TAIZÉ

Еўрапейская сустрэча ў Турыне | Ліпень 2022 г.

Разважанні брата Алоіса

 
З 7 па 10 ліпеня ў італьянскім Турыне адбыўся другі этап Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы 2022 г. Штовечар брат Алоіс звяртаўся да сабраных маладзёнаў са словамі разважанняў. Ніжэй мы публікуем тэксты гэтых прамоваў прыёра Тэзэ.

Чацвер, 7 ліпеня

Сёння вечарам вельмі ўсцешна быць тут, у Турыне, падчас гэтага новага этапу Пілігрымкі Даверу на Зямлі, Еўрапейскае сустрэчы, якая праходзіць у незвычайны час.

З-за пандэміі нашы планы былі парушаныя. Два гады запар Еўрапейская сустрэча не магла адбыцца так, як нам бы таго хацелася. Такім чынам, разам з кіраўнікамі мясцовых Цэркваў мы хацелі запрасіць вас прыехаць у Турын зараз, таму прысутнасць маладых людзей з Еўропы з’яўляецца добраю навіною, з нагоды якой мы вельмі цешымся - адна з моладзевых груп прыехала ажно з Егіпта! Іх мне б хацелася павітаць іх асаблівым чынам.

Гэтая Еўрапейская сустрэча стала магчымаю дзякуючы запрашэнню Цэркваў, падтрымцы горада і рэгіёна, прыхільнасці маладых валанцёраў і, безумоўна, даверу людзей, якія прымаюць вас у сваіх дамах. Усім вам ад усяго сэрца дзякую!

На працягу гэтага года ў Тэзэ ды ў іншых месцах мы разважаем над шасцю прапановамі «Становячыся стваральнікамі адзінства». Ва ўсім, што раздзірае наша чалавецтва, перад абліччам жудасных наступстваў вайны і лютасці, нам бы хацелася зрабіць усё магчымае, каб разам засведчыць, што мы патрэбны адно аднаму.

Наш час — перыяд парадаксальных рэалій. З аднаго боку, чалавецтва ўсё больш выразна ўсведамляе, што яно ўзаемазвязана і звязана з усім стварэннем. Пандэмія зноў нам пра тое прыгадала: мы адна чалавечая сям’я, мы супольна перажываем пэўныя выпрабаванні, і толькі разам можам іх пераадолець.

Становіцца ўсё больш відавочным, што заклік жыць нібы браты і сёстры пасярод людзей адначасова вядзе нас да клопату пра стварэнне: мы не зможам паўнавартасна жыць гэтымі адносінамі паміж сабой, калі працягнем наносіць шкоду нашае цудоўнае планеце.

Больш за тое, палярызацыя паглыбляецца на сацыяльным, палітычным і этычным узроўнях, выклікаючы новыя расколы ў грамадствах, паміж краінамі, а нават у сем’ях. Гэтыя антаганізмы не абмінулі й хрысціянаў. Паміж Цэрквамі, а таксама ўнутры іх узмацняюцца адрозненні, ператвараючыся ў падзелы, у той самы час жыццёва важным было б нашае сведчанне адзінства ў разнастайнасці.

Ва ўрыўку з Паслання да Рымлянаў, які мы чулі раней, апостал Павел гаворыць пра Царкву як пра цела ў еднасці з Хрыстом. Сапраўды, у Царкве мы прагнем быць з’яднанымі адно з адным, як часткі аднаго цела. А ў гэтым целе еднасць ідзе поруч з вялікае разнастайнасцю дароў. Я вярнуся да гэтага моманту ў заўтрашнім вечаровым разважанні.

Пасля гэтае першае вечаровае малітвы вы вернецеся да прымаючых сем’яў або абшчын. Радуймася ж, што для нас адчыняюцца дзверы! Гэта так важна, што ў нашых грамадствах, часта пазначаных узростам недаверу, мы маем просты вопыт даверу.


Пятніца, 8 ліпеня

Сёння раніцай у малых групах вы разам разважалі пра еднасць чалавечае сям’і і задумваліся над наступным пытаннем: “Ці маглі б мы звяртацца больш да іншых людзей, нават да тых, да каго мы б не звярнуліся адмыслова?”

