На працягу многіх гадоў пастар Тыіна Клемент прыязджае з моладдзю ў Тэзэ. На здымку (другая злева) з іншымі эстонцамі і братам Мэцью ў Любляне 1 студзеня 2024 г.
→ Што было самым важным аспектам Вашага досведу ў Тэзэ?
• Тэзэ ўпершыню я наведала ў 2002 годзе. Тады ў сваім зборы я была адказнаю асобаю за працу з моладдзю, таму ўзяла 50 маладзёнаў да Тэзэ. Я была вельмі кранутая малітвамі і біблейскімі ўводзінамі. Свой спосаб маліцца і чытаць Біблію я адкрыла ў Тэзэ. Многія біблейскія гісторыі сталі для мяне нашмат ярчэйшымі. Мяне таксама вельмі кранула вечаровая пятнічная малітва, калі я пабачыла тысячы маладзёнаў, якія на каленях падыходзілі да Крыжа.
→ Якім чынам атрыманы ў Тэзэ досвед паспрыяў Вашаму пастырскаму служэнню?
• Для маёй моладзі паездка ў Тэзэ была вельмі важнай. Некалькі асобаў нашае групы сказалі, што іх вера ўзмацнілася і паглыбілася падчас тыдня ў Тэзэ. Таксама як у Тэзэ, мы пачалі рэгулярна маліцца й у нашым зборы.
→ Напрыканцы 2024 года ў Таліне пройдзе 47-я Еўрапейская моладзевая Сустрэча. Чаго Вы чакаеце ад гэтае Сустрэчы для сябе, для маладых эстонцаў, для Цэркваў краіны і для саміх гасцей?
• Я спадзяюся, што Еўрапейская сустрэча ў Таліне будзе стымуляваць супрацоўніцтва паміж рознымі веравызнаннямі, дасць новыя сілы і натхненне тым, хто займаецца справамі Царквы, а ў абшчыны прыцягне новых людзей. Я таксама спадзяюся, што людзі, якія кажуць, што вельмі скептычна ці абыякава ставяцца да Царквы, адкрыюць веру ў Бога і адважацца прыйсці ў прыходы, парафіі, зборы.
Хен Каалеб Хумал вучыцца ў Эстонскім універсітэце прыродазнаўчых навук у Тарту. Ён з’яўляецца членам моладзевае групы прыхода пры кірсе ап. Паўла Эстонскай Евангелічнай Лютэранскай Царквы.
→ Ты ўдзельнічаў у апошняе Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне. Які аспект твайго досведу быў найбольш значным?
• Для мяне вельмі прыемным быў прыём у парафіі вёскі Доб. Жыхары вельмі дынамічныя і прапануюць мноства мерапрыемстваў. Камунікацыя паміж парафіяй і моладдзю была добрай.
→ Напрыканцы 2024 года ў Таліне пройдзе 47-я Еўрапейская моладзевая Сустрэча. Чаго ты чакаеш ад гэтае Сустрэчы для сябе, для маладых эстонцаў, для Цэркваў краіны і для саміх гасцей?
• Я спадзяюся зрабіць свой унёсак у арганізацыю Сустрэчы. Мне ўжо даводзілася здзяйсняць апеку над групамі. Спадзяюся, што маладыя эстонцы ўспрымуць запрашэнне да ўдзелу ў Сустрэчы як выклік. Прыходы чакаюць такой колькасці ўдзельнікаў, якой яшчэ не было ў нашае краіне. Таму мы спадзяемся, што калядны час напрыканцы года ў Таліне Эстонія, маладыя эстонцы і госці правядуць добра.
Юле – дыяканіса Эстонскай Евангелічнай Лютэранскай Царквы. Вечарам Вялікай суботы ў Храме Паяднання ў Тэзэ брат Мэцью даў ёй слова, каб яна запрасіла маладзёнаў прыехаць у Талін напрыканцы года.
→ Што было самым важным аспектам Вашага досведу ў Тэзэ?
• Упершыню я пабывала тут у 1990-ыя гады, пасля тэалагічнага навучання. У Тэзэ я адкрыла, наколькі хрысціяне імкнуцца служыць іншым. Менавіта там я адчула пакліканне стаць дыяканісаю.
→ Што з’яўляецца самай вялікай радасцю вашага дыяканскага служэння?
• Усё служэнне ў радасць. Радасць у нашых сэрцах. Калі ж я адчуваю, што ў чыімсьці сэрцы зараджаецца новая надзея, радасць узрастае.
→ Чаго Вы чакаеце ад Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне?
• Мы рады падзяліцца сваёй культурай і надзеяй. Мы з радасцю адчыняем нашы дамы для маладых пілігрымаў. Спадзяюся, што супольныя малітвы дапамогуць нам будаваць усю Царкву – Цела Хрыста. Запрашаем маладых эстонцаў. Нам патрэбна новае адраджэнне, як мы бачылі тое пасля здабыцця незалежнасці, калі моладзь з Эстоніі сцякалася ў Тэзэ і пачала адбудоўваць нашую Лютэранскую Царкву ў Эстоніі. Мы таксама спадзяемся, што ўдзельнікі з іншых краін дапамогуць нам будаваць масты паміж рознымі культурамі. Маладзёны пазнаюць новых сяброў з розных грамадскіх слаёў. Для нашага зусім новага прыхода ў раёне Мустамаэ, вялікай тэрыторыі з 60 000 жыхароў, гэта дапаможа быць больш бачнымі. Так важна маліцца за супакой у свеце, у нашым рэгіёне, ва Украіне, за супакой у сэрцах людзей. Важна быць разам з тымі, хто пакутуе ад вайны ва Украіне.
Ян-Таніэль Шаўцоў адказвае за моладзевую групу пры катэдральным прыходзе кірхі Каарлі ў Таліне. Сваю місію ён прадстаўляе наступным чынам: “Я імкнуся прапанаваць моладзі творчыя заняткі, гульні, якасны час з іншымі маладзёнамі і, вядома, самае галоўнае, «з Богам». Іншымі словамі: дзяліцца Божае любоўю, якой Ён заўсёды дзеліцца са мною!”
→ Ты ўдзельнічаў у апошняе Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне. Які аспект твайго досведу быў найбольш значным?
• Мне спадабалася прысутнасць Святога Духа, якую мы адчувалі падчас гэтага мерапрыемства. Мне спадабалася, што хрысціяне з розных краін і розных веравызнанняў сабраліся разам, каб служыць нашаму Богу і набліжацца да Яго і Яго Валадарства.
→Тэмай ранішняй праграмы 29, 30 і 31 снежня, якую падрыхтуюць прымаючыя абшчыны ў Таліне, стане «Сустрэча з людзьмі надзеі». Каго б вы хацелі прадставіць вашым маладым гасцям?
• Мы маем добрых сведкаў, якія раней былі наркаманамі і не ведалі Бога. Сёння яны евангелізуюць і выступаюць перад няверуючымі. Я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з вамі і сумеснага служэння Богу!