TAIZÉ

Брат Алоіс

2021: Мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час

 

Пасланне на 2021 год

Чалавецтва здольна рухацца наперад дзякуючы мноству жанчын і мужчын, якія ахвяруюць сябе, не зважаючы на кошты, нават у часы ўзрушэнняў і нявызначанасці.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў шмат маладых людзей дзяліліся з намі клопатамі пра будучыню: якая надзея можа даць нам кірунак; чаму можна давяраць і на што разлічваць, калі ўсё так нестабільна? Ці нават глыбей: дзеля чаго варта жыць? Чуваць й іншыя галасы, якія ўзнікаюць і кажуць: мы павінны супрацьстаяць расчараванню і звяртаць увагу на знакі надзеі [1].


Звярнуць увагу на знакі надзеі

У цяперашняе сітуацыі, адзначанай пандэміяй, мы назіраем рост хісткасці ў шэрагу рэгіёнаў на свеце. Патрэбныя смелыя палітычныя рашэнні, але гэтак жа неабходныя салідарнасць ды сацыяльнае сяброўства, якія мы ўсе можам прадэманстраваць. Багата людзей гатовыя і жадаюць служыць іншым. Іх шчодрасць нагадвае нам, што ўзаемная дапамога адкрывае шлях у будучыню.

А як багата моладзі аддае свае сілы, каб выратаваць наш агульны дом – планету! Паўсюль ўзнікаюць ініцыятывы: яны, не адказваючы на ўсе кліматычныя выклікі, дазваляюць нам ужо зараз рухацца ў кірунку больш пачцівага стаўлення да навакольнага асяроддзя [2]. Для вернікаў, зямля – гэта дар, які Бог даверыў нам, каб мы маглі клапаціцца пра яе.

Людзі сталі больш усведамляць чыннікі несправядлівасці, якія часам успадкаваныя з мінулага. І, на жаль, улада не заўсёды выкарыстоўвалася, каб служыць дабру ўсіх. Перад абліччам падобных злоўжыванняў можна адчуць расчараванне і гнеў. Хто здольны адважыцца, каб стаць стваральнікамі справядлівасці і міру па‐за межамі падзелаў, якія дзеляць нашае грамадства?


Жывучы нібы браты і сёстры

Сапраўды, пасярод цяжкіх рэалій сучаснасці мы можам знайсці прычыны, каб спадзявацца, а часам жыць надзеяй як быццам насуперак усялякай надзеі. Дзеля гэтага нам варта сустрэцца з тымі, якія зрабілі іншы выбар: з хрысціянамі іншых канфесій, з вернікамі іншых рэлігій ці з людзьмі, якія з’яўляюцца агностыкамі альбо атэістамі, якія таксама імкнуцца да братэрства і дзялення.

Радасць аднаўляецца, калі мы жывем нібы браты і сёстры, калі прысутнічаем поруч самых абяздоленых: састарэлых мужчын і жанчын, хворых ці самотных, дзяцей з цяжкасцямі, асобаў з інваліднасцю, мігрантаў... Жыццёвыя акалічнасці могуць учыніць усіх нас уразлівымі. А час пандэміі выкрывае слабыя месцы нашае чалавечнасці.

Мы патрэбны адно аднаму як ніколі. Папа Францішак настойліва нагадвае нам пра тое ў сваёй энцыкліцы Fratelli tutti: “ніхто не ўратуецца сам”. І дадае, што мы не знойдзем сваёй сапраўднай асобы “без шырокай і добразычлівай адкрытасці на «ўніверсальнае», без дазволу, каб тое, што адбываецца ў іншых месцах, станавілася выклікам для нас, без узбагачэння іншымі культурамі і салідарызацыі з трагедыямі, якія закранаюць іншыя народы” (§32 і §146).

У адносінах паміж людзьмі, а таксама паміж народамі ўчыньма ж усё магчымае, каб перайсці ад спаборніцтва да супрацоўніцтва. Падтрымайма агенцтвы і асацыяцыі, якія спрыяюць супрацоўніцтву і салідарнасці, каб тое было на мясцовым, нацыянальным ці міжнародным узроўні.


Верыць – гэта давер у прысутнасць

У Тэзэ мы заўважаем, што моладзь па‐новаму разважае пра веру ў Бога, каб трываць у дарозе. Што значыць верыць? І, калі Бог існуе, ці дзейнічае гэты Бог у гісторыі, у нашым жыцці?

Перад абліччам гэтых пытанняў важна пазбягаць памяншэння Бога да нашых паняццяў. Бог бясконца большы за ўсё тое, што мы можам сабе ўявіць. Мы шукаем, бо спрагнёныя кахання і праўды. Дзе б мы ні былі ў сваёй унутранай пілігрымцы, усе мы часта проста навобмацак шукаем свайго шляху наперад. Але, нібы “пілігрымы даверу”, мы можам ісці разам, дзелячыся пошукамі – сваімі пытаннямі, як і перакананнямі.

