Нягледзячы на тое, што на гэтым тыдні нас у Тэзэ даволі шмат, гэта час перад вялікімі летнімі сустрэчамі, калі нашы браты могуць крыху адпачыць. Не ўсе мы зараз тут. Нам, як і вам, часам патрэбны перапынак, каб на некаторы час выпрабаваць новы спосаб быцця.
На мінулым тыдні я быў з двума братамі ў гарах. Акунуцца ў прыгажосць прыроды – гэта быў сапраўдны дар. На вяршынях гор яшчэ была зіма, але калі мы спускаліся, мы пераходзілі праз вясну ў лета, гледзячы радаснымі вачыма на крокусы, нарцысы, герані і азаліі.
Наколькі цудоўнае Божае стварэнне! Калі мы сузіраем гэта, мы можам толькі дзякаваць за тое, што бачым.
У той жа час мы ўсведамляем, як Бог просіць нас клапаціцца аб тым, што нам дадзена. Недалёк ад таго месца, у іншае даліне, паводкі разбурылі вёску ў выніку экстрэмальных пагодных з’яў, звязаных, магчыма, са змяненнем клімату.
Кожны з нас павінен адыграць сваю ролю ў клопаце пра параненае Божае стварэнне, часткай якога з’яўляецца наша параненая чалавечая сям’я. Невялікі выбар, які мы робім, можа стаць часткай чагосьці значна большага, чым мы можам сабе ўявіць.
Сёння наш свет і грамадства ставяць перад намі так багата выклікаў. Як людзі, якія жадаюць крочыць за Хрыстом, мы не жадаем уцякаць ад гэтых выклікаў, але разглядаць іх у святле нашага даверу да Ягонае любові.
На гэтым тыдні падчас вечаровае малітвы мы чыталі 5 і 6 раздзелы Евангелля паводле Мацвея, збор вучэнняў Езуса, які мы часта называем Нагорным казаннем. Быццам бы праз свае словы, якія адлюстроўваюць Яго ўласнае жыццё, Езус адкрывае перад намі шлях.
Слухаючы гэтыя словы, мы разумеем, што мы пакліканыя заўсёды выбіраць шлях большае любові. Гэта ўплывае на тое, як мы бачым іншых і на выбар, які мы здзяйсняем пры іх падтрымцы.
Калі мне было 19 гадоў, я прачытаў кнігу нямецкага багаслова Дзітрыха Банхёфера. Яна называлася «Вучнёўства» (літ. Nachfolge – пераемнасць, ўспадкоўванне), і яна вельмі паўплывала на мяне. Часткова гэта каментарый да Нагорнай пропаведзі.
Банхёфер жыў у ваенны час. Ён бачыў небяспеку скампраметаваць нашую веру тыраніяй і палітыкай нянавісці. Выбар, які ён зрабіў, каштаваў яму жыцця, але яго сведчанне дагэтуль прамаўляе да нас у нашым складаным свеце.
Многія нашыя краіны ў Еўропе і на Захадзе, а таксама ў іншых частках свету знаходзяцца на раздарожжы. Ці здольныя мы, падобна Банхёферу, да таго, каб рызыкнуць выбраць шлях большае любові, каб паказаць, што Евангелле вядзе нас да жыцця для іншых і сумеснага падарожжа з імі?
Такім чынам, мы можам наблізіцца да ўразлівых і прыгнечаных людзей і, магчыма, паспрыяць пераадоленню палярызацыі, якая імкнецца падзяліць нас. Мы можам стаць пілігрымамі супакою там, дзе нас паставіць Бог.
Вы рыхтуецеся пакінуць Тэзэ. Калі вы вернецеся дадому, паглядзіце, якія магчымасці ўжо існуюць вакол вас, каб маліцца, прыслухоўвацца да Божага Слова і будаваць супольнасць з іншымі. Гэта нялёгка, але магчыма.
Я хацеў бы папрасіць вас перачытаць у наступныя тыдні Нагорную пропаведзь з Евангелля паводле Мацвея, 5 і 6 раздзелы. Прачытайце той тэкст павольна, дазвольце словам пранікнуць у вас і дазвольце ім весці вас у выбары, які вы прымаеце.
Пятнічным вечарам далучайцеся да нас а 20:00, каб маліцца ў цішыні тут, у Храме, за супакой на зямлі. Існуе так багата сітуацый лютасці ў нашых сем’ях, нашых грамадствах, сітуацыя войнаў.
Застаючыся ў маўклівае малітве, мы выяўляем нашую салідарнасць з тымі, хто пакутуе. І, магчыма, у нашых сэрцах народзіцца інтуіцыя, якая дапаможа нам зрабіць магчымы для нас выбар.
А, можа, вы пажадаеце далучыцца да нас у эстонскім Таліне, з 28 снежня па 1 студзеня? Там адбудзецца нашая 47-ая Еўрапейская сустрэча. Далучайцеся да нас у малітве за супакой на зямлі і на нашым кантыненце, дзе зноў прысутная вайна.
У Таліне мы прагнем жыць прыкметным знакам адкрытае і гасціннае Еўропы. Гэта таксама магчымасць падзяліцца нашае вераю з моладдзю з усяго свету. Будзем рады вас там пабачыць!