TAIZÉ

Талін 2024-2025

Абвяшчэнне пра месца 47-ае Еўрапейскае сустрэчы

 
Увечары 30 снежня 2023 г. у Любляне брат Мэцью абвясціў, што напрыканцы 2024 года наступная Еўрапейская сустрэча адбудзецца ў сталіцы Эстоніі.

Пасля абвяшчэння брат Мэцью даў слова тром прадстаўнікам эстонскіх Цэркваў:

- Я хацеў бы папрасіць лютэранскага пастара Ове Сандэра сказаць некалькі слоў, каб запрасіць усіх вас прыехаць у Талін з 28 снежня 2024 г. па 1 студзеня 2025 г.:

- Дарагія браты і сёстры ў Хрысце. Для мяне вялікая радасць і прывілей сардэчна прывітаць вас у наступным годзе на Еўрапейскае сустрэчы Тэзэ ў Таліне. Эстонія – невялікая краіна, але са значнай колькасцю людзей вялікага сэрца. Эстонія не багатая краіна, але ўсё ж багатая сваёй культурай. Эстонія лічыцца даволі свецкай краінай, але вы можаце знайсці шмат людзей з глыбокай верай і адданасцю Хрысту. Няхай гэтая наступная Сустрэча ў Таліне, як і цяперашняя тут, у Любляне, наблізіць нас адно да аднаго і да Бога, дапамагаючы нам узрастаць у нашым адзіным непаўторным пакліканні да Яго будучага Валадарства. Тым часам няхай любоў Айца, міласэрнасць Сына і адзінства Духа застаюцца з усімі намі.


- Трыйн Салму адказвае за працу з моладдзю ў Эстонскай Евангелічна-Лютэранскай Царкве, а таксама ў Радзе Цэркваў у Эстоніі: “Што азначае быць маладым і хрысціянінам у Эстоніі?”

- Гэта азначае, што ты вылучаешся сярод іншых людзей. Гэта можа азначаць, што на імгненне ты адчуваеш сябе адлучаным і ізаляваным ад іншых маладых людзей вакол сябе ў школе, але гэта таксама дае шанец быць прыкладам Езуса для іншых. Прыналежнасць у грамадстве да нейкае меншасці стварае таксама пачуццё еднасці з іншымі хрысціянамі і дапамагае пераадольваць канфесійныя межы, асабліва сярод моладзі.


- На працягу многіх гадоў у Тэзэ прыязджала пастар Тыйна Клемент: “Чым будзе і што прадставіць гэтая Сустрэча для Цэркваў у Эстоніі ў гэты час?”

- Дарагія браты і сёстры. Я вельмі цешуся, што наступная Еўрапейская сустрэча пройдзе ў мяне на радзіме. Гэтая Сустрэча, дзе тысячы маладых людзей збіраюцца на малітву і дзеляцца адно з адным сваёй верай і жыццём, стане вялікай падтрымкай і натхненнем для эстонскае моладзі. Гэта ўздыме наш народ і дасць надзею на будучыню нашае Царквы. Паколькі нас небагата, усе розныя Цэрквы будуць працаваць разам – гэта будзе бачны знак аднаго цела Хрыстовага і Божае прысутнасці для ўсяго грамадства. Сардэчна запрашаем! Беражы вас Бог!


Здымак: Taizé Ljubljana

Апошняе абнаўленне: 31 December 2023