“Вера – гэта просты давер да Бога, усплёск даверу, паўтораны тысячы разоў на працягу нашага жыцця... нават калі ў кожнага з нас таксама могуць быць сумневы”, – казаў брат Ражэ..

Ці вера не азначае перадусім даверу ў прысутнасць, якая знаходзіцца як у глыбіні нашага быцця, так і ва ўсім Сусвеце, няўлоўнай, але ўсё ж такой рэальнай? Прысутнасць, якая не навязвае сябе, але такая, якую мы можам у кожны момант прыняць наноў, у цішыні, як своеасаблівы подых. Апякунчая прысутнасць, якая заўсёды побач, незалежна ад нашых сумневаў нават тады, калі ў нас ствараецца ўражанне, што мы вельмі мала разумеем, кім ёсць Бог.


Пазнаючы новы гарызонт

Апякунчая прысутнасць: якое святло на гэтую таямніцу пралівае Евангелле?

Езус чэрпаў жыццё з гэтай апякунчай прысутнасці да самага канца; Ён няспынна звяртаў на гэта ўвагу. Тое было для Яго ўнутраным святлом, подыхам Бога, натхненнем Святога Духа...

З глыбіні пакут і абсалютнай адзіноты, калі Ён паміраў на крыжы, калі ўсё здавалася бессэнсоўным, Ён дазволіў сваім пачуццям закінутасці выбухнуць крыкам, але словамі, надаль звернутымі да Бога: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” Здраджаны, закатаваны, асуджаны на смерць, Езус унёс любоў у самую глыбокую цемру. Тая любоў паказала, што каханне мацнейшае за зло. Марыя Магдалена, а потым апосталы паведамілі гэтую нечаканую, неверагодную навіну: Ён жывы. Божая любоў перамагла нянавісць і смерць.

Ахопленыя гэтаю навіною, першыя хрысціяне былі здзіўлены і яны засведчылі гэта: Хрыстус з гэтага часу перабывае з Богам. Хрыстус напаўняе Сусвет Святым Духам, а таксама прысутнічае ў кожным чалавеку. Хрыстус салідарны з беднымі і прынясе ім справядлівасць; Ён – увасабленне гісторыі і стварэння; Ён прывітае нас пасля смерці ў поўні радасці.

Па‐за лютасцю сярод людзей, па‐за экалагічнымі катастрофамі і хваробамі адкрываецца новы гарызонт. Ці будзем мы здольныя распазнаць яго?


Змяненне нашага погляду

З гэтага гарызонту, адкрытага ўваскрасеннем Хрыста, у нашае існаванне ўваходзіць святло. Зноў і зноў яно развейвае цень страху і прымушае папоўніцца крыніцу жывой вады; з‐за гэтае прычыны выбухае радасць хвалы.

У выніку мы можам адчуць гэта патаемна, нейкім загадкавым прыцягненнем. Хрыстос працягвае збіраць разам усё чалавецтва і ўвесь Сусвет у Божую любоў да канца часоў. Мы ж становімся партнёрамі Яго місіі.

Хрыстус чыніць з нас пад постаццю Царквы Сваіх партнёраў. Гэта патрабуе ад нас гатоўнасці пашыраць сяброўства, каб ахапіць усіх. Хрыстус просіць нас любіць нават нашых ворагаў; Ягоны супакой прымірае нават супрацьлеглыя нацыі [3].


Дазвольма Хрыстусу змяніць наш погляд, дзякуючы Яму мы больш выразна распазнаем годнасць кожнага чалавека і прыгажосць стварэння. Надзея, далёкая ад звычайнае наіўнасці, увесь час нараджаецца наноў, бо караніцца ў Хрыстусе. Нас напаўняе спакойная радасць, а разам з гэтым адвага браць на сябе абавязкі, якія Бог даручае нам на гэтай зямлі.


З кожным з вас, хто хоча паразважаць над гэтым пасланнем, я перабываю
ў еднасці праз малітву.

брат Алоіс

Езу Хрыстэ, мы праслаўляем Цябе за Тваю дабрыню і сціпласць. Божае святло ззяла праз Тваю пакору ўсё Тваё жыццё. Гэтае святло сёння свеціць у нашых сэрцах. Гэта можа загаіць нашыя раны, а нават пераўтварыць нашую слабасць і няўпэўненасць у крыніцу жыцця, у творчую энергію і ў дар даверу. Асвятляючы тым Божым святлом, Ты ўчыньваеш нас здольнымі мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час.


