TAIZÉ

Экуменічны злёт моладзі ў Хомсе, Сірыя

 

28 красавіка - 1 траўня 2022 г.

Падчас Міжнароднае экуменічнае Сустрэчы Моладзі, якая адбылася ў Ліване ў сакавіку 2019 г., арганізаванай Супольнасцю Тэзэ сумесна з Радаю Цэркваў Блізкага Усходу і рознымі царкоўнымі супольнасцямі, прысутнымі ў Бейруце, каля шасцідзесяці маладзёнам з Сірыі, якія ўжо мелі сувязі з Тэзэ, удалося далучыцца да 1800 іншых маладых людзей, якія прыехалі з розных краін свету, каб прыняць удзел у гэтае Сустрэчы. Падчас візіту аднаго з братоў Тэзэ ў Хомс ды іншыя гарады Сірыі ў лютым 2020 г. невялікая супольнасць айцоў езуітаў у Хомсе прапанавала на 2021 год ідэю арганізацыі супольна з Тэзэ экуменічнае сустрэчы для моладзі ў Сірыі. Месцам гэтае сустрэчы быў абраны горад Хомс, а падрыхтоўкаю займаліся таксама іншыя Цэрквы, прысутныя ў гэтым рэгіёне.

На сустрэчу былі запрошаныя маладыя хрысціяне з розных рэгіёнаў Сірыі розных хрысціянскіх канфесій. З-за палітычнага і эканамічнага кантэксту, у якім перабывае краіна, уяўлялася слушным, каб удзел у сустрэчы прынялі толькі маладзёны з Сірыі. Для іх гэта было б магчымасцю ўжо зараз жыць знакам патэнцыяльнае надзеі ў агульным кантэксце штодзённага жыцця, якое з’яўляецца і, верагодна, застанецца яшчэ доўгі час вельмі цяжкім. Акрамя таго пандэмія Covid-19, якая закранула Сірыю, як і многія іншыя краіны свету, змусіла перанесці планаваную сустрэчу на канец красавіка 2022 года - адпаведны для такога злёту час.

Пасля некалькіх месяцаў падрыхтоўкі з моладдзю розных хрысціянскіх супольнасцяў ды кіраўнікамі розных Цэркваў, якія прысутнічаюць у Хомсе, у цеснай сувязі з Абшчынаю Тэзэ, і дзякуючы велізарнае колькасці кантактаў і каардынацыйнае працы, праведзенай на мясцовым узроўні манахамі езуітамі, нарэшце, 28 красавіка мара стала рэальнасцю.

Каля 750 маладзёнаў з розных рэгіёнаў Сірыі, прыналежныя да розных прысутных тут Цэркваў, з’язджаліся ў Хомс у вельмі прыгожы сонечны дзень. Гэта асаблівая падзея для маладых хрысціян гэтае краіны, якая надаль моцна адзначана грамадзянскае вайною, што спустошыла ўвесь край цягам апошніх гадоў, вайною, якая прывяла да масавага адтоку насельніцтва. У плане эканамічным краіна знаходзіцца на мяжы вытрымаласці, бо яшчэ больш пацярпела ад краху эканамічнага і сацыяльнага жыцця суседняе краіны, Лівана.

Усіх юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў прымаюць сем’і горада Хомс. Тутака 10 парафій возьмуць на сябе адказнасць за ранішнюю праграму з удзелам прадстаўнікоў грэка-праваслаўнай, грэка-каталіцкай, сірыйскай праваслаўнай, сіра-каталіцкай, рымска-каталіцкай, мараніцкай і прэсвітэрыянскай Цэркваў. Каля пяцідзесяці майстар-класаў творчых практычных заняткаў (маляванне, тэатр, скульптура, спевы, музыка, танцы, фатаграфія і г.д.) дазволяць усёй гэтай моладзі радасна правесці час. Двойчы на дзень, апоўдні і ўвечары, прыгожая супольная малітва збірае ўсю гэтую моладзь пад шырокім намётам, усталяваным каля касцёла езуітаў у Хомсе. У часе гэтых малітваў традыцыйныя арабскія песні чарагуюцца са спевамі Тэзэ на арабскае мове.

У чацвер вечарам, 28 красавіка, пасля слоў прывітання ад кіраўнікоў прысутных у Хомсе Цэркваў, усім маладым людзям, якія сабраліся на першую супольную малітву, будзе перададзена прывітальнае пасланне ад брата Алоіса, прыёра Тэзэ. Па вечарах пятніцы і суботы, 29-30 красавіка, падчас супольных малітваў, пасля часу ў цішыні, чытаўся тэкст медытацыі брата Алоіса, у якім за кожным разам уздымаецца аспект тэматыкі гэтага моладзевага злёту ў Хомсе: як жыць Богам сёння, у рэальнасці нашага сённяшняга жыцця там, дзе мы знаходзімся і там, дзе мы жывем.

Крызіс, які перажывае ўся моладзь у Сірыі, даволі глыбокі. Што ж дапамагае нам не быць паралізаванымі жыццёвымі цяжкасцямі? У чым мы можам адшукаць крыніцу мужнае надзеі, каб жыць паўнатою цяперашняга моманту? Амаль ва ўсіх абменах думкамі, якія браты з Тэзэ адбылі за апошнія некалькі месяцаў з моладдзю ды дарослымі Хомса, гэты заклік паўтараўся зноў і зноў: маліцеся за нас, маліцеся, каб гэтая сустрэча прайшла добра, каб яна стала крыніцаю радасці і надзеі для ўсіх маладых людзей, якія прыедуць сюды, каб яна дапамагла нам пражыць той час у Сірыі давераю веры, перакананнем, што мы не асамотненыя, што вы моліцеся з намі. Гэта заклік скіраваны да кожнага з нас, асабліва падчас гэтых трох дзён сустрэчы.


Здымкі J. Alkhoueiry, з Лівану (спецыяльна для Taizé).

Апошняе абнаўленне: 2 May 2022