Падчас Вялікага тыдня на кожнае супольнае малітве мы чулі ўрывак з Евангелля Мукі нашага Пана. Гэта дапамагло нам увайсці ў сузіранне, у глыбейшае разуменне Хрыста, пэўным чынам суправаджаць Яго ў надзвычайных пакутах, якімі былі адзначаны апошнія дні Ягонага жыцця на нашай зямлі.
Наконадні ж, мінулай ноччу, як й у кожную пятніцу ў Тэзэ, мы сабраліся вакол крыжа Езуса. Чаму яго, Езуса, які нікому не ўчыніў зла, пакаралі такой смерцю? Аніводнае тлумачэнне не будзе дастатковым, каб сапраўды адказаць на гэтае пытанне.
Некалькі дзён таму я атрымаў ліст ад сябра, які цяжка хворы. Ён пісаў мне: “Сваім нутром я мушу прыняць пакуты і ўсё больш моцны боль. Але разам з гэтым святым тыднем нам дадзеныя й агеньчыкі ўваскрасення... Заўсёды памятаючы разам пра пакуты і ўваскрасенне, у кожную хвіліну, на кожным кроку...”
Мо, той сябар указвае шлях да пошуку сэнсу ў смерці Езуса? Смерць, якая знаходзіць сваё поўнае ўвасабленне, сваё канчатковае спаўненне ў тым, што наступае, у радасці Ўваскрасення, якая напаўняе сэрцы жанчын і Яго вучняў ля магілы Хрыста.
У гэты дзень Вялікай суботы мы прапануем узгадаць, што такім чынам Хрыстус увайшоў у зло. Там, дзе ўсё супраць супакою і любові, Ён нёс супакой і Божую любоў, нават у абсурднасці гвалту смерці.
А сёння гэта датычыць непасрэдна й нас! Таму што мы бачым, як у свеце дзеецца зло, войны і лютасць, пакуты нявінных. Радасць велікоднага паранка не дазваляе нам забывацца пра зло і пакуты, наадварот, яна дазваляе нам без наіўнасці, але з позіркам надзеі расплюшчыць вочы на зло, якое існуе ў свеце і ў нашым жыцці.
Адзін маладзён сказаў мне: “Ці Бог па-ранейшаму клапоціцца пра свет? Хацелася б яму верыць, але дзе ж ён?” Мушу прызнацца, што ў мяне таксама бываюць сітуацыі, калі я адчуваю гэтыя пытанні, як, напрыклад, падчас нядаўняга знаходжання ва Украіне, дзе мы маліліся ў Бучы ды Ірпіню, гарадах-пакутніках. На гэтыя пытанні, якія часам турбуюць нас, няма простых адказаў: часам трэба захоўваць упэўненасць і трываць, не зважаючы ні на што.
—
Мне здаецца, што сутыкнуўшыся з гэтымі, часам экзістэнцыяльнымі пытаннямі, нараджаецца пільная патрэба: часцей сустракацца, каб маліцца і дзяліцца з іншымі. Менавіта ў гэтым духу мы будзем працягваць Пілігрымку Даверу, асабліва пасля гэтых гадоў, адзначаных пандэміяй.
30 верасня разам з іншымі разнастайнымі царкоўнымі рухамі і супольнасцямі мы сустрэнемся ў Рыме на экуменічным малітоўным чуванні напярэдадні сінадальнага сходу Каталіцкага Касцёла. Таксама й для моладзі, якая пажадае прыехаць менавіта на гэтае мерапрыемства, на працягу выходных будзе арганізавана адмысловая праграма.
Гэта мерапрыемства называецца “Разам | Сход народа Божага”. З гэтае нагоды папа Францішак запрашае братоў і сясцёр з усіх Цэркваў прыехаць тымі днямі ў Рым. Нядаўна пастар, які рыхтуе гэтую сустрэчу разам з шэрагам іншых асоб, сказаў: гэта экуменізм салідарнасці, мы будзем маліцца за Царкву ў важны момант яе гісторыі. Такім чынам, запрашаем усіх да ўдзелу!
Напрыканцы ж года ў нас пройдзе чарговая Еўрапейская сустрэча, у прыгожым горадзе Любляна, сталіцы Славеніі. Сёння тут, разам з намі, прысутнічаюць маладыя людзі з гэтай краіны, якія рыхтуюць для нас усіх цёплы прыём.
—
Заўтра зранку мы будзем вітаць адно аднаго такімі словамі: “Хрыстос уваскрос, сапраўды ўваскрос”, як тое прынята ва Ўсходніх Цэрквах. Гэтыя словы нагадваюць не толькі пра гістарычную падзею ўваскрасення Езуса, але таксама выказваюць нашу надзею адносна сённяшняга й заўтрашняга дня: новае стварэнне, новая зямля, дзе будзе панаваць справядлівасць, магчымыя.
Каб захоўваць і заўсёды нанава адкрываць імпэт гэтае велікоднае веры, мы павінны крочыць з іншымі, размаўляць аб нашай веры з іншымі, аб нашых сумневах, аб тым, як маліцца. Мы таксама павінны дазволіць сабе чэрпаць натхненне з жыццёвых сведчанняў адно аднаго.
Заўтра раніцай наш брат Гіціндзі складзе ў нашай Абшчыне жыццёвыя манаскія зарокі. Пасля некалькіх гадоў падрыхтоўкі ён зробіць крок даверу, скажа Хрысту і нам, сваім братам, пажыццёвае «так». Яго бацькі і брат прыехалі да нас з Кеніі, а іншыя крэўныя далучацца да нас праз жывую трансляцыю.
Крочыць за ўваскрослым Хрыстом можна розным чынам. Але Хрыстус запрашае ўсіх, дзе б мы ні былі, як нашага брата Гіціндзі, даверыцца Яму ды крочыць з Ім да канца жыцця, не азіраючыся назад.
Няхай заўтра заяснее радасць уваскрасення, закране нашыя сэрцы і застанецца з усімі намі ў штодзённым жыцці!
—
Здымак: Francisco Julio / Медыякаманда Тэзэ