам не боячыся прымаць разнастайнасць іншых, іх непадобнасць, з даверам адкрытага сэрца.
Плёнам гэтае ўнутранае паставы будзе сапраўднае братэрства з людзьмі вакол нас. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў браты нашае абшчыны жывуць гэтае дружбаю ў малых групах на розных кантынентах. У Бангладэшы і Сенегалы, па-суседску з насельніцтвам, што галоўным чынам мусульманскае веры, яны ўтварылі сапраўдныя путы сяброўства.
Калі мы разважаем пра братэрства, дык таксама таму, што верым, што Бог - айцец усіх чалавечых істотаў. І для нас, хрысціянаў, праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса мы адкрываем гэтую безварунковую Божую любоў.
Дазваляючы братэрству і сяброўству ўзрастаць, тое азначае ўшанаванне іншых у іх рознасці. У любым сапраўдным міжрэлігійным дыялогу пастава павагі павінна ўстрымліваць нас ад жадання змушаць іншага чалавека думаць, як мы. Сапраўднае сяброўства магчымае з людзьмі, што думаюць вельмі адрозна, нават па істотных пытаннях!
Безумоўна, такое сяброўства без сумневу таксама ўключае элемент пакуты, бо скарб маёй веры не можа быць цалкам прыняты і падзелены іншае асобаю. Тое, што для мяне крыніца глыбокай радасці, можа быць нават недаступна для іншага.
Але тое не павінна паўстрымліваць нас ад навязвання дыялогу! Нават з гэтымі таямнічымі межамі мы заўсёды пакліканыя кахаць і паважаць іншых такімі, якімі яны ёсць, імкнуцца пазнаць лепей, ува што яны вераць, вытокі іх жыцця.
Зараз, калі наш свет часцяком сутрасаецца лютасцю, істотна, каб рабіць усё дзеля дэманстравання, што рэлігіі не жадаюць вайны, але імкнуцца быць чыннікамі супакою, сяброўства і братэрства сярод усіх чалавечых істот.
Маё жаданне, каб гэты дзень, калі мы святкуем разам, дазволіў усім нам даведацца пра пашырэнне сэрца. Так, дазвольма прыняць адзін адно, дазвольма іншым прыняць нас - асобу, што знаходзіцца перада мною, чужынца, некага, хто адрозніваецца ад мяне.
Дзякуючы нашае сустрэчы і цудоўнаму прыёму ў Бейруце гэтымі днямі, мы дасвядчаем, што ўсе мы - адна чалавечая сям’я.
Панядзелак, 25 сакавіка | Разважанне падчас вечаровае малітвы
Сёння ўвечары ўжо апошняя супольная малітва нашай цудоўнай сустрэчы ў Бейруце. Зноўку мне б хацелася выказаць нашую глыбокую ўдзячнасць тым, хто ўчыніў гэтую сустрэчу мажліваю, асабліва адказным асобам з розных патрыярхатаў і Рады Цэркваў Блізкага Усходу.
Нашая самая шчырая падзяка сем’ям ды рэлігійным абшчынам, якія прынялі моладзь, шматлікім валанцёрам, што працавалі без стомы, кіраўнічым і выканаўчым камітэтам, а таксама ўсім розным камандам, што паклапаціліся пра ўсе дэталі.
Не ведаю, як выказаць, наколькі я ўзрушаны, бачучы ўсіх вас, тут сабраных, што прыехалі здалёк да Лівана. Зараз мы будзем пачувацца бліжэй да Лівана і Блізкага Усходу, асаблівым чынам бліжэй да маладзёнаў з Палестыны і Святой Зямлі, да тых, хто прыехаў з Сірыі, Іраку, Ірану, Іарданіі ды Егіпту. З усяго сэрца дзякую вам усім: شكرا جزيلا (shukraan jazilaan)!
Трэцяя частка нашых разважанняў гэтымі днямі сёння стала больш глыбокаю, гэтаю раніцаю ў малых групах ды на тэматычных сустрэчах у другой палове дня. Гэта тая рэчаіснасць, якую мы бачым у працэсе росту кедравых галін: яны растуць, так бы мовіць, з боку ў дачыненні да іншых.