Некаторыя біблійныя тэксты, якія дапамогуць разважанням, крочыць далей

Марыя спявала такімі словамі: “Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. [...] а багатых ні з чым адправіў”. (Лукі 1, 46-56)

Марыя, маці Езуса, змагла аб’яднаць любоў і пяшчоту з гарачаю надзеяю на радыкальныя перамены.

Езус сказаў: “А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам”. (гл. Яна 14, 15-31)

Езус не пакінуў нас усіх самотнымі. Перад смерцю Ён запэўніў Сваіх вучняў у Сваёй прысутнасці на працягу ўсяго часу праз Духа Святога. Дух жыве ў нас, суцяшае, падтрымлівае і натхняе нас жыць паслядоўнікамі Езуса Хрыста, дзень за днём.

“Няхай радуюцца нябёсы і весяліцца зямля, няхай шуміць мора і ўсё, што яго напаўняе. Няхай усцешыцца поле і ўсё, што на ім, няхай усклікаюць тады ўсе дрэвы лясныя. Перад абліччам Пана, які прыходзіць, які прыходзіць судзіць зямлю. Ён будзе судзіць свет справядліва, а народы паводле сваёй праўды”. (гл. Псальм 96)

Шмат псальмаў запрашае нас славіць Бога. Гімн хвалы Богу спяваюць не толькі людзі; усё стварэнне прымае ўдзел. Мы хочам не толькі абараніць стварэнне, бо нам гэта трэба, каб мы маглі існаваць, але таму, што мы яго частка і таму, што прыгожы Божы план распаўсюджваецца на ўсё, што жыве.


Апошняе абнаўленне: 21 December 2020

Footnotes

[1У якасці адказу на гэтае пасланне на 2021 год, мы запрашаем маладзёнаў ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў прадэманстраваць тое на канкрэтных прыкладах. Якія ініцыятывы ці асобы з’яўляюцца для мяне знакам надзеі? Цягам наступных некалькіх месяцаў гэтыя адказы будуць апублікаваны ў розных фарматах: тэксты, відэа, падкасты... Пішыце нам на solidarity taize.fr.)].

[2Ці ў барацьбе са змяненнем клімату і па скарачэнні выкідаў вуглекіслага газу мы зможам паставіць пад сумнеў наш жыццёвы лад, каб змяніць тое, што можна змяніць? У такіх ініцыятывах прымаюць удзел хрысціянскія супольнасці: экуменічныя ініцыятывы, такія як сетка “зялёных Цэркваў”, існуюць у розных краінах свету.

Ужо падчас паседжання Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў ў Базэлі ў 1989 г. гучаў агульны заклік, каб “прыняць максімальна экалагічны лад жыцця: гэта апроч іншага азначае зніжэнне спажывання энергіі, карыстанне грамадскім транспартам і абмежаванне адходаў”.

У Тэзэ мы працягваем свае намаганні ў кірунку экалагічных змен. Каб дапамагчы нам у гэтым, мы прымаем розныя прапановы (www.taize.fr/eco).]).

[3У гэтыя цяжкія часы пандэміі Царква можа працягваць прасоўваць братэрства сярод чалавечае сям’і. Вось тры прапановы сярод шэрага іншых:

  • Каб зрабіць наша грамадства больш чалавечным, нам трэба слухаць адно аднаго такім чынам, каб лагодзіць антаганізмы і навучыцца супольна трываць у нашых рознагалоссях. Пакліканне Царквы ‐ шукаць дыялогу, выходзіць насустрач усім. Ці былі б гатовыя тыя, хто жыве па‐за нейкае хрысціянскае супольнасцю, увайсці з ёю ў дыялог?
  • Сутыкнуўшыся з прыбыццём вялікай колькасці мігрантаў і бежанцаў, прыём уцекача ці сям’і можа даць штуршок для нашых парафій і суполак. Людзі, якія не наведваюць царкву, часта гатовы прыняць удзел у такім прыёме. Такі досвед мы атрымалі ў Тэзэ ў апошнія гады, бо прымалі мігрантаў з некалькіх краін разам з людзьмі з нашага рэгіёну.
  • Быць гасціннай супольнасцю азначае слухаць тых, хто найбольш уразлівы. У многіх месцах Цэрквы павінны дасягнуць прагрэсу ў абароне інтэгральнасці ўсіх. Часам у іх развіваліся структуры ўлады, якія прыводзілі да фізічных, псіхалагічных і духоўных пакут. У Тэзэ мы таксама працягваем працу, каб стаць у праўдзе (www.taize.fr/protection).

Пасланне на 2021 год

PDF-буклет

PDF - 423.7 kb