Больш як 300 чалавек прыбылі з розных рэгіёнаў Францыі ды паблізкіх краін. Сярод старэйшае моладзі, што прысутнічала на сустрэчы, багата хто з’яўляўся прадстаўніком асацыяцыі Coexister, моладзь якой рэгулярна дзеліцца дасвядчэннем правядзення дыялогу паміж асобамі розных рэлігій і перакананняў. Рэшта прыбыла на запрашэнне Мусульманска-хрысціянскае групы сяброў ды суфіцкага брацтва Алавія.
Праграма сустрэчы тым разам была амаль такой самаю, як тое звычайна адбываецца ў Тэзэ: ўдзельнікі былі запрошаныя раздзяліць штодзённае жыццё Супольнасці ды тых маладзёнаў, што прыбылі ў вёску Тэзэ. Але разам з тым мела й адрозненні: два памяшканні былі спецыяльна адведзеныя пад мусульманскую малітву, праграма была прыгатаваная прамоўцамі з абедзвюх рэлігій, што змянялі адзін адно ў часе выступаў, быў прыгатаваны пераклад матэрыялаў на арабскую, а групы дзялення прыканцы кожнае падзеі мелі змешаны мусульманска-хрысціянскі характар.
Методыка дыялогу была простаю: не засяроджвацца выключна на тым, што дзеліць, не абмінаць як мага хутчэй нашых адрозненняў, але наведваць адзін адно з павагаю, якою абдорвае кожны дом гаспадара, які яго прымае. Таму з дапамогаю гэтага простага метаду мы маглі зрабіць сумесныя малыя крокі, разумеючы малітву адзін адно, іх патаемную сувязь з Богам, іх дасвядчэнне веры, праз супольнае чытанне некаторых цытатаў з Карану і Бібліі, наведванне адзін адно ў часе малітваў, пошукі апісання больш асабістых кантактаў з Богам.
Сярод выступоўцаў былі с. Кароль з супольнасці Мар Муса (Сірыя), якая была немым сведчаннем велізарнае неабходнасці дыялогу на Блізкім Усходзе паміж хрысціянамі ды мусульманамі, а таксама ўкладу, які яе манаская супольнасць уносіць у справы Іраку, Сірыі ды іншых краін на Блізкім Усходзе. Фадзіла Семайі (Fadila Semai) распавяла пра незвычайнае сяброўства, што з’яднала прыёра Тыбірын а. Хрысціяна дэ Шэрж (Christian de Chergé) з Мухамедам, які выратаваў яму жыццё, аддаючы сваё ўласнае ў часе вайны ў Алжыры. Гаіс Ясір (Ghaïs Jasser) ды Назіха Мэфтах (Naziha Meftah) прадэманстравалі свет чароўнае музыкі з Усходу за дапамогаю паэмаў Халіда Румо, чые вершы былі пакладзены на музыку гуртом Вайд. Прафесар юдаістыкі з Каталіцкага Ўніверсітэту ў Ліёне Агата Крог (Agata Kroh) зрабіла агляд радкоў веры Абрахама ў святле трох манатэістычных традыцый. Імамы Эмбарэк Гуэрдам (Embarek Guerdam) ды Ахмед Бельгазі (Ahmed Belghazi) сведчылі пра іх шлях будавання супольнасцяў, адкрытых на “ўсе чатыры Божыя бакі”.
Апоўдні ў нядзелю адбылася насычаная дэбата паміж духоўным лідэрам суфіцкага брацтва Алавія шэйхам Халідам Бентунам (Khaled Bentounès) і братам Алоісам, прыёрам Супольнасці Тэзэ. Яны абодва разважалі пра духоўны вопыт спазнання Божае любові.
У апошні дзень сустрэчы вочы ўдзельнікаў былі скіраваныя да Марыі. Фузіза Указі (Fouzia Oukazi) ды Мірэль Акуала (Mireille Akouala) на падставе тэкставых дадзеных з Новага Запавету і Карану выражалі з даволі асабістымі заўвагамі, якім чынам згода Марыі на цудоўнае нараджэнне Езуса з’яўляецца натхненнем у жыцці кожнага мусульманскага і хрысціянскага верніка.
Багацтва гэтых трох дзён, праведзеных разам, безумоўна, былі дасвядчэннем супольнага жыцця. Будучы прынятымі ў тых самых памяшканнях, супольна спажываючы пасілкі, сустракаючыся на семінарах, дзелячыся больш асабістым у малых групах, наведванне мусульманамі царквы, адкрыццё мусульманскае малітвы хрысціянамі - ўсе гэтыя разнастайныя этапы пакінулі след святла, з дапамогаю якога варта супольна ісці, каб скаштаваць з праўдзівае крыніцы Божае любові.
