Пэўная палестынская сям’я, якую мы прынялі ў Тэзэ, распавяла, як іх блізкім прыйшлося прайсці пешшу 33 км ад горада Газа да Рафаха пад бамбёжкамі ў пошуках бяспекі. У знак салідарнасці з імі і з ахвярамі вайны з усяго свету мы вырашылі прайсці пешшу нібы пілігрымы супакою з Тэзэ да мястэчка Жыўры, якое знаходзіцца ў 34 км.
33 км таксама нагадваюць нам пра 33 гады, якія Езус пражыў на зямлі, перш чым аддаць сваё жыццё за ўсіх, каб стаць нашым спакоем і знішчыць варожасць, якая раздзяляла народы (Эф 2,13-14); акрамя таго мы ўзгадалі, што паводле талмудычнай традыцыі ў кожным пакаленні ёсць 36 праведнікаў, якія схаваны і нават не ведаюць, што яны належаць да праведнікаў. Свет трымаецца на іх плячах. Наш шпацыр наблізіўся да гэтае лічбы.
Мы таксама хацелі ўзгадаць, што Тэзэ паўстала падчас вайны, што ў тыя першыя гады сфармавалася Абшчына, а брат Ражэ прымаў бежанцаў, некаторыя з якіх былі габрэямі; ужо пасля вызвалення быў наладжаны кантакт з ваеннапалоннымі. Наш шпацыр праходзіў праз дэмаркацыйную лінію, якая да 1942 года аддзяляла свабодную зону ад акупаванае зоны ў Францыі.
Падчас чатырох прыпынкаў-стацый мы выслухалі сведчанні і маліліся, што наблізіла нас да тых, хто пакутуе ў Газе і на Заходнім беразе, да закладнікаў і іх сем’яў, да народа М’янмы, да ахвяр вайны ў Судане і да тых асоб ва Ўкраіне, якія змагаюцца за сваё існаванне. Малітва заступніцтва дапамагала нам таксама маліцца за тых, хто ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў змагаецца за справядлівасць і мір.
Розніца ў працягласці трасы паміж прыпынкамі спрычынілася да таго, што ў шпацыры змаглі прыняць удзел нават людзі сталага ўзросту або з абмежаванымі магчымасцямі.
На пачатку маршу кожны ўдзельнік атрымаў каменьчык з імем чалавека, які пражывае ў зоне канфлікту. Мы былі запрошаныя несці гэтага чалавека з сабой у думках падчас шпацыру і маліцца за яго. Гэтае абяцанне павінна было працягвацца таксама й пасля заканчэння шпацыру.
Ніжэй мы публікуем два сведчанні маладых асобаў, якія ўдзельнічалі ў маршы:
Марцэліна, Польшча
Удзел у маршы ў інтэнцыі супакою быў вельмі хвалюючым досведам. Мы былі разнастайнай групай людзей – братоў, сясцёр, валанцёраў і маладзёнаў, – аб’яднаных адзінай мэтай: маліцца за мір і памятаць пра тых, хто пацярпеў ад вайны. Нягледзячы на фізічныя цяжкасці, звязаныя з праходжаннем 34 кіламетраў, мой дух заставаўся ў бадзёрасці, калі мы дзяліліся гісторыямі, перажываннямі, смехам, малітвамі ці момантамі ціхіх разважанняў. Кожны з нас нёс камень з імем чалавека, закранутага канфліктам. У дарозе я «таварышыла» маладой жанчыне з Газы, якая, як і я цяпер, была валанцёрам у Тэзэ, а зараз спрабуе вывезці сваю сям’ю з зоны ваенных дзеянняў. З кожным крокам яе імя, якое цяжэла ў маёй кішэні, было пастаянным напамінам пра звычайнасць людзей, якія пацярпелі ад вайны, і пра чалавечы кошт канфліктаў. Штодня я задаюся пытаннем: як мне рэагаваць на пакуты ўсіх тых людзей, якія трапілі пад перакрыжаваны агонь лютасці. Тым не менш, марш стаў яскравым адказам на тое, што перад абліччам працяглых канфліктаў ёсць моц, калі мы збіраемся разам дзеля малітвы, застаючыся напоўненымі сталай надзеяй і верай.
Флорыян, Нямеччына
Спадзяючыся спакойнага шпацыру з іншымі, гэтая пілігрымка міру аказалася надзіва кранальнай. Па дарозе зачытваліся розныя гісторыі і сітуацыі, якія заставаліся ў разважаннях і гутарках. Кожны атрымаў просты камень, але з імем канкрэтнага чалавека, які знаходзіўся ў стане рызыка, каб ён суправаджаў яго на працягу доўгага шляху. Гэта дазволіла злучыцца з гэтымі людзьмі яшчэ глыбей. Убачыць усе гэтыя гісторыі і людзей, якіх мы неслі на апошнюю малітву ў пункт прызначэння, было прыгожай сцэнай, вартай намаганняў.
Як кожны з нас можа стаць пілігрымам супакою, прыслухоўваючыся да галасоў ахвяр вайны і ўзброеных канфліктаў?
Малітва
Перад маршам, раніцай чацвярга 7 сакавіка ў Храме Паяднання, брат Мэцью прамовіў гэтую малітву:
Верны Божа, Божа пілігрым, Ты заўсёды крочыш наперадзе нас. Будзь прысутны з усімі намі на працягу гэтага дня, калі мы падарожнічаем ідучы, молячыся або разважаючы. Дзе б мы ні былі, на сцежках, у храмах ці ў нашых пакоях, менавіта ты будзеш гаварыць з намі праз сведчанні, якія мы пачуем. Адкрый нашыя сэрцы, каб пачуць плач нявінных, якія пакутуюць ад вайны, з якой яны сутыкнуліся. Спашлі Твайго Святога Духа, каб ён суправаджаў нас і нагадваў нам, што Твой Сын, Езус Хрыстус, ёсць нашым спакоем. Праз яго ты заўсёды будзеш дабраслаўляць нам. Учыні з нас пілігрымаў супакою.