TAIZÉ

Найбольш пытанае

 
Вось некаторыя пытанні, якія нам часта задаюць адносна сустрэч у Тэзэ. Адказы, якія мы даем, могуць быць карыснымі для вас пры планаванні вашага побыту. Не забудзьцеся ўважліва прачытаць старонкі з інфармацыяй у тых раздзелах, дзе пададзена больш падрабязная інфармацыя адносна канкрэтных аспектаў. Калі ласка, не вагайцеся звяртацца да каманды прыёму па электроннай пошце з любымі іншымі пытаннямі, што вас цікавяць.

Ці мы можам знянацку прыехаць да Тэзэ, альбо мы павінны загадзя зарэгістравацца?

Мы заўсёды рады прывітаць моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, якая гатовая прыняць удзел у штотыднёвай праграме, хаця, відавочна, калі вы зарэгіструецеся раней, тое значна нам дапаможа. Калі вы збіраецеся прыехаць з групай, вы павінны зарэгістравацца да таго, як вы прыедзеце. Падрабязная інфармацыя змешчаная на старонцы Групы.

Старэйшыя за 30 гадоў дарослыя і сем’і, якія плануюць прыехаць да нас з дзецьмі ва ўзросце да 15 гадоў, могуць прыбыць да Тэзэ толькі пасля адпаведнае рэгістрацыі. Існуюць пэўныя перыяды на працягу года, калі мы не прымаем ані дарослых, ані сем’і. Для больш падрабязнае інфармацыі, калі ласка, запазнайцеся з інфармацыяю са старонак Дарослыя ды Сем’і.

Ці мы можам застацца у Тэзэ больш, як на тыдзень?

Калі табе ад 18 да 29 гадоў, напішы нам перад планаваным прыездам, калі маеш жаданне застацца ў нас даўжэй, чым на адзін тыдзень. Неўзабаве пасля гэтага ты атрымаеш ад нас больш падрабязную інфармацыю з гэтае нагоды. Магчыма, старонкі Тыдзень у цішыні і Валантарыят у Тэзэ дапамогуць табе атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра даўжэйшы побыт у Тэзэ.

Падлеткі ва ўзросце 15-17 гадоў могуць заставацца ў Тэзэ цягам аднаго тыдня.

Дарослыя, якія старэйшыя за 30 гадоў, і сем’і з дзецьмі да 15 гадоў могуць правесці ў Тэзэ адзін тыдзень у перыяд, калі ў нас праводзяцца адпаведныя сустрэчы для гэтых груп. Калі ласка, уважліва запазнайцеся з інфармацыяю на старонках Дарослыя ды Сем’і. Дарослых і сем’і з дзецьмі мы просім прыязджаць ў Тэзэ ў нядзелю і выязджаць з Тэзэ ў наступную нядзелю, альбо прыехаць на выходныя, але не прыязджаць сярод тыдня і не падаўжаць свой побыт на наступны тыдзень.

Мы проста хочам паўдзельнічаць у сустрэчах і малітвах, але не хочам ані начаваць, ані сілкавацца ў Тэзэ. Ці тое магчыма?

Звычайна - не. Паездка ў Тэзэ азначае ўдзел ва ўсіх розных аспектах жыцця нашае абшчыны. Пасілкі і пражыванне ў сціплых варунках - вельмі істотная частка гэтага досведу. Калі вы маеце спецыяльныя патрэбы ў размяшчэнні або харчаванні, калі ласка, загадзя паведаміце нам пра гэта. Мы не можам задаволіць усіх вашых спецыяльных патрэб, але мы можам паспрабаваць зрабіць усё магчымае!

Ці вы можаце задаволіць нашыя спецыяльныя дыетычныя патрэбы?

Падчас пасілкаў для моладзі існуе спецыяльная лінія “без мяса” (“no meat”). Калі ў вас ёсць асаблівыя харчовыя патрабаванні, калі ласка, паінфармуйце нас пра гэта. Мы не зможам задаволіць усіх вашых спецыяльных патрэб, але мы можам паспрабаваць зрабіць усё магчымае!

Ці мы можам забраніраваць жыллё загадзя?

Калі вы прыедзеце ў Тэзэ, вам будзе прадастаўлена засяленне. Калі ў вас ёсць спецыяльныя патрэбы ў размяшчэнні, калі ласка, паведаміце нам і паспрабуйце, калі тое магчыма, пазбегнуць найбольш загружаных у Тэзэ тыдняў.

Якую вопратку мы павінны мець пры сабе?

Увесну, восенню і ўзімку, калі ласка, не забывайцеся пра цёплыя рэчы! Але таксама ўлетку можа быць вільготна і холадна, таму таксама памятайце пра гэта, калі рыхтуецеся да вашага побыту.

Дрэс-код у Храме Паяднання: калі ласка, апранайцеся адпаведным чынам на час супольных малітваў у храме - адзенне мае закрываць вашыя плечы і сцягна.

Ці Тэзэ прымае дзяцей?