Тое, што тычыцца чалавечых адносін, сацыяльнага сяброўства, якое можа існаваць паміж, здавалася б, вельмі рознымі людзьмі, таксама вельмі важна для Царквы. Сапраўды, мы можам перадаваць святло Хрыста толькі разам. Якім чынам мы можам быць верагоднымі, распавядаючы пра Божую любоў, калі мы застаемся падзеленымі на розныя канфесіі?

Наш пошук прымірэння караніцца ў падыходзе Бога да нас і палягае на ўзаемным абмене дарамі. Праз такі абмен дарамі мы можам адкрыць для сябе лепшае, што Бог уклаў у іншых, і навучыцца супольна рабіць усё тое, што можам, не робячы нічога таго, што грэбуе іншымі.

Гэта становіцца магчымым, калі мы больш молімся разам. Часцейшыя сустрэчы з мэтаю малітоўнага чування — гэта ўжо спосаб дазволіць Святому Духу аб’яднаць нас.

Я ўзгадваю з часоў візіту ў Кітай вельмі моцнае сведчанне 80-гадовага пратэстанцкага пастара. Ён правёў 27 гадоў у працоўных лагерах, спачатку ў турме, а потым у далёкай ссылцы. “У гэтым лагеры, — казаў ён нам, — мы былі разам з хрысціянамі іншых канфесій; былі пастары, святары, біскуп”. Потым ён узняўся і рашуча сказаў: “Я ведаю, што ёсць толькі адно цела Хрыста, у ім мы аб’яднаныя, я спазнаў гэта”. Тое сведчанне ніколі не пакідае мяне.

Яшчэ адзін эпізод еднасці, пра які мне б хацелася вам распавесці, гэта сустрэча моладзі, якая адбылася гэтае вясною у Сірыі, у паўразбураным горадзе Хомс. У ёй прынялі ўдзел 700 маладзёнаў з усяе Сірыі з розных Цэркваў. На жаль, мы, браты, не змаглі прысутнічаць, але мы далучыліся да іх у малітве. Гэтыя маладыя людзі нясуць нам пасланне надзеі: яны жадаюць аднавіць сваю краіну не толькі матэрыяльна, але і шляхам аднаўлення даверу да іншых, які быў знішчаны. І гэтае сведчанне еднасці набывае вялікую моц.

Сапраўды, менавіта еднасць між намі надае давер Евангеллю; дзякуючы гэтае еднасці мы можам стаць знакам, які ззяе нават у самых складаных сітуацыях. Нават калі так часта здаецца, што гвалт вядзе прым, у той час, калі наш еўрапейскі кантынент зноў раздзіраецца вайною на сваёй зямлі.

Каб мець надзею на ўмацаванне міру паміж народамі, не дапускайма ж, каб паміж намі працягваліся падзелы, атрыманыя намі ў спадчыну з мінулага. Шукайма бачнае еднасці Царквы! Гэта будзе актуальным сведчаннем пасярод падзелаў і палярызацыі нашага часу.

Калі мы адкрываем, што камунія з Богам — гэта абмен, мы лепш разумеем, што прымірэнне — гэта не толькі адно з вымярэнняў Евангелля, але яго сэрца. Гэта ўзаемны давер паміж Богам і людзьмі, які адноўлены Хрыстом. Менавіта тое змяняе чалавечыя адносіны.

Тыя, каго Бог з сабою прымірае, тых пасылае ў свет. Хрыстос робіць нас пасламі прымірэння ў свеце, таму што Хрыстос хоча прымірыць усё чалавецтва. Хрыстос просіць, каб «усе» былі адно: гэты дар не зарэзерваваны для нешматлікіх, ён прапанаваны ўсім, хто носіць імя Хрыстовае, і прызначаны для ўсіх людзей.


Субота, 9 ліпеня

Гэты вечар я хацеў бы пачаць з прывітання жыхароў Турына, якія прыйшлі памаліцца з намі ў гэтым цудоўным касцёле св. Філіпа Нэры, а таксама ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў нашае супольнае малітве online у сацыяльных сетках, як тое адбываецца штосуботы ўвечары праз трансляцыю з Тэзэ.