Як мы можам выканаць тое адкрыццё ў нашым паўсядзённым жыцці? На каго мы павінны адкрыцца? Міжрэлігійная сустрэча сёння апоўдні дала нам да таго магчымасць. Сапраўды, пры праўдзівым дыялогу з вернікамі іншых рэлігій, калі нашая ўласная вера глыбока ўкаранёная, мы нічога не губляем з нашай тоеснасці!
Ці магу я падзяліцца з вамі дасвядчэннем такога кшталту, што мы маем у Тэзэ? На працягу шэрагу гадоў мы запрашаем мігрантаў, бежанцаў з розных краін на Блізкім Усходзе, але таксама з Судану, Эрытрэі і Афганістану.
Многія з тых уцекачоў мусульмане. Цягам часу паміж намі развілася глыбокае сяброўства. А таксама, калі мы ўвайшлі ў кантакт з людзьмі з розных мясцін, наш погляд змяніўся, і вельмі істотна.
У тэксце, які мы пачулі сёння ўвечары, мы можам знайсці прыклад гэтае паставы ў жыцці Езуса. Сцэна адбываецца ў Тыры і Сідоне (сучасныя Сур і Сайда, адпаведна) на гэтай ліванскай зямлі, дзе мы сабраліся. Гэта незвычайная сустрэча паміж Езусам і жанчынаю з Ханаана, якую св. Марк апісвае як прыбылую з Фінікіі - старажытная назва Лівана.
Калі тая жанчына прыходзіць, каб папрасіць Езуса аздаравіць ейную дачку, спачатку Езус не адказаў ёй. Той адказ, які пазней Ён скіраваў да яе, здаецца быць пагардлівым для не-юдэя: “Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Гэта прыгадвае нам, што місія Езуса была скіраваная перш за ўсё да народу Ізраэля, задоўга да таго, як Ягоныя вучні атрымалі пасланне абвяшчаць добрую навіну ўсім народам.
Нягледзячы на такі адказ, які крыху бянтэжыў, жанчына працягвала маліць Езуса дапамагчы яе дачцэ. Яна не годзіцца з першапачатковым адказам Езуса, але настойвае, кажучы: “Шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх”.
Затым наступае дзіўная заўвага Езуса, што азначае сапраўдны адварот: “О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”. У выніку гэтае асабістае сустрэчы Езус адыйшоў ад устрыманага выказвання да паставы павагі і гасціннасці. Так, нібы жанчына лічыла на давер Езуса, нібы ў таямнічы спосаб спазнала паўсюдны характар Ягонай місіі сярод нас.
Сапраўды, дазваляючы сабе быць здзіўленымі Богам і адкрываючы сяброўства, што заахвочвае нас, будзьма ж дзяліцца, як тое чыніў Езус, прымаючы іншых у іх разнастайнасці! Каб здзейсніць так радыкальны крок наперад, неабходнае асабістае спатканне.
Мне здаецца, што гэта таксама мэта нашае “пілігрымкі даверу”: яна хоча прапанаваць платформу для дыялогу і спаткання. У бліжэйшыя месяцы гэтая пілігрымка будзе працягвацца ў розных месцах.
Вельмі запрашаем вас прыехаць у Тэзэ летам ці цягам усяго года. З 25 жніўня па 1 верасня спецыяльны тыдзень разважанняў збярэ моладзь ад 18 да 35 гадоў з сёлетняю дадатковаю праграмаю, прысвечаную ахове Тварэння. Перад тым, з 22 па 25 жніўня, адбудуцца выходныя для сяброўства паміж маладымі хрысціянамі і мусульманамі.
У верасні ў паўднёваафрыканскім Кейптаўне адбудзецца чарговая Афрыканская сустрэча моладзі, пасля якой так, як звычайна напрыканцы кожнага года, пройдзе Еўрапейская сустрэча ў Польшчы.
Напрыканцы нашае сустрэчы ў Бейруце запытаймася саміх сябе: што мы лепей зразумелі з Евангелля гэтымі днямі? Без затрымкі мы можам застасаваць на практыцы тое няшмат, што мы зразумелі, з нашымі абмежаванымі магчымасцямі, а нашае існаванне будзе пераўтворана.
Добрага падарожжа ўсім й кожнаму з вас, а між сабою будзьма ж паўтараць словы супакою, якія мы пачулі гэтымі днямі: “Няхай супакой будзе з табою!”. І няхай той супакой працягвае ззяць з нашых сэрцаў.