TAIZÉ

Візіт братоў у Паўднёвую Амерыку | Вясна 2023

 
На працягу сакавіка, красавіка і траўня 2023 г. браты з Супольнасці наведалі і прынялі ўдзел у малітвах у Чылі, Балівіі, Перу і Бразіліі. Некалькі гадоў ад моманту пасля сустрэч, што сабралі шмат маладзёнаў, або, як у некаторых краінах, пасля некалькіх гадоў ад часу апошніх візітаў, мэтай гэтых паездак было аднаўленне пасля перыяду, адзначанага пандэміяй, сувязяў, якія існуюць паміж Тэзэ і Царквою ў Лацінскае Амерыцы.

У Чылі браты ўдзельнічалі ў малітвах у Сант’яга і Вальенары. У Сант’яга яны таксама наведалі людзей і групы, якія працуюць з моладдзю або ўдзельнічаюць у экуменічным дыялогу на тэрыторыі архідыяцэзіі і ў межах працы Канферэнцыі Біскупаў Каталіцкага Касцёла, а таксама сустрэліся з лідэрамі Лютэранскае Царквы. У Вальенары малітоўная сустрэча сабрала ўдзельнікаў з рэгіёна Атакама.

У Балівіі брат наведаў Эль-Альта, Ла-Пас і Качабамбу. Многія ўдзельнікі моладзевага служэння Каталіцкага Касцёла з гэтых гарадоў прынялі ўдзел у малітвах са спевамі Тэзэ, а таксама ў сустрэчах, падчас якіх была прадстаўлена гісторыя і дзейнасць Абшчыны Тэзэ; акрамя таго таксама была магчымасць падзяліцца разважаннямі над пасланнем брата Алоіса на 2023 год «Духоўнае жыццё і салідарнасць». У Ла-Пасе брат таксама наведаў экуменічны тэалагічны інстытут ISEAT (гішп. Instituto Superior Ecuménico Andino de Teología).

Перуанская Камісія Каталіцкага Касцёла па справах моладзі і свецкіх скіравала запрашэнне паразважаць над магчымасцямі супрацоўніцтва. Некалькі малітваў са спевамі Тэзэ прайшлі ў Ліме і на поўначы краіны, у Чулуканасе і Хаэне. Неўзабаве пасля палітычных і сацыяльных завіраванняў, якія ўзрушылі Перу, сітуацыя ў значнае ступені супакоілася. Тым не меней, здаецца, што многія маладзёны змагаюцца за тое, каб знайсці новую надзею на лепшую будучыню або знайсці спосабы, каб зрабіць свой унёсак у гэтую будучыню. У такім кантэксце ўдзел перуанскае моладзі у сустрэчах Тэзэ або ўдзел братоў Тэзэ ці маладзёнаў, высланых Абшчынаю на сустрэчы ў Перу, можа быць спосабам дапамагчы людзям у іх разважаннях і адкрыцці шляхоў на будучыню.

Вось ужо больш за пяцьдзясят гадоў браты жывуць у Бразіліі і больш за сорак пяць гадоў - на ўскраіне Алагоіньяс ў штаце Баія. Браты з Супольнасці рэгулярна прымаюць удзел у малітвах, якія адбываюцца ў Сальвадоры, праўда цягам некалькіх гадоў яны не наведвалі паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны краіны. Падчас паездкі ў красавіку і траўні два браты наведалі рэгіёны Сан-Паўлу, Курытыбы і Порту-Алегры, адзін жа з братоў працягнуў падарожжа, праехаўшы праз Шапеко, Сан-Жазэ-ду-Рыу-Прэту, Куябу і Ронданаполіс. Яны ўдзельнічалі ў малітвах са спевамі Тэзэ ды сустрэліся з людзьмі, адданымі справе будавання міру і справядлівасці ў грамадстве.

Такім чынам, яны мелі магчымасць пазнаёміцца з рознымі месцамі, дзе хрысціяне праз сваю веру ўдзельнічаюць у дапамозе ўсім, хто жыве на ўзбочыне грамадства: Fazenda da Esperança (парт. Хутар Надзея), месцам заснаваным сорак гадоў таму ў Гуаратынгеце Фрэем Хансам і Нэльсанам Джаванэлі, дзе суправаджаюць нарказалежных на шляху да іх выхаду з залежнасці; Arsenal da Esperança (парт. Арсенал Надзеі) у Сан-Паўлу пад кіраўніцтвам групы Sermig, якая штодзённа прапануе жытло больш чым як тысячы бяздомным; парафію св. Міхала Арханёла айца Хуліа Ланцэлоці ў Сан-Паўлу, якая нясе пастырскае служэнне сярод найбольш уразлівых людзей, што жывуць на вуліцы; дамы для бежанцаў пад апекай айцоў-езуітаў ці Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак святога Карла Барамэя; і ўрэшце абшчыну Bom Pastor (парт. Добры Пастар) на прадмесцях Курытыбы.

Па вечарах браты рэгулярна ўдзельнічалі ў малітвах, якія збіралі разам мужчын і жанчын з розных царкоўных асяродкаў. Некалькі членаў евангелікальных і пяцідзясятніцкіх супольнасцяў казалі, наколькі важным для іх быў удзел у кантэмпляцыйных малітвах. Малітвы і сустрэчы праходзілі ў каталіцкіх касцёлах, англіканскім храме і лютэранскае кірсе. У Сан-Паўлу браты прынялі ўдзел таксама ў міжканфесійнае сустрэчы ў Доме паяднання.

Такім чынам, візіты дапамагалі ствараць або аднаўляць путы сяброўства, а таксама збліжалі тых, хто шукае Бога з розных слаёў грамадства. Адначасова яны падрыхтавалі дарогу для будучых малітваў і моладзевых сустрэч. Гэта ўзмацняе перакананне, што ў свеце, ахопленым сур’ёзнымі праблемамі, давер да Евангелля можа даць пачатак ініцыятывам, якія з’яўляюцца знакам надзеі для ўсіх жыхароў свету.

Апошняе абнаўленне: 9 October 2023