TAIZÉ

Пілігрымка Даверу на Зямлі

Пілігрымы супакою: дзеля чаго?

 

У заключны вечар Еўрапейскае сустрэчы ў Любляне брат Мэцью задаў наступнае пытанне:

“Ці гатовыя мы крочыць адным шляхам? Калі мы можам гэтак зрабіць, тады як хрысціяне, ужо разам, нібы дрожджы ў цесце, мы зможам змяніць сітуацыю. Ці мір паміж намі не даў бы большай надзеі на мір у свеце? Ці гатовыя мы вырушыць у якасці пілігрымаў міру пачынаючы ад цяперашняе Сустрэчы да Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне, працягваючы нашую Пілігрымку Даверу на Зямлі?

Як мы можам маліцца, сустракацца і нават хадзіць з месца на месца, ад храма да храма, шукаючы шляхоў супакою?”


Якім чынам кожны з нас можа разважаць над гэтай тэмай, каб стаць пілігрымамі супакою, дзе б мы ні былі? Гэта не азначае, што абавязкова трэба пачынаць нешта вялікае. Гэта можа азначаць звычайнае далучэнне да ўжо існуючых ініцыятыў.

У студзені, ва ўступе да штогадовае Нарады Супольнасці, брат Мэцью падзяліўся з братамі наступнымі словамі:

“Якім чынам мы пакліканы прысутнічаць як супольнасць у ранах чалавечай сям’і? Мы не можам імкнуцца быць стваральнікамі еднасці або пілігрымамі супакою, не прыслухоўваючыся да галасоў тых, хто пакутуе ад смяротных канфліктаў або ад гвалту, які ўсё часцей хаваецца ў нашых грамадствах. (…) Не можа быць трывалага супакою без справядлівасці для ўсіх, асабліва для тых, хто пакутуе. Якім выклікам тое з’яўляецца для нас? Колькі разоў у Евангеллях Езус пераадольваў бар’еры падзелу паміж варожымі народамі? Гаворачы пра жыццё, аддадзенае за ўсіх на крыжы, святы Павел кажа нам пра Хрыста, што Ён: “адным целе зноў прымірыць з Богам адных і другіх праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць. Прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка” (Эф 2,16-17).

Адзін з братоў, плануючы серыю візітаў у Польшчу, у сувязі з гэтым адзначыў наступнае:

“Адказваючы на шматлікія запрашэнні, якія я атрымаў падчас Еўрапейскае Сустрэчы ў Любляне, у красавіку наступнага года я паеду ў Польшчу. Для гэтага візіту пад лозунгам “Сумеснае падарожжа” я выбраў 14 гарадоў. Вядома, у падарожжы буду я, але каб перабываць таксама сумесна, суправаджаць мяне я запрасіў маладзёнаў з кожнага з гэтых гарадоў. Прынамсі двое маладых людзей з першага горада паедуць са мной у другі горад, каб быць прывітанымі ды прыняць удзел у падрыхтаванае праграме. Моладзь з другога горада будзе суправаджаць мяне ў наступным горадзе, і гэтак далей. Тым будзе лепей, калі моладзь захоча наведаць са мной больш гарадоў. Іх будуць прымаць сем’і і мясцовая царква. Я спадзяюся, што гэтая ідэя спрацуе, а цялеснае і духоўнае падарожжа сапраўды адбудзецца сумесна”.

Калі ў вас ёсць якія-небудзь ідэі наконт таго, як вы маглі б быць пілігрымамі супакою, пакуль мы працягваем нашую Пілігрымку Даверу на Зямлі, калі ласка, напішыце нам на скрынку pilgrims taize.fr і мы будзем публікаваць ініцыятывы на нашае старонцы і ў сацыяльных сетках.

Прачытайце таксама наступныя артыкулы:
Палестынская сям’я распавядае сваю гісторыю
Слова рабіна
Культывуючы надзею

Апошняе абнаўленне: 16 April 2024