TAIZÉ

Ліён, аэрапорт LYS - чыг. вакзал Part-Dieu - Макон - Тэзэ

З Ліёну да Тэзэ

 

Маршрут:

Аэрапорт імя Антуана дэ Сэнт-Экзюперы LYS- чыгуначны вакзал Ліёна Gare de Lyon-Part-Dieu (трамвай - 30 хв.),
Ліён - Макон (цягнік - 45 хв.),
Макон - Тэзэ (аўтобус - 50 хв.).

Неабходна загадзя запланаваць дастаткова часу дзеля набыцця квіткоў, асабліва ў тым выпадку, калі вы не набываеце іх праз сеціва: на месцы магчымыя чэргі пры касах. Чаканне на трамвай у аэрапорце Ліёну таксама можа трываць каля 20-30 хв.

1. L’aéroport Lyon-Saint-Exupéry → Gare de Lyon-Part-Dieu

Пасля таго, як вы пройдзеце пашпартны кантроль (у выпадку неабходнасці) і атрымаеце багаж (калі здалі яго ў багажнае аддзяленне), выходзьце ў залю прылётаў. Вам трэба знайсці ўказальнікі ліёнскага аэра-экспрэсу Lyon express/Rhonexpress-Lyon Centre - трамваю, які курсуе паміж аэрапортам ды чыгуначным вакзалам Lyon Part-Dieu.

Прайдзіце праз будынак аэрапорту,

пасля чаго - па доўгім калідоры.

Урэшце, Вы маеце апынуцца ў вялікае залі са шкляным скляпеннем.

Рухайцеся ўніз па эскалатары, праваруч вы ўбачыце чырвоны аўтамат (здымак ніжэй) дзеля продажу квіткоў на ўзгаданы вышэй трамвай-экспрэс да Ліёну.

Квіток не належыць да танных - 15,90 € (у адзін бок - aller simple). Аўтамат запытае, ці патрэбны Вам рахунак. Пасля набыцця квітка, квіток і рахунак забіраеце ўнізе аўтамата, у спецыяльным латку пад экранам. Набыць той квіток можна таксама беспасрэдна ў трамваі, але там ён будзе каштаваць яшчэ даражэй - ажно 18,90 €. У трамваі будзе кантралёр-кандуктар, які прадае квіткі і правярае раней набытыя.

Пасля набыцця квітка ў чырвоным аўтамаце трэба пакінуць залю са шкляным скляпеннем, збочыць управа і з’ехаць эскалатарам уніз, каб сесці ў трамвай.

Трамвай ад’язджае кожныя 15-20 хв. Ехаць трэба да самага канца - прыпынак будзе называцца Lyon Part-Dieu; дарога зойме Вам каля паўгадзіны.


2. Lyon Part-Dieu → Mâcon

Калі выйдзеце з трамваю, кіруйцеся ў напрамку будынку чыгуначнага вакзала SNCF Lyon Part-Dieu.

Як набыць квіток на цягнік:

а) загадзя праз сеціва на гэтае старонцы.

Набываючы квіткі праз сеціва, існуюць розныя магчымасці атрымання квітка:

1. Электронны квіток на E-mail (не заўсёды даступная опцыя);
2. Атрыманне квіткоў на звычайны адрас, які быў пададзены пры запаўненні інфармацыйнае формы (варта памятаць, што працэс дастаўкі можа быць вельмі доўгім);
3. Набыццё праз сеціва, але пабранне квіткоў непасрэдна ў аўтамаце на любым чыгуначным вакзале ўва Францыі (пры сабе варта будзе мець менавіта тую банкаўскую картку, якой быў здзейснены плацёж пры набыцці квіткоў!).

б) таксама вы можаце набыць квіток ў адным з аўтаматаў у вакзальным будынку альбо ў касах (Guichet).

У аўтамаце квіткі можна набыць толькі пры наяўнасці банкаўскае карткі. Квіткі таксама можна прыдбаць у касах - й за наяўныя, й пры аплаце карткаю; кошт квітка ад формы аплаты не залежыць.

Да Макона можна дабрацца цягнікамі дзвюх катэгорый:

1. TER — «электрычка». Квіток сапраўдны на кожны з тых цягнікоў цягам 3 месяцаў па набыцці. Такі цягнік пераадольвае адлегласць паміж Ліёнам і Маконам цягам 40-45 хв., прыбываючы на станцыю Mâcon ville. Квіткі не маюць фіксаваных месцаў, але месцы бываюць заўсёды. Сядаць можна на любы цягнік такога кшталту, нават не абавязкова менавіта на той, які пададзены ў вашым квітку.