У гэтыя дні мы перажываем у Турыне вопыт еднасці, якая закаранёная ў Божае любові, аб’яўленай нам праз жыццё, крыж і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Гэтым вечарам падчас малітоўнага чування, якое прапануецца вам здзейсніць вандроўным чынам у цэнтры горада, мы зможам узгадаць яго ў малітве каля Святой Плашчаніцы.

Плашчаніца нагадвае нам, што ў цэнтры нашае веры знаходзяцца крыж і ўваскрасенне Езуса. Нянавісць, гвалт і смерць не маюць больш апошняга слова. Там, дзе ёсць падзелы, разлукі, слёзы, мы можам імкнуцца быць стваральнікамі міру, прымірэння і еднасці.

Але якім чынам мы можам засведчыць аб надзеі на ўваскрасенне? Мы становімся сведкамі любові Хрыста да кожнага чалавека не на словах, але жыццём. Сваім уваскрасеннем Хрыстос пабудаваў мост паміж смерцю і жыццём, паміж адчаем і надзеяй. Гэты мост, адкрыты Хрыстом Езусам, вядзе за межы смерці, за межы гвалту.

Мы шмат разважаем пра гэта цягам гэтых дзён, калі сустракаемся тут, у Турыне, з украінскае моладдзю, якая змагла прыехаць, каб прыняць удзел у Сустрэчы, нягледзячы на ​​трагедыю вайны і яе пакуты. Некаторыя з іх жывуць у іншых еўрапейскіх краінах, а некаторыя, магчыма, прыехалі з Кіева і Львова.

Яшчэ раз прагну прывітаць групу з Егіпта і моладзь з-за межаў еўрапейскага кантынента. Іх прысутнасць нагадвае нам, што досвед еднасці, які мы перажываем у гэтыя дні, выходзіць па-за ўсялякія межы.

У наступныя месяцы Пілігрымка Даверу працягнецца ў розных месцах. Усіх вас мы запрашаем да Тэзэ як летам, так і на працягу ўсяго года. На наступным тыдні ў нас адбудзецца сяброўская сустрэча хрысціянскае і мусульманскае моладзі.

З 21 па 28 жніўня маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў збяруцца ў Тэзэ на адмысловы тыдзень, які будзе ўключаць спецыяльнаю праграму для жадаючых, прысвечанаю ахове біяразнастайнасці.

А потым, напрыканцы года, у нас адбудзецца чарговая Еўрапейская сустрэча. Яна пройдзе ў нямецкім Ростаку, на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, у рэгіёне, дзе нас доўга чакаюць: розныя хрысціянскія Цэрквы і цывільныя ўлады запрашаюць нас туды, рыхтуючы цёплы прыём.

Гэтая «Пілігрымка Даверу», з прыпынкамі ў розных месцах свету, нагадвае нам, што па сваёй сутнасці мы з’яўляемся пілігрымамі: падобна да Езуса — наша радзіма не з гэтага свету.

Гэтая інтуіцыя прысутнічала ўжо ў першыя дні хрысціянства, калі хрысціяне ўсведамлялі, што яны з’яўляюцца «душой свету». Як засведчыў пэўны аўтар з канца другога стагоддзя, хрысціяне «праводзілі сваё жыццё на зямлі, але былі жыхарамі Неба» (Пасланне да Дыягнета, гл. 9).

Аднак гэтая Пілігрымка Даверу сапраўды адбываецца на Зямлі… на гэтае Зямлі, дзе мы жывём і на якой мы пакліканы выкарыстоўваць нашу свабоду і выконваць свае абавязкі. З гэтае нагоды кожны з нас можа знайсці час, каб спытаць сябе: якім чынам па вяртанні дадому працягваць канкрэтнае заангажаванне ў служэнне іншым? Дзе на мяне чакае Бог?

Часам мы адчуваем яго прысутнасць, але не заўсёды. Давяраючы яму, мы прымаем яго. Нябачна Ён набліжаецца да кожнага з нас і дае нам новае жыццё, якім з’яўляецца любоў; любоў, мацнейшую за смерць і зло.

У добры шлях, поспехаў кожнаму з вас.

Апошняе абнаўленне: 15 July 2022