Менск
"Было вельмі важна ізноў наведаць праваслаўных і каталікоў у Менску. У прыходзе ’Ўсіх тужлівых Радасце’ нядзельнае раніцаю я ўдзельнічаў у праваслаўнае літургіі адразу ў першы дзень майго побыту, пасля чаго мы сустрэліся са святарамі і праваслаўнымі маладзёнамі, што рыхтуюцца да паездкі ў Рыгу.
Наступнага дня цягам палутара гадзінаў у мяне была магчымасць сустрэцца з праваслаўнымі студэнтамі Інстытуту тэалогіі ў Менску. Іх пытанні пра Тэзэ, жыццё Брата Ражэ і аспекты еднасці былі вельмі глыбокімі.
Цешуся, што я змог наведаць Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Прадстаяцеля Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама новапрызначанага апостальскага нунцыя ў Менску Мансіньёра Габара Пінтэра. У латвійскае амбасадзе ў Менску ў нас была магчымасць паразмаўляць пра важныя пытанні што да візаў для беларускіх маладзёнаў, якія рыхтуюцца да наступнае Еўрапейскае Сустрэчы.
Урэшце мушу сказаць пра цудоўную ініцыятыву: цешуся паведаміць пра тое, што двое ўкраінскіх маладзёнаў з Кіеву прыехалі на сустрэчу ў Менск. У сваю чаргу, двое маладзёнаў з Беларусі наведалі Кіеў два тыдні пазней з нагоды візіту брата ва Ўкраіну.
Гомель
З Гомелю, другога па вялічыні горада рэспублікі, у Тэзэ некалькі гадоў таму прыязджала група манахаў; адзін з іх падзяліўся сваімі ўражаннямі пра жыццё ў Супольнасці цягам месяцу, якое ён дасведчыў некалькі гадоў таму. Там была запланаваная вельмі змястоўная праграма, уключна з цудоўнаю сустрэчаю ў галоўнае бібліятэцы, якую падрыхтаваў адзін з тых манахаў, Айцец Сава, які апроч таго вядзе штотыднёвую тэлеперадачу, прысвечаную пытанням веры і духоўнасці.
Там, як дарэчы й паўсюль, я дасведчыў гасціннасці, якую шматлікія маладзёны аказвалі мне пад час этапу Пілігрымкі Даверу на Зямлі. Там мне пашчасціла затрымацца ў гомельскае сям’і, сын з якой быў у Тэзэ мінулым летам. Гэта быў цудоўны момант дзялення жыццём і радасцю.
Гародня
Візіт у Гародні быў досыць кароткі - толькі некалькі гадзінаў, - але я быў вельмі ўзрадаваны, што мог наведаць гарадскую сінагогу ды сустрэцца з прадстаўнікамі габрэйскае суполкі, якія займаюцца захаваннем памяці пра трагедыю, ахвярамі якой цягам мінулага стагоддзя яны былі.
Увечары ў каталіцкім касцёле Св. Брыгіты на малітву сабралося багата маладзёнаў. Пад час сустрэчы быў дэманстраваны фільм пра маючую адбыцца ў Рызе Сустрэчу, што спавадавала шэраг пытанняў і рэфлексій.
Браслаў
Сёлета я першы раз быў у Браславе, што знаходзіцца на паўночным ускрайку краіны, некалькі кіламетраў ад латвійскае мяжы. Сапраўды, аўтобус з Менску, якім я прыехаў у Браслаў, далей шыбаваў у бок Рыгі, будучы свайго кшталту абвесткаю пра маючае адбыцца там спатканне.
Маладыя каталікі з усяго наваколля былі запрошаныя на малітву і сусрэчу, пасля якой адбыўся супольны пасілак за вялікім сталом. Некаторыя з іх паканалі больш за 100 кіламетраў, каб узяць удзел у вечаровым спатканні, што, безумоўна, было вельмі кранальным. Багата хто з іх таксама рыхтуецца да Сустрэчы ў Рызе напрыканцы года: і сапраўды, упершыню так вялікая міжнародная сустрэча маладых хрысціянаў адбудзецца так блізка дому.
Баранавічы
Па дарозе да наступнага этапу маёй пілігрымкі ва Ўкраіне, я спыніўся на некалькі гадзінаў у Баранавічах, на поўдні краіны. Я змог узяць удзел у праваслаўных нешпорах вечарам суботы. Той момант стаў чарговаю магчымасцю дасведчыць цудоўную беларускую гасціннасць пад час вечаровага пасілку.
Яшчэ наконадні раніцаю той візіт не планваўся. Я часцяком бачу, што калі-некалі зусім безпадстаўна перавыконваць план, прадбачачы нешта, калі з’яўляюцца неспадзяваныя і нечаканыя сустрэчы, арганізаваныя ў апошні момант і насамрэч поўныя сапраўднае радасці.
Паўсюль гасціна беларускіх хрысціянаў была вельмі цёплаю. Што пераканаўча сведчыць пра тое, наколькі Пілігрымка Даверу спрычынілася да падбадзёрвання іх у іх жа ўласнае пілігрымцы веры".
Сустрэча з праваслаўнае моладдзю ў Менску