2. TGV – хуткасны цягнік. Кошты на такія цягнікі бываюць вельмі рознымі, часам большыя, часам меншыя, чым на TER. Час у дарозе будзе прыблізна такім самым. Часцей за ўсё такі цягнік прыедзе на станцыю Mâcon Loché, але часам бывае, што й на станцыю Mâcon ville. Такі квіток дзейнічае на канкрэтны цягнік з канкрэтным месцам. На платформах для цягнікоў TGV адлюстравана інфармацыя, паводле якой можна зразумець знаходжанне канкрэтнага вагону адносна платформы (на платформе прысутныя слупкі з шыльдачкамі для вашае арыентацыі).

Набываем квіткі ў аўтамаце:

1. Перадусім варта выбраць опцыю, ці едзем зараз, ці пазней. Калі едзеце адразу, выбіраеце “зараз” (гэта будзе левы з прапанаваных простакутнічкаў) і націскаеце на сэнсарны экран.
2. Месца прызначэння: ўводзім Mâcon, а потым са спісу, які з’явіцца, выбіраем toutes gares - “усе вакзалы”.
3. Выбіраем час, які нам найбольш пасуе.
4. Выбіраем узроставую катэгорыю пасажыра.
5. Carte de fidélité (картка сталага пакупніка) — non (“няма”).
6. Reductions (“Зніжкі”) — non (“няма”).
7. Далей этап аплаты - націскаем на простакутнічак на экране ў правым вуглу ўнізе. З’явіцца пытанне, ці патрэбны Вам рахунак.
8. Здзяйсняем аплату пластыкавае карткаю.
9. Выцягваем картку і не забываемся на квіток.

Квіток абавязкова трэба прабіць у маленькім жоўтым аўтамаце ў вакзальным будынку альбо пры выхадзе непасрэдна на платформу. Квіток варта ўстаўляць “анфас” і дачакацца адпаведнага кароткага гуку, які ўзнікае пры працы друкуючага прыстасавання. Квіток пасля гэтага лічыцца важным.

На блакітным табло Departs варта паглядзець, адкуль адыходзіць цягнік. Ліён ды Макон - прамежкавыя станцыі, а на табло пададзеныя пачатковыя і канцавыя пункты следвання. Таму варта глядзець на нумар цягніка і час адпраўлення.

Назвы платформаў пазначаныя вялікмі лацінскімі літарамі. Пасля выхаду на платформу таксама можна ўбачыць табло з нумарамі цягнікоў, часам адпраўлення ды прыпынкамі. Выбіраючы вагоны, варта выбіраць вагоны з лічбаю 2 - другое класы. Часам дзверы варта адчыняць механічна, узнімаючы рычаг угару альбо прыціснуўшы адмысловую кнопку.

Пра наступны прыпынак беспасрэдна ў цягніку абвяшчаюць за некалькі хвілін да прыбыцця на станцыю, таму лепей сачыць па сваім уласным гадзінніку, калі варта рыхтавацца да выйсця.


3а. Mâcon ville → Taizé

Па прыездзе цягніком на станцыю Mâcon ville варта выйсці з цягніка, кіруючыся падземным пераходам да вакзальнага будынка. Патрапіўшы ў будынак, перад вамі будзе кавярня, а з правага боку - выйсце на платформы аўтобусаў (на левы бок - выйсце ў горад), адкуль курсуе аўтобус да Тэзэ.

За некалькі хвілін да адпраўлення да платформы пад’едзе аўтобус LR 701 мясцовае лініі Mobigo.

Квіток варта прыдбаць беспасрэдна ў кіроўцы (кошт квітка 1,50 €), а перад уваходам да аўтобуса свой багаж самастойна пакласці ў аўтобусны багажны люк. Час у дарозе - каля 50 хв. Гэтыя аўтобусы курсуюць некалькі разоў цягам дня, у нядзелю - радзей, чымся цягам тыдня.
Расклад аўтобусаў LR 701 пададзены ніжэй.


3b. Mâcon Loché TGV → Taizé

Пра прыбыцці на станцыю Mâcon Loché TGV Вы выйдзеце адразу ў вакзальны будынак, беспасрэдна перад якім спыняецца аўтобус да Тэзэ. Сядаючы ў аўтобус, варта запытацца, ці едзе ён у бок вёскі Тэзэ. Час у дарозе - каля 40 хв.


Расклад аўтобусаў Mâcon-Taizé-Chalon-sur-Saône:


Шчаслівае дарогі!

P.S. Калі вы падарожнічаеце групаю, вам будзе зручней загадзя замовіць аўтобус. Шлях зойме каля 2.5-3 гадз.; так будзе прасцей і фінансава больш слушна.
Кантактная інфармацыя:
Voyages Clunysois
10 route de la Roseraie
71250 Cluny, France.
voyages.clunysois orange.fr
Fax : 00 33 (0) 3 85 59 03 60
Tél. : 00 33 (0) 3 85 59 05 60
www.voyages-clunysois.fr

Апошняе абнаўленне: 11 August 2018