Так!
Аднак мы просім вас мець на ўвазе некаторыя рэчы:
- падчас супольнае малітвы ў храме вельмі істотным для ўсіх прысутных з’яўляецца цішыня. Зусім маленькім дзецям бывае цяжка заставацца доўні час нерухомымі, таму можа будзе лепей не прыходзіць з малымі ў храм. У нас ёсць пакоі, у якіх бацькі могуць заставацца са сваімі дзецьмі падчас малітвы. У гэтых пакоях гук з малітвы перадаецца праз дынамікі.
- бацькоў з зусім маленькімі дзецьмі мы просім пачакаць, калі ім споўніцца 3 гады, перш чым прыехаць да Тэзэ, каб прыняць удзел у сямейных сустрэчах. Пакуль яны не дасягнуць гэтага ўзросту яны не могуць удзельнічаць у праграме. Варункі ўдзелу ў сямейных сустрэчах даволі патрабавальныя, таму мы просім вас памятаць пра тое й паўстрымацца ад прыезду, калі вашае дзіцяці зуісм малое.

Калі ласка, уважліва прачытайце інфармацыю са старонкі Сем’і перад тым, як планаваць свой побыт у Тэзэ.

Ці можам мы справаваць Эўхарыстыю толькі для ўдзельнікаў нашай групы?

Калі ласка, па гэтым пытанні скантактуйцеся, загадзя альбо па прыбыцці, з братам абшчыны, які адказвае за вашую краіну. Брат Тэзэ адказны за Беларусь і Украіну: брат Бэнуа.

Перабываючы ў Тэзэ, мы плануем наведаць навакольныя мясціны. Ці тое магчыма?

Усіх удзельнікаў сустрэч мы просім у поўнай меры і цалкам прымаць удзел у праграме малітваў і мерапрыемстваў ад часу вашага прыбыцця да моманту ад’езду. У адваротным выпадку вельмі цяжка падтрымліваць абшчыннае жыццё. Паездка ў Тэзэ - гэта абавязацельства, таму іншыя асобы разлічваюць на вас, калі вы прыязджаеце да нас. Калі вы не ўпэўненыя, што разумееце, што тое значыць, калі ласка, перайдзіце на старонку Тыповы дзень у вёсцы Тэзэ.

Таму, калі ласка, не плануйце экскурсій падчас знаходжання ў Тэзэ. Калі вы ўсё-ткі жадаеце пабываць дзе-небудзь побач, дык чаму б не здзейсніць гэта перад тым, як вы прыедзеце да нас ці адразу пасля таго, як вы ад’едзеце з Тэзэ?

Мне б хацелася набыць бутэльку віна для бацькоў па дарозе ў Тэзэ, каб падараваць ім, калі я вярнуся. Але мне вядома, што ў вашай кавярні Oyak café можна набыць алкаголь і ўжыць яго толькі на адпаведна дазволенай тэрыторыі. Што мне рабіць з маім набытым раней падарункам?

Як толькі вы прыедзеце ў Тэзэ, адпраўляйцеся ў La Morada і пакіньце там бутэльку ці любы іншы алкаголь у нашай каманды прыёму. Вы атрымаеце адпаведную паперку, карыстаючыся з якой вы зможаце атрымаць пакінутыя рэчы непасрэдна перад вашым ад’ездам.

Па зразумелых прычынах, алкаголь, які будзе знойдзены намі ў бараках альбо намётах у тракце вашага побыту, вы не зможаце атрымаць пры выездзе.

Ці ў Тэзэ ёсць магчымасць падключыцца да сеціва? Ці дзейнічае ў Тэзэ пакрыццё мабільнае сеткі?

У нас ёсць Інтэрнэт-тэрмінал звязаны з друкаркаю, для чаго неабходна набыць спецыяльную картку ў Oyak café. На тэрыторыі Oyak café існуе магчымасць дармовага карыстання з абмежаванай сеткі Wi-Fi.

Калі ласка, старайцеся загадзя набываць квіткі на цягнікі і самалёты да вашага прыезду ў Тэзэ. Змяніць ужо набытыя альбо набываць новыя квіткі праз сеціва ўжо перабываючы ў вёсцы будзе даволі складана.

Мабільнае пакрыццё ў вёсцы даволі добрае. Але, калі ласка, адключайце тэлефоны падчас мерапрыемстваў і асабліва ў часе малітвы!

Мы звяртаемся да вас з просьбаю не пакідаць сваіх тэлефонаў на падзарадцы ў бараках, намётах, душавых ці ў храме без нагляду.

Ці можам мы забраць да Тэзэ нашага пса?

На жаль, не; па прычыне гігіены і бяспекі мы не можам прымаць сабак ці іншых хатніх жывёл, за выключэннем сабак-павадыроў.

Апошняе абнаўленне: 17 August 2019
Каб звязацца з камандай прыёму, пішыце нам на meetings taize.fr. Каб звязацца з асобамі, адказнымі ў Тэзэ за Беларусь, пішыце на info.by taize.fr.