Больш інфармацыі пра гэтую падзею можна ўбачыць у дзвюх фотагалерэях:
Здымкі Cécile Massie
Здымкі Wiesia Klemens
Пералік семінараў, а таксама выступы прамоўцаў на іх
- Раскаштоўваючы Божы смак у іншых, паміж мусульманамі і хрысціянамі: з ісламістам, былым прафесарам Факультэту Пратэстанцкае Тэалогіі ў Страсбургу Ральфам Стэлі (Ralph Stehly) ды аўтарам і паэтам, заангажаваным у справы дыялогу культур, міжрэлігійнага дыялогу й духоўнага абмену Халідам Румо (Khaled Roumo).
- Прэзідэнт культурнае фундацыі Надзея (Espérance) Грэгуар Піко (Grégoire Picot) з парыскае парафіі Notre-Dame d’Esperance ды імам з Мюльхаўса Мубарак Гуэрдам (Moubarak Guerdam) альбо Камаль Кабтан (Kamal Kabtane).
- Словы супакою: разам з сузасноўніцаю Дому супакою ў мясцовасці Уй (фр. Houilles), прэзідэнтам асацыяцыі “Parlez-moi d’islam” Кахінай Балюль (Kahina Bahloul) ды адміністратарам хрысціянска-мусульманскае групы сяброўства Хубэрам дэ Шэрж (Hubert de Chergé).
- На скрыжаванні: хрысціяне і мусульмане разам з французскімі скаўтамі.
- Наш айцец Абрахам: натхняючыся габрэйскае, хрысціянскае і мусульманскае традыцыямі. Сустрэча з прафесарам юдаістыкі Ліёнскага каталіцкага ўніверсітэта Агатаю Крог (Agata Kroh).
- Варштат арабскае каліграфіі з Рані Руабахам (Rany Rouabah) у суботу ды Абдулсатарам аль Мансурам (Abdulsattar Al Mansour) у нядзелю.
- Супольнасці адкрытыя на ўсе чатыры Божыя бакі: са святаром, настаўнікам, французскім місіянерам Крыстофам Руку (Christophe Roucou) ды імамам з Шалону на Саоне Ахмедам Бельгазі (Ahmed Belghazi).
- Акутальнасць паслання з Тэзэ і Міжнародная суфійская асацыяцыя Алавія (AISA), вядуць Брат Бенуа і Рахід Кехідзі (Rachid Kechidi).
- Інавацыйныя новаўводзіны ў вышэйшае школе і горадзе: з настаўнікам і педагагічным лідэрам з парыскага ліцэю Шарлем Пэгю (Charles Péguy) ды старшынёю асацыяцыі Coexister Радыяй Баккух (Radia Bakkouch).
- Сумесныя крокі да навязвання кантактаў: медытацыйная сесія з сафролагам Дабіяй Буханэф (Dahbia Boukhanef).
- Супольнасці адкрытыя на ўсе чатыры Божыя бакі: з медсястрою супольнасці Мар Муса, с. Кароль Кук Айд (Carol Cooke Eid), што займаецца навязваннем братэрства між мусульманамі і хрысціянамі ў Сірыі ды Іраку, а таксама мараудамі з Тулузы.
- Духоўныя маршруты, семінар вядзе Халід Румо (Khaled Roumo), запрошаныя госці: Самія Хатрубі (Samia Hathroubi) з Coexister і брат Максім з Супольнасці Тэзэ.
- “Сябар, які пайшоў наперад”: Фадзіла Семайі (Fadila Semai) распавядае гісторыю шматгадовага сяброўства ў часы алжырскага тэрарызму паміж хрысціянінам, манахам Хрысціянам дэ Шэржэ (Сhristan de Chergé) ды мусульманінам Мухамедам.
- Канцэрт: гурт Вайд - духоўныя і экзістэнцыяльныя спевы, піяніна (кампазітар і аранжыроўшчык Гаіс Ясір/Ghaïss Jasser); вершы Халіда Румо (Khaled Roumo) чытае Назіха Мэфтах (Naziha Meftah).
- Духоўнае праслухоўванне, хор AISA (Міжнародная суфійская асацыяцыя Алавія).
Другі этап падобнае сустрэчы планеуцце з’арганізаваць у наступным годзе. Гэтым разам запрашэнні будуць скіраваныя ўжо не толькі да франкамоўных асобаў, але й да моладзі з іншых краін.