TAIZÉ

Пілігрымы супакою

Палестынская сям’я распавядае сваю гісторыю

 
У Тэзэ з канца сакавіка 2022 г. мы гасцім палестынскую сям’ю з двух пажылых бацькоў з двума сынамі, адзін з якіх інвалід. Ніжэй яны дзеляцца з намі сваім жыццёвым шляхам. Якім чынам іх сведчанне кідае выклік для нас, запрашаючы стаць пілігрымамі супакою?

“Нашыя сем’і паходзяць з вёскі Тантура ў Палестыне. У ноч на 22 траўня 1948 г. сіянісцкія апалчэнцы напалі на вёску і забілі некалькі сотняў мужчын, іншых пасадзілі ў турмы, а жанчын і дзяцей дэпартавалі. Нашыя сем’і былі выгнаныя ў Сірыю. Мы з мужам нарадзіліся пад Дамаскам. Мы палестынцы, але мы так і не змаглі вярнуцца ў сваю вёску, у наш дом. Мы ўсё жыццё пражылі за мяжой і належым да першага пакалення “Накба” [1], якое засвоіла сваю культуру, гісторыю і традыцыі ад папярэдніх пакаленняў. Кожную пятніцу ўвечары мой бацька збіраў нас і разам з іншымі старэйшымі распавядаў нам гісторыі пра нашую сям’ю, нашых продкаў. Сумесна мы размаўлялі, спявалі, танцавалі і гатавалі ежу.

Калі мы з мужам стварылі ўласную сям’ю, надышла ўжо нашая чарга перадаць усё, што было намі атрымана.

Жыццё палестынскіх уцекачоў у Сірыі было няпростым. Нам так і не ўдалося атрымаць сірыйскага грамадзянства. Некалькі гадоў мы працавалі настаўнікамі ў Саудаўскай Арабіі, але гэта было не нашмат прасцей. Там мы таксама працягвалі быць «палестынскімі бежанцамі». Калі мы вярнуліся ў Сірыю, у пачатку грамадзянскай вайны, у лагеры для бежанцаў Ярмук, дзе мы жылі, адбыліся жудасныя масавыя забойствы. Мы зноў былі вымушаны ўцякаць. Гэтым разам мы знайшлі прытулак у Лібане. Пасля дзевяці гадоў жыцця ў лагеры па гуманітарным калідоры, створаным Абшчынаю святога Эгідзія (Comunità di Sant’Egidio), можна было пераехаць ува Францыю. Цяпер мы жывём у Тэзэ. Мы вельмі шчаслівыя быць тут, але пасля 7 кастрычніка 2023 г. мы ізноў перабываем у тузе. Мая сястра і яе сям’я знаходзяцца ў Газе. Яны з мужам – настаўнікі-пенсіянеры.

Бамбёжкі выгналі іх з горада Газа. Яны рушылі ўслед за ўсімі, хто ўцякаў на поўдзень. Яны спадзяваліся знайсці нейкую бяспеку ў Хан-Юнісе, але былі вымушаныя вярнуцца ў Рафах. Навіны, калі й ёсць, не вельмі добрыя. Яны жывуць пад брызентам. Ім не хапае ўсяго: вады, ежы, электрычнасці і сеціва. Яны хворыя, стомленыя і напужаныя. Бамбаванне працягваецца.

Мы не ведаем, якой будзе нашая будучыня. Просім Алаха, каб дапамог нам... Калі ласка, маліцеся за нас. Мы ніколі не мелі магчымасці жыць на сваёй зямлі, але Палесціна жыве ў нашых сэрцах і свядомасці”.

Весаль (70 г.) і Мухамад (70 г.)


Footnotes

[1Арабскі тэрмін, які азначае “катастрофа”. Гаворка ідзе аб прымусовым выгнанні жыхароў Палестыны.