Вельмі сардэчна вітаем усіх вас, хто прыехаў у вялікай колькасці з розных частак Партугаліі, каб памаліцца з намі на гэтым тыдні, калі мы ўваходзім у час Вялікага посту. Вітаем таксама тых, хто прыехаў з ЗША, Нямеччыны, Італіі ды іншых краін. Вашая прысутнасць вельмі важная для нас, і мы цешымся, што можам падзяліцца з вамі гэтымі днямі.
Я памятаю, як 39 гадоў таму менавіта ў гэты час года я, тады яшчэ студэнт, прыехаў у Тэзэ і ўпершыню стаў валанцёрам у Абшчыне.
Напоўнены разнастайнымі пастановамі наблізіцца да Хрыста і прыняць Божае Валадарства, я быў уражаны чуючы брата Ражэ, нашага заснавальніка, які ў той час яшчэ быў жывы, які казаў пра гэты перыяд падрыхтоўкі як пра «сорак дзён святкавання прабачэння, якое Хрыстус адкрывае нам праз дар свайго жыцця».
Раптоўна мне стала зразумела, што асабістае навяртанне не залежыць ад маіх уласных намаганняў, якімі б хвалебнымі – і, дарэчы, лагічнымі паводле маіх уласных крытэрыяў – яны ні былі, калі б не проста звярнуцца да Хрыста, які прыняў мяне з распасцёртымі абдымкамі і нават з радасцю, такога, якім я быў.
Гэтае ўсведамленне нешта адкрыла ўва мне. Прыняцце погляду Хрыста на маё жыццё дазволіла мне па-сапраўднаму сутыкнуцца з тым, што я павінен быў у Ім скласці, каб ад гэтага вызваліцца, каб потым зноў шукаць шляхоў зносін з людзьмі, якіх я пакрыўдзіў, глыбей паглыбіцца ў малітву, падзякаваць за любоў, якую Бог мне ў Ім паказаў.
Магчыма, на гэтым тыдні некаторыя з вас перажылі падобны досвед. Цяпер важна вярнуцца дадому і працягваць жыць тым, што вы атрымалі. Гэта нялёгка, але сёння раніцай мы пачулі заклік прарока Ераміі. Гэты тэкст можа служыць падбадзёрваннем для ўсіх вас.
Ерамія зразумеў, што Бог яго кліча. Але ён адчуваў сябе занадта маладым, каб адказаць на тое, што ад яго чакалі. Адказваючы яму, Бог кажа “Не кажы «я дзіця», (...) Не бойся, бо Я з табою” (Ераміі 1, 6-8). І тады Бог дакранаецца да вуснаў Ераміі, каб даць яму словы, якія яму трэба будзе прамовіць. Як і для Ераміі, шлях наперадзе для вас можа быць няпростым, але ці можаце вы пражыць яго з даверам, што Бог крочыць з вамі?
Як я адзначыў у Лісце «Спадзеючыся звыш усялякае надзеі», Ерамія пайшоў далей. Прарок Ерамія ў той час, калі яго краіна была спустошана вайною, а яе жыхарам пагражала выгнанне, а сам ён быў у турме, заінвеставаў у будучыню: ён купіў поле, таму быў упэўнены, што Бог не пакіне свой народ (Ераміі 32, 6-15).
Якое поле просяць вас набыць у знак надзеі ў грамадстве вакол вас? Нават калі мы думаем, што мы занадта маладыя, мы можам зрабіць так шмат, асабліва калі можам рабіць гэта разам з іншымі. І менавіта гэтым можа быць жыццё ў Царкве. Жыць у еднасці з іншымі, хто шукае Хрыста і адважвацца рызыкаваць, каб стаць пілігрымамі надзеі там, куды нас кліча Бог.
Заўтра вечарам прыходзьце і далучайцеся да нас а 20:00 у Храме, калі мы будзем маліцца ў цішыні ў інтэнцыі супакою ў нашым свеце. У нашых грамадствах і ў розных краінах так шмат гвалту. Нявінныя людзі пакутуюць ад несправядлівасці вайны. Двое нашых братоў зараз знаходзяцца ва Ўсходняе Ўкраіне – у гэты час яны едуць у начным цягніку Запарожжа-Адэса. Пасля Вялікадня мы таксама вернемся ў Ліван. Мы памятаем пра народ Газы, М’янмы, Судана і ДР Конга.
Трывалы мір немагчымы без справядлівасці для ўсіх, асабліва для тых, хто церпіць. Сутыкаючыся з такімі сітуацыямі, мы часта не ведаем, што рабіць, але перабыванне ў маўчанні перад Богам можа быць знакам салідарнасці з гэтымі людзьмі і нашага жадання зрабіць для іх усё магчымае. І хто ведае, магчыма, падчас гэтага маўчання мы атрымаем усведамленне, якое падштурхне нас да канкрэтнага жыцця гэтае салідарнасцю, каб стаць пілігрымамі супакою.
А напрыканцы года тых з вас, каму споўнілася 18 гадоў, сардэчна запрашаем далучыцца да нас у Парыжы і ваколіцах на нашай Еўрапейскай моладзевай Сустрэчы. У гэты Юбілейны год надзеі яна будзе знакам нашага імкнення да міру і братэрства ва ўсёй нашай разнастайнасці.
Многія з вас памятаюць Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне, якія адбыліся амаль два гады таму. У той час папа Францішак сказаў, што “Todos, todos, todos” (“усе, усе, усе”) вітаюцца ў супольнасці, якой з’яўляецца Царква. Зараз ён пачуваецца ненайлепей. Учора я напісаў пантыфіку, кажучы яму, што буду прасіць моладзь, сабраную ў Тэзэ, маліцца за яго здароўе. Такім чынам, няхай наш наступны спеў будзе для папы Францішка і, калі ласка, працягвайце маліцца за яго, калі вы вернецеся дадому.